У Мінску адзначылі 125-годдзе з дня народзінаў Казіміра Сваяка

Вечарам 23 лютага ў Мінску, у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адзначылі 125-годдзе з дня народзінаў выбітнага беларускага паэта, рэлігійнага і грамадскага дзеяча Казіміра Сваяка.



kazimir_svajak_logo.jpg

Казімір Сваяк (Канстанцін Стэповіч, 24.02.1890, вёска Барані Свянцянскага павета Віленскай губерні, цяпер Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці — 06.05.1926, Вільня)

Будучы паэт-святар Казімір Сваяк нарадзіўся ў сям’і лесніка Мацея Стэповіча, у сядзібе, дзе пасля рэстаўрацыі ў кастрычніку 2010 года адкрылася экспазіцыя “Дом Казіміра Сваяка” — Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея ў вёсцы Барані.

Пасля заканчэння Віленскай духоўнай семінарыі юнак быў пасвячоны ў святара, служыў спачатку ў парафіі Камаі (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці), а затым два гады (1915–1916) падчас Першай сусветнай вайны, калі тэрыторыя Беларусі была акупавана нямецкімі войскамі, — у роднай парафіі Клюшчаны, што цяпер на Астравеччыне. Менавіта тут, у сваёй роднай вёсцы малады святар разгарнуў актыўную рэлігійна-нацыянальную дзейнасць: праводзіў беларускамоўныя набажэнствы і казанні, стварыў сем беларускіх школ, беларускія настаўніцкія курсы і драматычны гурток. Малады святар, які валодаў добрым слыхам і лірычным тэнарам, цудоўна граў на скрыпцы, а смычком дырыжыраваў, арганізаваў касцёльны хор, з якім развучваў не толькі рэлігійныя, але і беларускія народныя песні. Апроч таго, Казімір Сваяк утварыў нелегальны гурток “Хаўрус Сваякоў”, галоўнай задачай якога з'яўлялася самаадукацыя на аснове хрысціянскай этыкі. Удзельнікі гуртка рыхтавалі і чыталі рэфераты, ладзілі канцэртна-дэкламацыйныя сходы, арганізоўвалі прадстаўленні (для пастаноўкі выкарыстоўваліся найчасцей п'есы самага святара) і народныя бібліятэкі.

У 1916 годзе паэт-святар быў пераведзены касцёльнымі ўладамі ў вёску Карыцін каля Беластока, дзе таксама спрабаваў увесці беларускую мову ў касцёле, але гэта было адразу забаронена мясцовым пробашчам. У 1920 годзе служыў пробашчам ў вёсцы Засвір, што на Мядзельшчыне (цяпер Мінская вобласць), у напаўразбуранай кармяліцкай святыні, пераробленай пасля паўстання 1863 года ў праваслаўную царкву. Казімір Сваяк стаў першым пробашчам пасля аднаўлення касцёла, тоўстыя і вільготныя сцены якога былі шкоднымі для яго здароўя. З-за даносу нядобразычліўцаў хутка паэту-святару было забаронена служыць на беларускай мове, нават уладамі быў учынены вобыск з мэтай знайсці беларускамоўную літаратуру. 

Гэты незвычайны чалавек памёр ад сухотаў маладым — на 37-м годзе жыцця, пахаваны на могілках Роса ў Вільні. Пісаў вершы па-беларуску, пры жыцці выдаў зборнік глыбока рэлігійнай і паэтычнай лірыкі "Мая ліра" (1924), п'есу "Янка Канцавы" (1920). Пасля смерці выйшла фантазія-містэрыя "Купалле" (1930), дзённік "Дзея маёй душы" (1932), малітоўнік для беларусаў-каталікоў "Голас душы".

svajak_jub_lej_1_logo.jpg

Вечарыну адкрыў старшыня ТБМ Алег Трусаў

Удзельнікі вечарыны назвалі Казіміра Сваяка “пакутнікам за веру і беларускі народ, які асэнсоўваў лёс беларускага народа ў кантэксце біблейскай гісторыі і рабіў сваю справу з народам для Бога”.

svajak_ju2_logo.jpg

Выступае Адам Мальдзіс

На думку доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса, разам з постацямі заснавальніка мінскага Чырвонага касцёлу Эдварда Вайніловіча, беларускага першадрукара Францішка Скарыны і каралевы польскай, заснавальніцы дынастыі Ягелонаў Соф’і Гальшанскай асоба Казіміра Сваяка заслугоўвае кананізацыі.

svajak_jub_lej_6_logo.jpg

Прамаўляе Алесь Цыркуноў

svajak_jub_lej_5_logo.jpg

 Трыпціх Алеся Цыркунова — прысвячэнне Казіміру Сваяк

Падчас вечарыны прагучалі вершы Казіміра Сваяка, дэманстраваўся слайд-фільм пра ягонае жыццё, экспанаваліся творы вядомага беларускага мастака Алеся Цыркунова, прысвечаныя нашаму выбітнаму земляку. Дарэчы, менавіта высілкамі Алеся Цыркунова была арганізаваная гэтая вечарына.

svajak_jub_lej_3_logo.jpg

svajak_jub_lej_4_logo.jpg

Удзельнікі вечарыны

 

Фота Марата Гаравога