Сумная перспектыва беларускіх гаворак на Беласточчыне

Яшчэ два дзясяткі гадоў таму ў штодзённым жыцці жыхары Сакольшчыны на Падляшшы размаўлялі на так званай “простай мове”, мясцовым дыялекце беларускай мовы.  



img_1635_670x420.jpg

Сёння гэтая мова памірае разам са старэйшым пакаленнем.

„Я вывучыў “простую мову” на родным панадворку ў Саколцы і не меў свядомасці, што гэта за мова”, — кажа малады пісьменнік і паэт з Саколкі, Эдвард Гарштыньскі:

— Напачатку я наогул не ведаў, што гэта беларуская мова. Толькі думаў — нашая сакальская, якісь дыялект польскай мовы. Пазней, калі я прыехаў да Беластоку, альбо на БАСы, то вельмі здзівіўся: чаму я ўсё разумею, што яны гавораць. Я ніколі не вучыўся беларускай мове. У вёсачках яшчэ гавораць, але не з чужымі — паміж сабою. А ў Саколцы амаль забылі. Ёсць нейкія комплексы, што гэта горшая мова — мужыцкая. Кожная мова — мужыцкая.

 На сённяшні дзень беларускую мову як родную вывучаюць два дзясяткі дзяцей у Бабіках і Шудзялаве. Спробы ўвесці навучанне роднай мовы ў Крынках і Саколцы не былі паспяховымі.

Лёс “простай мовы” ужо вызначаны, мяркуе Юліта Сцепанюк, карані якой паходзяць з ваколіц Крынак:

— Памятаем, калі слухаем беларускую музыку з маімі сябрамі, якія ніколі не гаварылі па-беларуску. У іх ёсць сантымент — слёзка ў вачах. Людзі будуць памятаць, але, на жаль, не будуць гаварыць.

Паводле перапісу насельніцтва 1897 году 90% жыхароў Сакольскага павету карысталіся штодня беларускай мовай.

У апошнім перапісе насельніцтва — 2011 году — на Сакольшчыне афіцыйна паведамляецца пра дзве тысячы асобаў, якія назвалі роднай мовай беларускую, “мову простую”, ці “беларуска-польскую гаворку”.

 Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя