У Мінску пісалі VIII Агульнацыянальную дыктоўку
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пісалі VIII Агульнанацыянальную дыктоўку, якую правяла першы намеснік старшыні ТБМ, вядомая беларуская грамадская дзяячка і мовазнаўца Алена Анісім.

У якасці тэксту для дыктоўкі быў выбраны верш Генадзя Бураўкіна “Я не ганю землі чужыя”. І гэта невыпадкова, бо Генадзь Мікалаевіч Бураўкін у свой час узначальваў ТБМ і нядаўна адышоў ад нас у лепшы свет. У памяць пра яго і ў знак удзячнасці за тое, што ён зрабіў для Беларусі, і быў прапанаваны тэкст “Песні аб Радзіме”, пакладзены на музыку былым салістам ансамбля “Песняры” Леанідам Барткевічам у 1979 годзе.

Пасля дыктоўкі яе ўдзельнікі праспавялі “Песню аб Радзіме”, якая раскрывае любоў да сваёй Бацькаўшчыны і павагу да краёў іншых, а затым у якасці сувеніраў атрымалі закладкі для кніг з беларускім нацыянальным арнаментам, а таксама кішэнныя, настольныя і насценныя беларускія календары, прысвечаныя выбітным дзеячам нацыянальнай культуры і выдадзеныя ТБМ.

Падчас дыктоўкі
У гэтым годзе ўдзельнікам дыктоўкі былі прапанаваныя яшчэ два тэксты. Першы — прадмова да зборніка першага адраджэнца беларускай мовы ў грамадстве і народнага заступніка Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская”. Апошнія радкі гэтага вядомага тэксту вельмі прарочыя: “Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...” І сённяшнія рэаліі вельмі пацвярджаюць сапраўднасць, праўдзівасць і актуальнасць гэтай думкі Францішка Багушэвіча.
Другі прапанаваны тэкст — верш “Бацьку” народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна. І гэты тэкст таксама невыпадковы, бо сёлета адзначаецца 80-годдзе нашага слыннага паэта, які падхапіў заклік Францішка Багушэвіча ў ягонай прадмове да “Дудкі беларускай”: “А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!”. Верш “Бацьку” выбраны таму, што напярэдадні 70-годдзя перамогі ў ім выказана боль многіх пакаленняў беларусаў, якія страцілі ў Другой сусветнай вайне сваіх родных і блізкіх.
Адметнасцю сённяшняй дыктоўкі Алена Анісім назвала тое, што яе ўдзельнікам былі зачытаныя ўсе тры тэксты. “Зроблена гэта было таму, каб нагадаць, што ў беларусаў багатая літаратура, якая жыве не адно стагоддзе, якая жыла і жыць будзе, што ў нас шмат людзей, якія пісалі на беларускай мове і сваімі творамі ўславілі яе на векі вечныя. І дзякуючы гэтаму, мы самі можам чэрпаць энергію з гэтага беларускага неўміручага слова”, — падкрэсліла Алена Анісім.

Мікола Бамбіза
У інтэрв'ю карэспандэнту НЧ удзельнік дыктоўкі, грамадскі актывіст Мікола Бамбіза заявіў, што беларусы павінны пазначыць сваю Бацькаўшчыну сваёй роднай матчынай мовай, інакш любы можа сказаць: "А вы тут не жывеце, вы тут нічые!". На яго думку, беларуская мова дае магчымасць зразумець чалавеку, што ён сапраўды беларус, а таксама дазваляе кожнаму беларусу аднавіць сваю нацыянальную годнасць. “Беларуская мова з’яўляецца кодам роднай культуры, і калі беларус не размаўляе на роднай мове, ён не аднаўляе гэты код і не разумее беларускія праблемы”, — падкрэсліў Мікола Бамбіза.
На ягонае меркаванне, у гэтым выпадку незалежна ад свайго жадання беларус будзе носьбітам чужой ментальнасці. Вось чаму, паводле ягоных словаў, беларусы павінны не ленавацца і вучыць сваю родную мову.
Мікола Бамбіза лічыць, што паколькі родная мова з’яўляецца галоўным чыннікам нацыі, Дзень роднай мовы ў Беларусі павінен быць вялікім агульнанацыянальным святам, ўрачыста і шырока адзначацца на дзяржаўным узроўні. І гэта вельмі важна для выхавання пачуцця патрыятызму, бо калі чалавек любіць сваю родную мову, ен любіць і сваю Радзіму, зазначыў Мікола Бамбіза.

Фота аўтара