Уладзіслаў Сыракомля. Паэт «Вясны народаў»
Сёлета ў верасні спаўняецца 200 гадоў выбітнаму творму, якога шануюць беларусы, літоўцы і палякі, — Уладзіславу Сыракомлю. Пра тое, наколькі важная для нас гэтая асоба, піша на «НН» Алесь Белы.
Да самога дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі (сапр. Людвік Кандратовіч) яшчэ паўгода часу (29 верасня). Але ўжо цяпер хочацца задаць настрой на нешматлікія ў сённяшняй Беларусі — дзе апантана выкараняецца ўсё нярускае — памятныя імпрэзы. І заклікаць усіх неабыякавых да рэфлексіі з нагоды юбілею. А зрабіць гэта найлепш менавіта вясной. Бо гэты сезон адыгрываў найбольшую ролю ва ўспрыняцці свету паэтам-рамантыкам.
Напісана пра Сыракомлю ў нас быццам бы не так і мала, аднак зусім нельга сказаць, што яго добра ведае ў Беларусі паспаліты люд. Ну, такое… можа, нейкі эрудыт працытуе адзін-два энцыклапедычныя радкі і набор універсальных штампаў. Кшталту «выбітны дзеяч, асветнік, збіраў фальклор» і г. д. З гэтых дзяжурных рэплік зусім не бачныя ані жывы чалавек, ані творчая асоба. Дык чым жа ён важны для нас сёння, у век серыялаў і кліпавага мыслення?
Пясняр Літвы, паэт «Вясны народаў»
Па-першае, Сыракомля быў палымяным песняром Літвы. Як паэт ён, безумоўна, меў адчувальна меншага маштабу талент, чым Адам Міцкевіч, але, у адрозненне ад Міцкевіча, ён не выехаў у эміграцыю, а жыў, пакутаваў і памёр на радзіме. Сыракомлеў вобраз Літвы, у адрозненне ад міцкевічаўскага, не прызначаны «на экспарт». Ён вонкава менш бліскучы, але больш надзённы.
Сыракомлеў апантаны гімн радзіме з паэмы «Высакародны Ян Дубарог» — не менш кранальны і ўрачысты, чым «Літва, мая айчына» Міцкевіча.
Святая Літва мая, край наш, айчына!
То жоўты пясок, то лугоў зеляніна…
Няма ў нас такіх ні нябёсаў, ні сонца,
Як недзе ў краінах гельветаў, аўзонцаў,
Дзе рай на зямлі, дзе арыкі — як дзіва,
Дзе вечназялёныя мірт і аліва,
Дзе горы — пад неба, не нашы Панары,
Дзе ў кветках раскошных пад сонцам абшары.
Тут трэба сказаць адкрыта, што Літва і Міцкевіча, і Сыракомлі зусім не тоесная сучаснай Беларусі, як думаюць многія. Гэта гістарычная Літва, па Нёмане і Віліі «ад вытокаў да вусця» — то-бок, сучасная Літоўская Рэспубліка і Паўночна-Заходняя Беларусь, гэтак званая «Вейшнорыя».
Слуцк як цэнтр павета, дзе ён нарадзіўся. Наваградак і Нясвіж, дзе вучыўся і ўступіў у самастойнае жыццё. Мінск — як сталіца яго роднай «правінцыі» (куды, у прыватнасці, ездзіў па загранпашпарт). Гэтыя гарады гэтаксама блізкія яго сэрцу, як сталічная Вільня, Коўна і Трокі.
Далей на ўсход за Мінск і Слуцк паэт ніколі не бываў, не зазірала туды і яго паэтычнае ўяўленне. Яму хапала матэрыялу для рэфлексіі і дома. Гэты край ён ведаў, любіў і разумеў, і гатовы быў пазнаваць і асэнсоўваць у сваёй творчасці бясконца.
Чужымі і невядомымі, у адрозненне ад Міцкевіча, былі для Сыракомлі абедзве расійскія сталіцы.
На захадзе Еўропы ў гэты час поўным ходам фармаваліся мадэрныя, буржуазныя нацыі, тэхнічны прагрэс імкліва змяняў побыт, актыўна пісалі Дзікенс, Гюго, Бальзак, Андэрсэн, а ў скутай льдом Расійскай імперыі жандары не пакідалі шанцаў на дэмакратычныя перамены. У Сыракомлі, што асабліва відаць пры яго супастаўленні з Міцкевічам, нараджаецца блізкае нам сёння светаадчуванне рэалістычнасці і трагізму ўсяго, што адбываецца навокал.
На гэтым палягае агульная элегічная танальнасць яго паэзіі.
Заслуга Сыракомлі перад беларускай мовай — велізарная, хаця ён напісаў на ёй толькі адзін верш. (Ну, можа быць, два — пра гэта скажу ў канцы артыкула.) Затое які! 25-гадовым паэт стварыў «Добрыя весці». Гэта быў 1848 год, па Еўропе пракацілася хваля нацыянальна-дэмакратычных рэвалюцый. Пазней у гісторыю яны войдуць пад назвай «Вясна народаў». І ў гэтым абсалютна шэдэўральным вершы першы раз па-беларуску прагучала праграма пабудовы ўсесаслоўнага, буржуазна-дэмакратычнага, нацыянальнага грамадства:
I панская дзецка, і хамская юха
3 аднэй кватэркі папіваюць мёд:
I прысягнулі навек, да абуха,
Быць сабе вольны і роўны народ.
Мужык і шляхціц засядзе на лаве,
Каб весці раду а сваей зямлі.
Як трэба думаць а грамадскай справе,
На адно мейсца, як браты прыйшлі —
А як урадзім вайну на грамадзе,
Бараніць дзеткі, і зямлю, і дом,
Мужык і шляхціц на каня усядзе
Касіць касою, рубаць тапаром!
Ёсць шаблон, паводле якога ствараюцца нацыі еўрапейскага тыпу. Яго можна ў некаторай ступені мадыфікаваць, але нельга кардынальна перайначыць. Інакш атрымаецца не нацыя, а нешта іншае. Асноўнае ў гэтым шаблоне — гэта тое, што правы і веды былой «панскай» эліты, якія яна назапашвала шмат стагоддзяў толькі для сябе, перастаюць быць іх манаполіяй і хаця б фармальна робяцца даступнымі ўсім. Так этыка і міфалогія паноў робяцца асновай для пабудовы адпаведных агульнанацыянальных — надсаслоўных культур. Усе робяцца панамі — у сэнсе права і этыкі.
Пры гэтым захоўваюцца здабыткі высокай культуры і формы высокіх адносін паміж людзьмі, прававая і гістарычная пераемнасць. І гэта вельмі добра, і, на мой погляд, лепшай справядлівасці цяжка чакаць, бо вярнуцца ў мінулае і выправіць яго памылкі і злачынствы — немагчыма.
У Беларусі ж адбылося кардынальна не так. Усіх паноў (фактычна проста ўсіх людзей з патомнай адукацыяй і патомнымі правамі) аб'явілі ворагамі. Заклікалі іх знішчаць ці (у лепшым выпадку) выганяць з краіны. Была пастаўленая задача цалкам ігнараваць і выкараняць іх культурныя здабыткі. Так загінулі ў тым ліку ідэі законнасці і неад'емных правоў чалавека, ідэя аўтаноміі асобы і мясцовай супольнасці, а таксама веды пра гістарычнае мінулае.
І я не бачу для нашай краіны іншага выйсця, як вярнуцца да ідэалаў «Вясны народаў» 1848 г., агучаных Сыракомлем.
Пазней, у 1857 і 1861 гадах, Сыракомля таксама рашуча выступаў у варшаўскай і віленскай прэсе ў абарону права беларускай мовы на існаванне, на самастойнае развіццё, на ахоп ёю, у перспектыве, усіх сфер і ўзроўняў грамадскага жыцця. На той момант у польскамоўным свеце — ды, бадай, і пазней — не было больш аўтарытэтнай асобы такога маштабу, якая б заняла ў гэтым пытанні такую цвёрдую пазіцыю.
У сваіх сімпатыях да занядбаных, паняволеных культур Сыракомля быў да канца паслядоўны і прынцыповы. Працягваючы традыцыі Міцкевіча, ён з павагай ставіўся да ўсіх гістарычных моў і рэлігій Літвы. У тым ліку да пагарджаных і адчужаных ад краёвай культуры габрэяў.
Патрыёт Мінска і Панямоння
Людвік Кандратовіч быў вялікім патрыётам Мінска. На мяжы 1840-1850-х ён нават марыў пасяліцца недалёка ад горада (які, магчыма, інтуітыўна бачыў цэнтрам будучага нацыянальнага руху) і сумяшчаць сельскагаспадарчыя заняткі з літаратурнай творчасцю. Прычым ён нават думаў, што зможа сам абрабляць зямлю, а не «эксплуатаваць» сялянскую працу, што канешне, было суцэльнай утопіяй.
Прачытаўшы ў газеце аб'яву, што нейкі Юльян Гарайн прадае свой фальварак Рабушкі — недалёка ад Заслаўя і Сёмкава, побач з сучаснай трасай МКАД-2 — ён паехаў яго глядзець. Гаспадар па дарозе ўсё расхвальваў сваю гаспадарку, урадлівасць зямлі і г. д. Але, разгаварыўшыся, даведаўся што меркаваны пакупнік — той самы вядомы і модны літаратар Сыракомля, чыё імя якраз апошнія некалькі гадоў грымела ў віленскім друку. І тады ён, у будучыні і сам літаратар, усаромеўся і прызнаўся, што набытак з Рабушак «яшчэ той», і сам катэгарычна не раіў гэтую здзелку.
Калі б тая здзелка адбылася, то, магчыма, што ў творчасці Сыракомлі было б некалькі гадоў пераважна (або істотна) беларускамоўных? А можа, аб'ектыўныя цяжкасці зламалі б яго хутчэй, чым гэта адбылося ў яго рэальным лёсе.
Заснавальнік гістарычнага краязнаўства, турыстычнай журналістыкі (і, у пэўным сэнсе, піянер мясцовага турызму як такога), ён пільным вокам углядаўся ў навакольныя архітэктуру, раслінны і жывёльны свет, знакавыя стравы, мову і звычаі «крэсовых» палякаў, літоўцаў, русінаў, габрэяў, караімаў і распавядаў пра гэта даступнай мовай, з досціпам і нешараговай эрудыцыяй.
Фактычна, ніхто іншы да Сыракомлі не апісваў Літву — Літву ў старым сэнсе гэтага слова, уключаючы і сённяшняе беларускае Панямонне, — у яе сімвалічных рэаліях так паслядоўна і грунтоўна, па-еўрапейску. Зробленая ім фіксацыя і «міфалагізацыя» нашых гісторыка-геаграфічных асаблівасцей, у тым ліку гастранамічных, не губляе свайго значэння і ў наш час. Сыракомля быў ці не першым, хто заўважыў такую рэалію, як смаргонскія абаранкі. А таксама — троцкую сяляву, якая была вельмі прыкметнай з'явай на віленскім рынку дзякуючы мясцовым караімам.
Многія заўважаныя ім звычайныя рэчы і з’явы, ашляхетненыя ягонай творчасцю, рабіліся сімвалічнымі і такімі датрывалі да нашых дзён.
Без напісанага Сыракомлем дагэтуль не могуць абысціся «гістарычныя міфы» многіх нашых знакавых раслінаў. Палякі, пішучы пра культурную гісторыю тых ці іншых раслін, часта спасылаюцца на адпаведныя паэтычныя цытаты-«мемы» з Сыракомлі. (Асабліва каштоўная ў гэтым сэнсе яго п’еса «Хатка ў лесе».) Я і сам даўно так раблю. Яго ўклад у фіксацыю гэтага сімвалічнага свету нашых раслін — неацэнны. Пазней гэтую яго лінію працягнулі і ўдасканалілі Эліза Ажэшка і Чэслаў Мілаш.
Беларус ці літовец?
За палымяны літоўскі патрыятызм, за ўважлівыя і грунтоўныя дарожныя нататкі «вясковага лірніка» вельмі паважае адукаваная частка літоўскага грамадства. Памятаю, гадоў 7 ці 8 таму я сустракаў літоўскую нацыянальную экспедыцыю па Нёмане, каб паказаць ім Налібоцкую пушчу. Прафесар Бумблаўскас, які кіраваў экспедыцыяй, усё парываўся паглядзець на Залучча, дзе Сыракомля правёў першыя, самыя шчаслівыя свае творчыя гады: з 1844-га па 1852-гі. А што ж там можна паказаць, калі Залучча ўжо даўно няма? А пазалетась зачынілася школа ў Смольгаве, дзе нарадзіўся Людвік Кандратовіч, а з ёй — і школьны музей Сыракомлі. Месца, дзе стаяў калісьці арандаваны Кандратовічамі фальварак, ніяк не пазначанае, і нават вядомае няпэўна.
А вось літоўцы падтрымліваюць у парадку дом-музей у Барэйкаўшчыне, дзе паэт жыў, напераменку з Вільняй, з 1852-га па 1862-гі.
І гэты год урадам Літвы афіцыйна абвешчаны годам Сыракомлі.
Для маіх калег Антанаса Астраўскаса і Рымвідаса Лаўжыкаса, з якімі разам працавалі над кнігай «Смакі Старой Вільні», Сыракомля таксама — вялікі аўтарытэт і надзейная крыніца ведаў.
Чым больш я пагружаюся ў яго творчасць, тым больш мяне здзіўляе, што ўсю гэтую процьму тэкстаў — вершы, паэмы, п’есы, дарожныя дзённікі, пераклады, лісты і г. д. — ён напісаў усяго за 18 гадоў: з 1844-га па 1862-гі. Неймаверная працаздольнасць! Але ўжо з таго самага 1848 года, з моманту разгрому «Вясны народаў», у яго творах усё часцей і ўсё больш прыкра чуваць матыў спыненай, растаптанай вясны.
Вясна феналагічная, каляндарная — прыходзіць абавязкова, незалежна ад нашай волі. А вясна метафарычная, як час найвышэйшай плённасці і росквіту, трыумфу добрай волі і добрых весцяў — можа і не прыйсці. Якраз на рубяжы 1840-1850-х адбываецца чарговы прыступ мікалаеўскай рэакцыі. Разгром «Саюза літоўскай моладзі», высылка ў архангельскую глухмень выдаўца Рамуальда Падбярэскага, які неўзабаве там і памрэ, звар’яцеўшы…
Расійская імперыя планамерна, бязлітасна пляжыла сваю самую нелаяльную правінцыю.
У 1852-м на працягу тыдня паміраюць тры дачкі Кандратовічаў.
Сыракомля перабіраецца ў Вільню і апошнія 10 гадоў жыцця піша ўсё больш і лепш, каб заглушыць боль і безнадзейнасць. Але адчуванне, што доўгачаканая Вясна так ніколі і не прыйдзе — не пакіне яго да канца жыцця.
Восенню 1862-га, за некалькі месяцаў да выбуху паўстання 1863-га года і за 2 тыдні да свайго 39-годдзя, Сыракомля памірае ад сухотаў. За ягонай труной у жалобнай працэсіі да могілак Росы ў Вільні ідуць тысячы людзей…
А вось і другі беларускамоўны верш Сыракомлі. Праўда, няма згоды сярод навукоўцаў адносна яго аўтарства. На мой погляд, верш сапраўды можа быць ягоным, улічваючы наколькі характэрным для паэта быў настрой здратаванай вясны.
Ужo птyшкi пяюць ўcюды,
Ужo квeткi зaцвiлi…
«Bяcнa пpыйдзe», — кaжyць людзi…
Ды cкyль пpыйдзe i кaлi?
I нaштo ж вяcнa нaм, Бoжa?
Mы aдвыклi aд вяcны…
Eлкi ў лece, мox нa cтpэce
3eлянeюць зaўcягды…
Цалкам артыкул Алеся Белага пра Уладзіслава Сыракомлю можна прачытаць на «Нашай Н*ве».