Сёлета ў Беларусь вернецца кніжная спадчына Уладзіслава Сыракомлі

У рамках работы па выяўленні і вяртанні нацыянальных культурных каштоўнасцяў у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі будзе перададзены збор прыжыццёвых і пасмяротных выданняў (звыш 50 кніг) беларускага паэта, гісторыка літаратуры і перакладчыка Уладзіслава Сыракомлі. Большасці з іх у Беларусі раней не было.

img_6146_2.jpg

Унікальная калекцыя выданняў і рарытэтаў, у ліку якіх арыгінал найрэдкай фатаграфіі Уладзіслава Сыракомлі ў маладосці, была набыта дзякуючы падтрымцы Ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна ў прыватнага калекцыянера.

img_6149.jpg


Урачыстая цырымонія перадачы і прэзентацыя кніжнай спадчыны Сыракомлі адбудуцца ў 2020 годзе.
Уладзіслаў Сыракомля — ​​гэта псеўданім паэта, узяты ад радавога герба «Сыракомля». Сапраўднае імя — Людвік Кандратовіч. Нарадзіўся 17 верасня 1823 года ўфальварку Смольгаў Бабруйскага павета Мінскай губерні. Продкі паэта належалі да старадаўняй беларускай шляхты. Вучыўся ў Нясвіжы і Навагрудку. У друку дэбютаваў баладай «Паштальён» у віленскім часопісе Юзэфа Крашэўскага «Atheneum». У рускім перакладзе яна стала папулярнай народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком ...». Выдаваў невялікія па аб'ёме зборнікі «гавенд», вершаваных балад, таксама пісаў «абразкі», сцэнкі з народнага жыцця. Аўтар некалькіх п'ес, якія ставіліся віленскім тэатрам. З драматычных твораў Сыракомлі найбольшым поспехам карысталася п'еса «Каспар Карлінскі». Выдаў некалькі кніг з краязнаўчымі шляхавымі нарысамі — «Прагулкі па Літве ў ваколіцах Вільні» ў двух тамах, «Дзённік паездкі па Літве і Жмудзі»; «Нёман ад вытокаў да вусця». З беларускамоўных твораў захаваліся толькі два: верш «Добрыя весці» і лірычная мініяцюра «Ужо птушкі пяюць усюды». Акрамя перакладаў польска-лацінскіх паэтаў, перакладаў асобныя творы Беранжэ, Гётэ, Гейнэ, Лермантава, Някрасава. Памёр 3 верасня 1862 года ў 38 гадоў, пахаваны на могілках Роса ў Вільні.
switzerland.mfa.gov.by