Валянцін Таўлай на фотаздымках

8 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, дзеяча вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў 1920–1930-я гады Валянціна Таўлая (1914–1947).



Нарадзіўся ён у Баранавічах, але дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. У 1927 годзе ён паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а праз два гады быў выключаны за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы. Летам 1929 года юнак быў арыштаваны польскімі ўладамі, а потым асуджаны на 2 гады зняволення. У кастрычніку 1930 годзе камуністычнае падполле накіравала Таўлая ў БССР. Працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У канцы 1932 года яго прынялі ў сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і адклікалі на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь.
У 1934 годзе ён быў зноў арыштаваны і асуджаны да 8 гадоў турмы. У верасні 1939 года яго вызвалілі з гарадзенскай турмы. Паэт пачаў працаваць у лідскай раённай газеце «Уперад».
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага Баранавіцкага злучэння, разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік». У 1944-1945 гадах працаваў адказным сакратаром наваградскай раённай газеты «Звязда», у 1945-1947 гадах - старшым навуковым супрацоўнікам і намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Памёр у красавіку 1947 года.

Друкавацца Валянцін Таўлай пачаў у 1928 годзе (газета «Сіла працы», Вільня). Ён з’яўляецца аўтарам паэмы «Непераможная», зборнікаў паэзіі «Выбранае» (1947), “Выбраныя творы” (1951, 1958), «Вершы і паэмы» (1955, 1979), «Творы» (1961), «Выбраныя вершы і паэмы» (1967), «Пілую вершам краты» (выбранае, 1984) і іншых. Пісаў таксама літаратурна-крытычныя (пра творчасць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля) і публіцыстычныя артыкулы. Перакладаў на беларускую мову творы А.Міцкевіча, І.Крылова і іншых літаратараў.