Вінтажная беларушчына ў лічбавую эпоху

— А вы ўжо прыдумалі дастасаванне для смартфонаў? — пытаецца знаёмая, якой я распавядаю пра праект для дзяцей, над якім мы працуем з сябрамі.



park01030712.jpg

Маюцца на ўвазе дадатковыя захады па прамоцыі праекта, ягонаму жыццю ў розных плоскасцях. Сябры ж пра смартфоны не думалі: яны мараць зрабіць папяровы часопіс.

Пракручваю ў галаве: у некаторых і смартфонаў-та няма, адно тэлефоны-званілкі. А на э-мэйлы яны адказваюць у канкрэтна вызначаны час – відаць, перад сном і перад выхадам на работу. І праект, і планаваны часопіс пад яго – з серыі прыватна-грамадскіх ініцыятываў, якія падтрымліваюцца, што завецца, “добрымі людзямі”.

У прынцыпе, такія адукацыйна-пазнавальныя рэчы мусяць стаяць на патоку вытворчасці на агульнанацыянальным узроўні. У Беларусі прадукцыя для развіцця мыслення і папаўнення ведаў дзяцей калі і прадаецца, то завазная, найперш з Расіі, і, адпаведна, адаптаваная пад тамтэйшыя шыроты. Пра беларусаарыентаваную прадукцыю, ды яшчэ на беларускай мове, гаворка проста не вядзецца.

Памятаю, як я быў моцна ўражаны, калі павёў дзіцёнка ў той самы садок, куды хадзіў я. А ўразіў мяне пах з кухні: той самы знаёмы да болю, да слёзаў, да гідоты. Штосьці неўежнае, што выклікала ў мяне фізічныя пакуты, якія немагчыма забыцца і пасля трыццаці шасці гадоў пасля “заканчэння” садка. Не змяніліся там ані інтэр’еры, ані метадычкі, паводле якіх ладзяцца мерапрыемствы. Хіба, Леніна прыбралі.

Сітуацыя нагадала мне размову з дзедам 1905 году нараджэння з-пад Івянца. Ад 1939-га ён прайшоў ГУЛАГ, войска генерала Андэрса, бітву пры Монтэ-Касіна, а пасля працаваў на заводзе пад Лонданам. Праз шэсцдзясят гадоў у 1999-м ён вярнуўся на радзіму – дажываць.

Дажыў ён да ста гадоў з гакам. Калі паслухаў расповеды такога вялікага жыцця, поўнага драматычных паваротаў, якое прайшло праз некалькі гістарычных эпох, я запытаўся: “А што ў Івянцы змянілася ад 1939 году?”. Мой суразмоўца падумаў, і няўпэўнена адказаў: “Хіба… платы пафарбавалі”.

Беларускую інэртнасць ва ўсіх сферах тлумачаць інстынктам самазахавання: не дзёргайся, пераседзь, перачакай, само неяк усталюецца, абыйдзецца.

“Платы фарбуюць”, то бок праяўляюць ініцыятыву, людзі, якія проста “пераседжваць” не могуць. Хоць разумеюць, што колькі, напрыклад, не перакладай дзіцячыя кніжкі і мультфільмы на беларускую мову, колькі не спрабуй рабіць сваю саматужную прадукцыю для дзяцей – гэта кропля ў моры.

Мора ўтварылася праз тое, што дзяржава сама не можа прадукаваць сэнсы, а іншых не пускае: імпатэнт на варце.

– Севярын, а дзе ўзяць цікавыя сучасныя кніжкі на беларускай мове для хлопца дзесяці гадоў? – пытаецца мой знаёмы неафіт. Чалавек, які зусім нядаўна прыйшоў да ўсведамлення важнасці для сябе беларушчыны.

– А няма, – проста адказваю я.

Канешне, зараз чытач можа запярэчыць, і прывесці спіс з… якой колькасці кніжак? Невялікай, калі раскласці іх на кніжным кірмашы “Белэкспа”.

У большасці выпадкаў кніжка будзе аформленая ў стылістыцы 1990-х. Тэматыка будзе такая, як бы назваць… “агульнадзіцячая”. Наўрад ці тэма будзе зробленая пад мэтавую аўдыторыю: хлопчык дзесяці гадоў. Бо каб ведаць чаго хочуць хлопцы названага ўзросту, трэба зрабіць даследванне: якія мульцікі і кіно яны глядзяць, якія казачныя і рэальныя тэмы іх цікавяць, і – увага! – у якія гульні яны гуляюць.

У далічбавую эпоху ўсё было досыць проста. Варта было выйсці на двор, каб пабачыць поўны спектр гульняў: мяч, горкі, “вайнушка”, ножыкі, “цюха”, фанцікі, салдацікі, “взрывпакеты”, лукі са стрэламі, мячы з палак, палівачкі і процьма іншых легальных і не надта дазволеных забаваў.

Сёння хлопчыкі таксама катаюцца з горак, ганяюць з мячом ці гойсаюць з пластыкавым аўтаматам. Але – у кожнага ёсць дома кампутар, планшэт ці нават смартфон у кішэні.

І калі я чарговы раз чую ад знаёмых запрашэнне прыйсці ў кнігарню (канешне ж Логвінава) паглядзець дзіцячую кніжку, я ўжо наўперад ведаю, што ў большасці выпадкаў кніжка будзе неактуальная. Не звязаная з тым візуальным і змястоўным шэрагам, у якім жывуць нашы дзеці.

Так, трэба абмяжоўваць “тырчэнне ў кампутарах” (цікава як у каго з бацькоў атрымліваецца). Так, трэба “ганяць” на вуліцу і ў рухавыя гурткі. Так, трэба “адганяць” ад тэлевізара. Але нельга ігнараваць той факт, што свет змяніўся, і сучасныя дзеці аточаныя найперш візуальнай інфармацыяй мультфільмаў і кампутарных гулек.

Нядаўна я пабачыў радасную для сябе навіну: “Першую кампуютарную гульню на беларускай мове прадае найбуйнейшая амерыканская крама”. І расшыфроўка: “Гульня беларускіх распрацоўшчыкаў, якая яшчэ да афіцыйнага рэлізу паспяхова прадаецца ў Амерыцы, Еўропе і Расіі, стане першай кампуютарнай гульнёй, што выйшла на беларускай мове”.

Далей у матэрыяле пазначаецца, што беларускую версію гульні зрабілі энтузіясты-перакладчыкі.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу перадаць прывітанне тым энтузіястам, калі хтосьці з іх ці іх знаёмых, чытае гэты тэкст!

Наступным крокам можа быць запіс “прахаджэння”. Гэта ўжо асобы жанр мастацтва, і нават цэлая субкультура, папулярная сярод дзяцей і падлеткаў. Ты пішаш у кампутар відэа таго, як ты гуляеш, і суправаджаеш працэс сваімі каментарамі. І чым больш у цябе артыстызму, чым больш гумару і стылю, тым больш папулярнае тваё відэа на YouTube.

Галасы за кадрам “прахаджэнняў” робяцца ўсё больш юнымі. “Можа гулька і не “духоўная пішча”, затое “прахаджэнне” развівае логіку, рэакцыю, апарат мовы, навыкі чытання, артыстызм і красамоўства”, – думаю я.

Яшчэ толькі гадоў праз пятнаццаць пачнуць з’яўляцца на свет дзеці дзяцей, народжаных у лічбавую эпоху. Пакуль усе дарослыя, што так ці інакш думаюць пра дзяцей – “аналагавыя”. “Лічбавыя эмігранты”. Таму нават дзіцячыя праекты яны робяць пад сябе, пад свае няспраўджаныя мары “аналагавага” дязцінства. І беларушчына ад энтузіястаў выглядае калі не архаічнай, дык вінтажнай дакладна.

Працуеце над новым культурынм беларусацэнтрычным праектам? Парайцеся са знаёмым кампутаршчыкам. Ён падкажа вам, што дастасаванне для смартфона – не такая ўжо непад’ёмная справа.

Сёння – нават больш рэальная і дзейсная, чым папяровы часопіс.

 Севярын Квяткоўскі,   budzma.by