У Баранавічах вучыцца па-беларуску дзецям прапануюць у вёсцы за 10 кіламетраў ад горада
Бацькі вучняў былога беларускамоўнага класа ў Баранавічах Таццяна і Алег Малашчанкі і Антаніна і Васіль Філіпчыкі накіравалі паўторны зварот Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь. Яны адзначылі, што іх першы зварот да Генеральнага пракурора аб невыкананні заканадаўства аб мовах чыноўнікамі Баранавіцкага гарвыканкама, Брэсцкага абласнога выканкама, Міністэрства адукацыі Генеральная пракуратура не разглядала па сутнасці, а перанакіравала ў Міністэрства адукацыі.
— Замест таго, каб прыцягнуць да адказнасці парушальнікаў закона і прымусіць гарадскіх, абласных і міністэрскіх чыноўнікаў выконваць заканадаўства аб мовах, Генеральная пракуратура адправіла наш зварот для разгляду тым, хто парушае законы і нашыя правы.
Нас абурыла тое, што Міністэрства адукацыі прапанавала, каб нашыя дзеці вучыліся па-беларуску не ў Баранавічах, а ў сельскай Жамчужненскай сярэдняй школе, якая знаходзіцца ў 10 кіламетрах ад нашага дому. Мы жывём у Баранавічах і хочам вучыцца на роднай мове ў сваім горадзе.
Артыкул 50 Канстытуцыі гарантуе нам карыстанне беларускай мовай і свабоду выбару мовы выхавання і навучання. Таму мы паўторна звяртаемся да Генеральнага пракурора і просім не ўхіляцца, а разглядзець нашую заяву па сутнасці і тэрмінова абараніць нашыя правы на навучанне па-беларуску, — пракаментавала Таццяна Малашчанка.