Viva «Пан Тадэвуш»!
У Мінску 15 снежня адбудзецца прэм’ера польскай класікі: Мірскі замак на экране, фартэпіяна ў якасці «саліста» і хор музычнай капэлы.
У сталічным кінатэтары «Масква» 15 снежня ў межах праекта «Кінямо»: Нямое кіно + жывая музыка» мінскі глядач атрымае эксклюзіўную магчымасць убачыць на вялікім экране адну з нашумелых стужак польскага кінематографа міжваеннага часу — «Пан Тадэвуш» Рышарда Ардынскага. Згубленая падчас Другой Сусветнай вайны, першая экранізацыя вядомай паэмы Адама Міцкевіча была адноўленая па крупінках Нацыянальным кінаархівам у Варшаве ў 2012 годзе, і будзе ўпершыню прадстаўлена ў Беларусі.
Паказ кінаэпапеі 1928 года адбудзецца з грандыёзным размахам — пад акампанемент сімфанічнага аркестра і хору музычнай капэлы «Санорус». Музыкі вядомага мінскага калектыву выканаюць твор беларускага кампазітара Канстанціна Яськова, адмыслова напісаны аўтарам для тутэйшай прэм’еры адрэстаўраванай версіі карціны.
Па словах Канстанціна Яськова, выбар музычнай мовы для суправаджэння карціны быў відавочным:
— У асноўным гэта стылізацыі еўрапейскай рамантычнай музыкі XIX стагоддзя, але вядома, створаныя кампазітарам нашага часу, — кажа аўтар. — Будзе шмат адсылак да танцавальных жанраў польскай традыцыйнай музыкі: мазурка, куявяк, абэрак... Таксама вялікае значэнне маюць жанры паланэза і накцюрна, шчыльна звязаныя з творчасцю Фрэдэрыка Шапэна.
Фартэпіянная музыка польскага класіка натхніла Канстанціна Яськова на пэўныя музычныя тэмы і замалёўкі ў творы. Прынамсі, галоўным «персанажам» аркестровай партытуры стала… фартэпіяна. У якасці «саліста» яно будзе задаваць музычны характар шматлікіх сцэн і эпізодаў фільма.
— У цэлым, паэтыка музычнага суправаджэння кінакарціны ўключае ў сябе разнастайныя, часам кантрастныя вобразныя сусветы, па-майстэрску ўвасобленыя як у паэме Адама Міцкевіча, так і ў карціне Рышарда Ардынскага, — інтрыгуе кампазітар.
Наконт візуальнай асаблівасці экранізацыі пачатку веку. «Пан Тадэвуш» Ардынскага ў візуальным плане адсылае да малюнкаў вядомага ілюстратара Міхала Эльвіра Андрыёлі — сцэнарысты і рэжысёр вырашылі аформіць шэраг жывых карцін нямой стужкі ў стылі малюнкаў вядомага польскага мастака. Да працы над стужкай былі запрошаныя лепшыя кансультанты па інтэр’еры, касцюмах і рэквізіце. Да ўсяго, імкнучыся да дакументальнай дакладнасці, польскі рэжысёр актыўна працаваў на натуры. Здымкі «Пана Тадэвуша» вяліся ў Навагрудскім павеце — у маёнтку Чамброў на возеры Свіцязь, а таксама ў Мірскім замку. Сёння гэтыя матэрыялы — неацэнны дакумент эпохі для ўсіх нашчадкаў Вялікага Княства Літоўскага.
Варта дадаць, што сцэнарысты Анджэй Струг і Фердынанд Гётэль, як і сам Ардынскі, беражліва паставіліся да літаратурнай асновы: у фільме вялікая колькасць інтэртытраў — фрагментаў арыгінальнага тэксту. Усё разам сведчыць, што перад намі — адзін са знакавых кінатвораў залатой эры польскага кінематографа.
— Карціна мне спадабалася сваёй лагоднай, часам кранальна наіўнай падачай літаратурнай першакрыніцы, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Канстанцін Яськоў. — Гэта мне імпанавала і дапамагала працаваць: цікава і захапляльна было падшукваць да гэтай агульнай атмасферы фільма разнастайныя адценні музычных характараў і вобразаў.
У карціне здымаліся: вядомы акцёр польскага нямога кіно Войцэх Брыдзінскі, Станіслаў Кнаке-Завадскі, Ян Шыманскі, Марыуш Машынскі, Лявон Лушчэўскі, Хэлена Сулімава, Зоф’я Заёнчкоўска.
Дадам, што ўрачыстая прэм’ера «Пана Тадэвуша» ў мінулым стагоддзі, прымеркаваная да 10-й гадавіны аднаўлення незалежнасці Польшчы, адбылася ў Варшаве 9 лістапада 1928 года ў прысутнасці прэзідэнта краіны Ігнація Масціцкага і маршала Юзэфа Пілсудскага. Стужка сталася прыкладам польскага патрыятычнага кіно, хваля якога падымалася ў той час.
— Мяркую, што паэма Адама Міцкевіча можа заставацца актуальнай да таго часу, пакуль у чалавечай культуры будуць такія паняцці, як «Бог», «Радзіма», «Прырода», «Каханне». Адчуваеш і разумееш, што дзесьці над узроўнем сюжэта, узаемастасункаў герояў Міцкевіч кажа менавіта пра гэтыя фундаментальныя канстанты, — пракаментаваў актуальнасць твора вялікага Адама Міцкевіча, які нарадзіўся на Навагрудчыне, аўтар музыкі.
Нагадаем, што 24 снежня споўніцца 220 гадоў выбітнаму польскаму і беларускаму паэту і публіцысту, аўтару «Дзядоў», «Гражыны», «Конрада Валенрода». Менавіта да гэтай знакавай даты прымеркаваны грандыёзны праект, што стаў плёнам супрацоўніцтва некалькіх бакоў — Польскага інстытута ў Мінску, праекта Cinemascope, Асацыяцыі маладых беларускіх кампазітараў і музычнай капэлы «Санорус».
«Кінямо» — адзіны ў Беларусі open air фестываль, у рамках якога дэманструюцца нямые фільмы класікаў сусветнага кінематографа, агучаныя сучаснымі музыкантамі і кампазітарамі. Напярэдадні Калядаў форум падрыхтаваў мінскай публіцы яшчэ адну культурную імпрэзу.
Квіткі можна набыць у касе кінатэатра «Масква».