Ад дэгуманізацыі да забойства: лёсы забітых псіхічнахворых

Упершыню ў публічнай прасторы прагучыць сур'ёзная і маладаследаваная тэма, прысвечаная гісторыі лёсаў псіхіятрычных хворых у Беларусі ў гады Другой Сусветнай вайны. 8 снежня ў галерее «Ў»

afisza_2.jpg


У перыяд Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, як і ў іншых краінах Еўропы таго часу, былі знішчаны пацыенты псіхіятрычных бальніц. Памяць пра іх толькі ў апошні час становіцца важнай часткай агульнай памяці пра вайну. На выставе будзе прадстаўлена гісторыя ідэй і практык, якія прывялі да дэгуманізацыі пацыентаў псіхіятрычных клінік і да масавых забойстваў, пачынаючы ад распаўсюджвання ідэй еўгенікі, расавай тэорыі і завяршаючы выкарыстаннем гэтых ідэй нацыстамі.
У савецкую эпоху інфармацыя пра лёс гэтых людзей была прадметам цікавасці вузкіх спецыялістаў. Гэтыя факты не знайшлі адлюстравання ў школьных курсах гісторыі і публічнай прасторы. Толькі ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў праблему прымусовай эўтаназіі пачалі даследаваць у беларускай гістарыяграфіі, у тым ліку пад уплывам працаў нямецкіх гісторыкаў.
Сёння мы маем агульныя веды, разрозненыя статыстычныя звесткі і надзвычай мала біяграфічнай інфармацыі пра лёс гэтай групы ахвяраў нацызму. Сістэматызацыя матэрыялу – мэта выставы, якая ёсць вынікам супрацы беларускага і нямецкага бакоў: Цэнтру публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжу  Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), фонду «Памяць, адказнасць і будучыня» (ФРГ), фонду імя Генрыха Бёля ды іншых партнёраў.
Выстава Ад дэгуманізацыі да забойства: лёс псіхіятрычных хворых у Беларусі (1941–1944 гг.) – гэта эксперымент, які злучае гістарычны матэрыял і мастацкае выказванне. Апавядальная структура выставы прапаноўвае вам гісторыю, адлюстраваную ў дакументах, фотаздымках і тэкстах ды візуалізаваную такім чынам, каб выдзеліць ключавыя моманты мінулага.
Экспазіцыя ўяўляе сабой аповед, які складаецца з чатырох паслядоўных блокаў, і гледачы могуць пазнаёміцца з дакументамі і паказаннямі сведак, а таксама даведацца пра тое, як у розных краінах свету з'явіліся ідэі сацыяльнага дарвінізму, еўгенікі і расавай тэорыі ды практыкі прымусовай стэрылізацыі.
У перыяд нацыянал-сацыялізму ідэі дэгуманізацыі чалавека і сацыяльнага выключэння прывялі да масавых забойстваў, а ў перыяд Другой сусветнай вайны гэтыя практыкі і злачынствы распаўсюдзіліся і на тэрыторыях краінаў, акупаваных нацыстамі, у тым ліку ў Беларусі (у той перыяд — БССР). Карта месцаў, дзе знішчаліся пацыенты псіхіятрычных лякарняў у Беларусі (найбольш вядомыя падзеі адбываліся ў Мінску і Магілёве), створаная на падставе звестак, даступных на сённяшні момант. У якасці падсумавання можна ўбачыць, як пачалося і дагэтуль працягваецца асэнсаванне злачынстваў нацызму і пытанняў, звязаных з лекарскай і медыцынскай этыкай.
Мэта экспазіцыі ды праекту ў цэлым — злучыць мінулае і сучаснасць, крытычна разгледзець гістарычныя і сучасныя практыкі ды ідэі ў сферы псіхіятрыі, медыцынскай этыкі і даследаванняў гістарычнай памяці пра Другую сусветную вайну ў Беларусі і за яе межамі.
У працоўную групу праекту ўваходзяць: Алег Айзберг (БелМАПА), лекар-псіхіятр; Аляксей Братачкін (ECLAB), гісторык; Андрэй Замойскі (Інстытут ім. Фрыдрыха Майнэке пры Вольным універсітэце Берліну), гісторык; Васіль Матах, гісторык-архівіст. Арт-куратарка праекту: мастацтвазнаўца Аксана Жгіроўская (ECLAB).
Адкрыццё выставы  8 декабря 2016 года ў галерее «Ў» в 19:00. Месца правядзення: галерэя «Ў» (пр-т Незалежнасці, 37А).  Выстава будзе працаваць да 20 снежня. Уваход вольны.