«Заходнебеларуская Атлантыда» Ігара Мельнікава вяртаецца

7 кастрычніка ў Мінску прэзентуюць другую частку кнігі беларускага гісторыка і аўтара НЧ Ігара Мельнікава, прысвечаную гісторыі Беларусі ў міжваенны час. Першая частка «Заходнебеларускай Атлантыды»  пабачыла свет у «Бібліятэчы «Новага Часу» напрыканцы 2014 года.

31_2.jpg


Прэзентацыя кнігі “Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг. Паміж Варшавай і Масквой” адбудзецца 7 кастрычніка ў 18-00 у будынку Беларускага таварыства сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (Мінск, вул. Захарава, 28). Чарговая кніга Ігара Мельнікава прысвечана малавядомым аспектам гісторыі як заходняй часткі Беларусі ў міжваенны час, так і БССР у 1920–1940 гады.

Новая кніга, з’яўляецца лагічным працягам двух папярэдніх прац аўтара «Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг.» (2014 г.) і «Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг.» (2015 г). Гісторыя заходніх абласцей нашай краіны ў міжваеннае дваццацігоддзе сёння выклікае вялікую цікавасць у беларускага грамадства. Звязана гэта з тым, што доўгі час гэтая тэма даследавалася ў Беларусі пад значным уплывам савецкіх ідэалагічных клішэ і штампаў. Такі падыход не спрыяў аб’ектыўнаму даследаванню дадзенай праблематыцы ў айчыннай гістарыяграфіі, а звычайныя жыхары краіны проста не ведалі гістарычную праўду пра жыццё сваіх продкаў ў 1920–1940 гады.

Зараз сітуацыя змяняецца ў лепшы бок, і ў Беларусі з’яўляецца ўсё больш аб’ектыўных навуковых прац, прысвечаных гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, здымаюцца дакументальныя фільмы і перадачы. Аднак, не гледзячы на гэта, шмат эпізодаў з мінулага заходнебеларускага рэгіёну па сёння застаюцца не вывучанымі.


14570671_1264883833543683_3534072692385042292_o.jpg


Першы раздзел новай кнігі прысвечаны міжваеннаму дваццацігоддзю. Аўтар адмыслова не «разбіваў» яго на асобныя падраздзелы пра заходнюю і ўсходнюю часкі нашай рэспубліцы. Беларусь — цэласная краіна, хоць у 1920–1930-я гады дзве яе часткі знаходзіліся ў складзе розных дзяржаў. Барацьба выведак у міжваеннай Заходняй Беларусі, развіццё праваслаўнай царквы ў гэтым рэгіёне, дзейнасць польскай чыгункі ў ва ўсходніх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай, падрыхтоўка гэтых тэрыторый да магчымай вайны, а таксама развіццё архітэктуры ў савецкай Беларусі, гісторыя сталінскіх рэпрэсій супраць жыхароў БССР у канцы 1930-х гадоў, трагедыя чэрвеня 1941 года — вось толькі некаторыя тэмы, пра якія ідзе гутарка ў гэтым раздзеле. Дарэчы, аналіз сталінскіх рэпрэсій у БССР, а пазней у далучанай да ёй Заходняй Беларусі дае магчымасць зразумець карані тых праблем, якія мы маем сёння ў працэсе фарміравання нацыянальнай свядомасці жыхароў незалежнай Беларусі.

Асобная частка выдання прысвечана гісторыі ўдзелу беларусаў у барацьбе з нацызмам у складзе Арміі Андэрса. Гэтая тэма, нягледзячы на з’яўленне шэрагу акадэмічных даследаванняў, да сённяшняга дня застаецца малавядомай для нашага грамадства. Між тым, беларускія жаўнеры 2-га польскага корпуса пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса праявілі мужнасць у барацьбе з нацызмам, за што іх шануюць у шматлікіх краінах Еўропы. А вось на Радзіме імёны і подзвіг гэтых герояў Другой сусветнай вайны забылі.

Вялікую цікавасць для вывучэння гісторыі Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя прадстаўляюць айчынныя і замежныя перыядычныя выданні. Пра што пісалі польскія газеты ў Заходняй Беларусі напярэдадні пачатку Другой сусветнай вайны, ці як апісваў падзеі 17 верасня 1939 года савецкі часопіс “Памежнік”? Пра гэта і шмат іншае распавядаецца ў асобным раздзеле кнігі. Перадапошні раздзел выдання распавядзе чытачам пра малавядомыя старонкі гісторыі Другой сусветнай вайны, а апошні раздзел прысвечаны некаторым гістарычным сюжэтам з мінуўшчыны нашай краіны.

Значным плюсам выдання з’яўляецца тое, што ў працы над ім выкарыстаны цікавыя і малавядомыя матэрыялы з архіваў розных краін, а таксама прыватнага збору аўтара. Кніга праілюстраваная ўнікальнымі здымкамі, большасць з якіх публікуецца ўпершыню.

Падчас прэзентацыі Ігар Мельнікаў прадэманструе цікавыя здымкі і артэфакты са сваёй багатай калекцыі, а таксама распавядзе пра тое, як ішла праца над новым выданнем.

Шчыра запрашаем усіх на гэты вельмі цікавы івэнт.


Паводле baj.by