Смерцю за смерць
Кожнае смяротнае пакаранне ў нашай краіне выконваецца ад імя Рэспублікі
Беларусь, то бок ад імя кожнага з нас. Гэта значыць, што кожны з нас ёсць саўдзельнікам узаконенага забойства. Я не хачу быць забойцай...
У Беларусі заканчваецца тыдзень супраць смяротнага пакарання. У чарговы раз праваабаронцы і проста неабыякавыя людзі паспрабавалі данесці грамадству: пакаранне смерцю — таксама забойства.
Хутчэй за ўсё, гэты тыдзень кардынальна не зменіць сітуацыю з выкананнем смяротных прысудаў у Беларусі, але, магчыма, хаця б прымусіць задумацца пра тое, ці маем мы права забіраць жыццё, нават калі гэта жыццё забойцы.
На сённяшні дзень наша краіна ў ліку 22 дзяржаў, дзе здзяйсняюцца смяротныя прысуды. Усе астатнія больш за 170 краін альбо ўвогуле адмовіліся ад смяротнага пакарання, альбо ўвялі мараторый, альбо проста даўно не выконвалі прысуды. Улады толькі 22 краін лічаць, што страх смерці можа зберагчы чыёсьці жыццё.
За сваю гісторыю чалавецтва было вельмі вынаходлівым у пакаранні смерцю. Вядома як мінімум два дзясяткі спосабаў такога пакарання. Пералічу толькі некалькі: расстрэл, павешанне, адсячэнне галавы, кіпячэнне ў алеі, у віне ці вадзе, чвартаванне, раздзіранне і рассяканне на дробныя часткі, спаленне, закапванне жывым у зямлю, здзіранне скуры, галодная смерць, выцягванне кішак… Здавалася б, пасля такога ва ўсім свеце ўжо сотні гадоў не павінна быць цяжкіх злачынстваў.
Аднак яны ёсць. Больш за тое, статыстыка сведчыць пра адсутнасць залежнасці паміж колькасцю цяжкіх злачынстваў і пагрозай пакарання смерцю. Можна прыводзіць колькі заўгодна лічбаў ды іншых аргументаў супраць смяротнага пакарання, аднак той, хто заўзята выступае за захаванне прынцыпу «вока за вока, смерць за смерць», наўрад ці іх пачуе.
А прынцып гэты не мае нічога агульнага ні са справядлівасцю, ні з законам, і тым больш з мараллю. Гэта дзікунская прага помсты любым чынам, гэта вар’яцкае жаданне назіраць за пакутамі твайго ворага, гэта садысцкае памкненне прынесці боль і смерць.
На сёння акрамя Беларусі і ЗША пакаранне смерцю захавалася толькі ў краінах Афрыкі і Азіі. У шмат якіх мусульманскіх краінах, дарэчы, дасюль забіваюць камянямі. У прыватнасці, артыкул 119 Ісламскага крымінальнага кодэкса Ірана рэгламентуе: «Пры пакаранні ў выглядзе закідвання камянямі да смерці камяні не павінны быць занадта вялікімі, каб асуджаны не паміраў ад 1 або 2 удараў. Яны таксама не павінны быць і настолькі малыя, каб іх нельга было назваць камянямі». Як правіла, за гэтым відовішчам назіраюць натоўпы. У Кітаі штогод караюць смерцю каля 1000 чалавек. Некаторыя пакаранні публічныя: людзей расстрэльваюць у асноўным на стадыёнах перад пачаткам футбольных матчаў. Вось такая справядлівасць па законе…
«А што рабіць з забойцамі, якія загубілі не адно жыццё? Каб з табой такое здарылася, не была б супраць смяротнай кары», — не аднойчы чула я аргументы прыхільнікаў прынцыпу «смерць за смерць». Варыянтаў пакарання забойцаў на самай справе шмат, прычым кажуць, што асуджаныя на пажыццёвае зняволенне праз пэўны час нават хацелі б смерці, бо жыць з цяжарам здзейсненага становіцца невыносна. Але я не збіраюся зараз прыводзіць нейкія аргументы і кагосьці пераконваць. Не буду расказваць пра тых, хто выконвае прысуды і іх псіхалагічны стан. Я раскажу гісторыю майго дзеда.
Пасля прыходу Саветаў у Заходнюю Беларусь у яго адабралі амаль усё заробленае цяжкай працай. А праз пэўны час вырашылі і жыцця пазбавіць. Але дзеда папярэдзілі, і ён сышоў у лес. Нкусаўцы прыйшлі ў хату ранкам, выцягнулі з ложкаў жонку і траіх дачок (старэйшай было 14 гадоў) і некалькі гадзін спрабавалі даведацца, дзе ж муж і бацька. Ніхто нічога не сказаў. Яны сышлі, але абяцалі вярнуцца. І вярталіся яшчэ шмат разоў. Сярод іх быў маладзенькі хлопец, мясцовы, які толькі-толькі прыйшоў на службу. Ён цукеркамі ды сяброўскімі размовамі спрабаваў даведацца ў дзяцей, куды ж падзеўся іх бацька.
Праз пэўны час сяброўскія візіты скончыліся. Колькі месяцаў дзед яшчэ жыў у лесе, але нарэшце вырашыў, што больш не будзе хавацца. І сам прыйшоў да тых, хто яго шукаў: «Ну вось я, чаго хацелі?» «Ужо нічога», — пачуў ён у адказ. План па ворагах народа быў выкананы, і дзед ім пакуль быў не патрэбны. А хутка пачалася вайна.
Той хлопец, які прыходзіў за дзедам, не паспеў збегчы і амаль адразу трапіў у рукі немцаў. Яго ўжо вялі на расстрэл, калі ён убачыў на вуліцы майго дзеда і стаў прасіць, каб той пацвердзіў, што ён звычайны мясцовы хлопец, не камуніст, нічога дрэннага не рабіў. Дзед за яго паручыўся.
«Як так, — пыталася я, — ён жа хацеў цябе забіць, а ты яго выратаваў?» «Каб я яму не дапамог, то таксама стаў бы яго забойцам. Але не нам вырашаць, каму жыць, а каму не», — адказаў мне дзед.
Кожнае смяротнае пакаранне ў нашай краіне выконваецца ад імя Рэспублікі Беларусь, то бок ад імя кожнага з нас. Я не хачу быць забойцай. Таму кажу: «Не — смяротнаму пакаранню!»