Смяротнага пакарання няма нідзе ў СНД

На сёння сярод былых рэспублік СССР толькі Беларусь захавала смяротнага пакаранне. Натуральна, што ад смяротнай кары адмовіліся Літва, Латвія і Эстонія. Аднак больш нідзе ў СНД не выконваюцца смяротныя прысуды.

smertnaja_kazn.jpg

На момант атрымання незалежнасці крымінальнае заканадаўства постсавецкіх рэспублік утрымлівала ў сярэднім каля 30 артыкулаў, якія прадугледжвалі пакаранне смерцю. Паступова праз лібералізацыю заканадаўства іх колькасць значна скарацілі. Быў пашыраны імунітэт для некаторых катэгорый насельніцтва. Аднак самыя радыкальныя рэформы ў гэтай галіне пачаліся з сярэдзіны 1990-х гадоў, калі краіны СНД абвяшчалі мараторый на смяротнае пакаранне.

Напрыклад, у Расіі мараторый дзейнічае ўжо 20 гадоў. Апошні смяротны прысуд быў здзейснены ў жніўні 1996 года. З 1998 да 2006 года мараторый дзейнічаў у Кыргызстане. А з 2006-га гэта краіна на падставе канстытуцыі цалкам адмяніла смяротнае пакаранне.

Таксама з 2006 года ад смяротнага пакарання адмовіліся Арменія, Азербайджан, Грузія, Казахстан, Малдова і нават Таджыкістан. У іншых краінах дасюль дзейнічаюць мараторыі на такое пакаранне.

Пры гэтым ні ў адной краіне не было рэферэндумаў на гэты конт. Смяротнае пакаранне забаранялі пастановамі парламента, указамі прэзідэнта або вердыктам Канстытуцыйнага суда. Гэты аспект спрыяе таму, што ў шматлікіх краінах СНД дасюль няма кансенсусу наконт гэтага пытання. Як следства, там-сям назіраюцца прыступы настальгіі па часах, калі злачынцаў ставілі да сценкі.

Звычайна аматары прынцыпу «вока за вока» актывізуюцца па слядах нейкіх гучных злачынстваў. Так было, напрыклад, у Кіргізіі, дзе ў 2014-м педафіл забіў двухгадовае дзіця. Вельмі моцная кампанія за вяртанне смяротнага пакарання назіралася ва Украіне ў 2009 годзе, калі ў судзе вырашаўся лёс маньяка Сяргея Ткача. Ткач, да таго, як яго злавілі, пазбавіў жыцця 37 чалавек. Больш за ўсё грамадства было шакаванае тым, што сярод забітых ім была дзяўчынка, у згвалтаванні і забойстве якой абвінавацілі яе бацьку. У турме той мужчына павесіўся.

Да апошняга Майдана асноўнымі прыхільнікамі смяротнага пакарання ва Украіне выступалі камуністы, якія чатыры разы спрабавалі прасунуць адпаведны законапраект у Вярхоўнай Радзе. Цяпер «лабістамі смерці» з’яўляюцца радыкальныя нацыяналісты. Так, экс-камандзір батальёну «Днепр» Юрый Бяроза патрабаваў вярнуць расстрэльныя артыкулы, каб можна было караць здраднікаў радзімы і карупцыянераў. Такі падыход падтрымалі ветэраны вайны на Данбасе. Адзін з абаронцаў Данецкага аэрапорта скардзіцца: «Чаму хлопцам падаравана права паміраць за краіну, а людзі, пра якіх даказана, што яны здрадзілі і паслалі хлопцаў на смерць, павінны жыць, а мы — утрымліваць іх да канца жыцця? Гэта няправільна».

Ідэя ўвесці смяротнае пакаранне звычайна набірае папулярнасць, калі крымінагенная сітуацыя пагаршаецца. Існуе зманлівае перакананне, што два-тры дэманстратыўныя расстрэлы ацвярозяць адмарозкаў. Пасля нядаўніх тэрактаў у казахскім Акцюбе і ўвядзення ў Казахстане асаблівага антытэрарыстычнага рэжыму пра магчымасць адмены мараторыя на смяротнае пакаранне загаварылі на самым высокім узроўні. Да гэтага асабіста заклікаў Нурсултан Назарбаеў, заўважыўшы ў сваім звароце да нацыі: «Той, хто ўзяў у рукі зброю і забіў чалавека, павінен быць прысуджаны да пакарання смерцю». Казахскія палітолагі баяцца, што яшчэ адзін буйны тэрарыстычны акт, параўнальны з інцыдэнтам у Акцюбе, можа падштурхнуць уладу да вяртання расстрэлаў.

Цікава, што адным з аргументаў аднаўлення пакарання смерцю ва Украіне ёсць беларускі прыклад. Чамусьці лічыцца, што смяротная кара — ледзь не фундамент беларускай сацыяльна-эканамічнай стабільнасці. А вось у Сярэдняй Азіі, наадварот, захапляюцца кітайскімі метадамі.

Аднак наўрад ці прыхільнікі пакарання смерцю возьмуць верх нават у краінах СНД. Па-першае, аднаўленне смяротнага пакарання супярэчыць шматлікім міжнародным абавязкам дзяржаў СНД, дзякуючы якім яны атрымліваюць дапамогу. Па-другое, тэма ўзнаўлення смяротнага пакарання — любімая фішка папулістаў, якія напярэдадні выбараў гатовыя абяцаць усё, што заўгодна. Трапіўшы ва ўладу, яны, як правіла, хутка забываюцца на сваю выбарчую лексіку.

Нарэшце, у адміністрацыях краін СНД прыдумалі схемы, як тушыць падобныя ініцыятывы. Найперш, грамадству намякаюць на тое, што пажыццёвы тэрмін — далёка не цукар для асуджанага. Так, па стане на 2003 год у Казахстане з 266 смяротнікаў, якіх не пакаралі з-за мараторыя, 89 асобаў самі памерлі ў турмах або здзейснілі суіцыд.

Аднак самае галоўнае, што ў самім грамадстве ёсць моцнае непрыманне смяротнага пакарання. Людзі ў краінах СНД могуць падтрымліваць смяротныя вердыкты, аднак кожны з іх недзе ў душы разумее — мясцовая судовая сістэма цалкам падкантрольная выканаўчай уладзе і палітычна з ёй афіляваная. У такой сітуацыі адмена мараторыя на смяротнае пакаранне небяспечная, паколькі па палітычных (ці іншых) матывах можна пазбавіць чалавека самага дарагога — жыцця. А потым можа аказацца, што прысуд быў несправядлівы.

Апошняе сведчыць, што забарона смяротнага пакарання ў СНД — не штучная прававая норма, якая была навязаная грамадству Захадам. Хочацца толькі спадзявацца, што такі аргумент супраць смяротнага пакарання, як страх перад дзяржаўным сваволлем, будзе дапаўняцца спасылкамі на ідэі гуманізму і прынцыпы міжнароднага права.