“Жбанкоў Strong”: ужываць тым, каму не ўсё адно

Культуролаг, выкладчык, публіцыст, тэле- і радыёвядучы Максім Жбанкоў рэалізаваў нямала творчых праектаў і натхніў безліч людзей на стварэнне нечага свайго, у тым ліку і на напісанне кнігаў. Дзіва, але пры гэтым першая кніга самога Жбанкова пабачыла свет толькі сёлета.



9b68d2b8d81fa381313d3e4a0876c6e7_450x207.jpg

Яна завецца “No style” і прысвечаная асэнсаванню тэндэнцыяў ды артэфактаў беларускай культуры XXI стагоддзя.

— Вам закарцела ўрэшце займець уласную кнігу ці яна сапраўды выспявала ўвесь гэты час?

— Сапраўды, гэта першая мая кніга, хоць тэксты пішуцца ўвесь час. Медыйнае жыццё тэкстаў вельмі малое, тое, што залятае ў галаву, вельмі хутка з яе вылятае і забіваецца іншымі тэкстамі. Кніжка — гэта іншае. Яна вымагае фільтрацыі матэрыялу, які ствараўся раней, на карысць таго, што мае сэнс і вартасць цяпер. Па-другое, у кніжцы заўсёды ёсць кампазіцыя, і ты адбудоўваеш з сваіх тэкстаў пэўны сюжэт. Калі тэксты збіраюцца ў кніжку, то гэта нешта большае за стос папяровых старонак, гэта яшчэ і пэўная новая якасць. У выніку з гэтых невялічкіх думак, меркаванняў ды ідэяў, што паўсталі ў розны час, нараджаецца нешта больш сур’ёзнае.

— Можна сказаць, што “No style” — гэта такіthebest ад Жбанкова за ўсю кар’еру?

— Не зусім так, бо ёсць розныя вымярэнні маёй прысутнасці ў медыях. Магчыма, гэта можна назваць “найлепшым з сур’ёзнага”, бо ў кнігу ўвайшлі аналітычныя артыкулы, у якіх я сябе бачу хутчэй даследчыкам, чым гульцом з тэкстамі, думкамі і словам. Другое маё вымярэнне — як аўтара — існуе ў выглядзе сістэмы аўтарскіх калонак ды эсэ, што з’яўляліся на Naviny.by. З іх будзе складацца наступная кніжка, бо я вырашыў гэта развесці. Умоўна кажучы, наступная кніга будзе “Жбанкоў Light”, а гэтую можна назваць “Жбанкоў Strong”.

— І што, уласна, уваходзіць у склад “Жбанкоў Strong”?

— Я хацеў надрукаваць больш карыснае для мяне, бо думкі, выказаныя ў гэтых тэкстах, не надта былі пачутыя і зразумелыя ў той час, калі яны пісаліся. Але гэта не толькі складанка з таго, што было. Істотна тое, што для кнігі былі адмыслова напісаныя і новыя тэксты: “Культура смецця, версія 2.0”, “Маё жыццё без беларускага мастацтва”, які пісаўся для каталогу “Радыюс нуля”, што дагэтуль не выйшаў. Нідзе не друкаваліся і тэксты, што ўвайшлі ў раздзел “Радыё Я”.

— У цэнтры вашай ўвагі — перадусім беларускае культурнае поле, і вы вызначаеце месца белкульту ўжо на вокладцы — “між Вудстокам і Дажынкамі”. Як гэта разумець?

— Так, мяне цікавіць, што адбываецца ў беларускай культуры — як і ў замежнай таксама. Але я разумею, што ніхто замест мяне не зрабіў, а можа, і не зробіць сістэмны разбор тых падзеяў, тых механізмаў, тых абставінаў, з якіх складаецца гэтае парадаксальнае поле беларускае культуры. Мяне найперш цікавіла, чаму гэта так дзіўна, смешна і несістэмна выглядае, чаму ў праектах ды ўчынках прысутнічае абсалютная амальгама стыляў і шызоідная логіка. То бок спачатку было здзіўленне, потым — роздум, пасля думкі склаліся ў канцэпты. “No style” — асноўная ідэя цэнтральных тэкстаў кнігі, галоўны яе канцэпт, які трэба разумець так: сучасная беларуская сітуацыя — гэта жыццё, агучанае чужымі словамі на запазычаных мовах, гэта адсутнасць нацыянальнага стылю, адсутнасць сталага іканастасу культурных герояў, адсутнасць нармальнай сістэмы культурнай камунікацыі. Усё тое, што нас уражвае, ёсць збольшага запазычаным і другасным, а тое, што ёсць арыгінальным, застаецца адной з выспаў таго самага “архіпелага Беларусь”, пра які пісаў Акудовіч. І самая галоўная ідэя — гэта адсутнасць якой заўгодна каштоўнасці таго, што мы традыцыйна лічым культурным мэйнстрымам. То бок прадзяржаўная культура, якая робіцца за кошт дзяржбюджэту і вымушаная агучваць пажаданыя для ўладаў ідэі, канцэпты і лозунгі, выглядае абсалютна штучнай і наогул даўно ўжо мёртвай, гэта культура імітацыі. Таму ўсё разгортваецца на ўскраінах спарахнелай індустрыі.

— Вам няпроста спадабацца, бо вартасць кожнага творчага прадукту вы адразу ставіце пад сумнеў. Тым не менш, у кнізе гучаць імёны культурных герояў. Праўда, іх зусім няшмат: музыкант Пукст, мастак Вашкевіч, паэт Хадановіч, “Народны альбом”…

— Не толькі яны. Гэта і паэт Рыжкоў, і празаік Бахарэвіч, гэта і героі артыкула “Музыка чацвертага тэрміну”… Наогул жа культурных герояў і не мусіць быць шмат, яны не дзяўчаты і не павінны імкнуцца мне спадабацца. Я выказваю сваё меркаванне адносна іх персонаў, але я заўжды спрабую выйсці за межы сваіх уласных эмоцыяў, бачыць не ў катэгорыях “падабаецца — не падабаецца”, а ў катэгорыях “працуе — не працуе”. Мяне цікавіць тое, што з’яўляецца адэкватным наяўнай культурнай сітуацыі. Сёння найбольш цікавае, а можа і адзінае магчымае, што можа быць — амальгамы стыляў, спалучэнне неспалучальнага, мазаічныя культурныя выказванні. Я не веру ў тое, што зараз з’явіцца беларускамоўны адэкватны герой, які займее каласальны поспех.

— “No style” напісаны з разлікам на каго?

— Не думаю, што гэтая свабодная па сваёй стылістыцы кніжка выкліча нейкую неверагодную зацікаўленасць у прафесійных філосафаў і культуролагаў, бо гэта закрытая супольнасць з сваімі правіламі гульні, у якія я не ўпісваюся і не вельмі хачу ўпісвацца. Але мне істотна, каб гэтую кніжку заўважылі тыя, каму не ўсё адно, што робіцца ў беларускай культуры і якія самі шукаюць шляхі ў гэтай культуры. Мяне цікавіць найперш пазасістэмны чытач.

4 красавіка з 19.00 да 20.00 Максім Жбанкоў будзе працаваць прадаўцом кнігарні “ЛогвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37а). Разам з тым ён раскажа падрабязней пра сваю кнігу ды падпіша яе ўсім ахвочым. Уваход — вольны.

http://budzma.org/