«Згоды для вашай гасподы»: беларускамоўныя вяселлі робяцца папулярнымі
Беларуская вясельная традыцыя, закладзеная пакаленнямі, перажывае рэінкарнацыю ў сучасных гарадах.
Гэтым летам беларускамоўных вяселляў у Мінску шмат як ніколі — сведчыць Свабодзе Юры Неплах-Шыпіла, гісторык паводле адукацыі, а паводле віду дзейнасці —
тамада, сцэнарыст, час ад часу каскадзёр. Ужо сем гадоў ён займаецца тэматычнымі, у тым ліку беларускамоўнымі, вяселлямі.
— Адзін раз я нават папрацаваў кіроўцам маршрутнага таксі — цікава асвойваць нешта новае. Быў і будаўніком-чорнарабочым, — расказвае Юры, светлавалосы мужчына
сярэдняга веку. — Ніколі не думаў, што гэтым буду займацца — у дзяцінстве быў вельмі сціплы і сарамлівы.
Але жыццё штурхала да гэтага, і цяпер ад 6 да 15 разоў на месяц даводзіцца нешта праводзіць: вяселлі, карпаратывы, дні народзінаў і тэматычныя вечары. А пачыналася са звычайных вяселляў:
патрэбныя былі грошы, і іх можна было зарабіць менавіта так.
Па кавалачках складаўся досвед, як правесці вяселле на беларускай мове, традыцыйнае са сваёй абрадавасцю, рыцарскае, шляхецкае — якіх толькі не было.
Звычайных вяселляў цяпер меншасць, у асноўным неардынарныя — рок-н-рольнае, гангстэрскае, вяселле лясных жыхароў.
Часта беларускамоўныя вяселлі — сярэднявечныя, а гэта ўжо рыцарская праграма, сярэднявечныя забавы і танцы. Там людзі выпіваюць, адрываюцца, але не падаюць мордай у салату. Чаму? Таму
што гэта людзі, якія саспелі...
...Бывае, даводзіцца праводзіць вяселлі і на раёнах, і ў кожнай мясцовасці ёсць свае адметнасці. Калі загадзя не пагаворыш, як павінны праходзіць абрады, скажуць: «А ты, тамада, не так
робіш, таму што дрэнны тамада!» З аднаго боку, цяжка, а з іншага — мне падабаецца, бо можна дадаць народнага.
— Чаму такія адметнасці не зніклі пад штампамі звычайнага вяселля?
— Таму што народная культура — жывучая, яна праіснавала стагоддзямі. Сёння шмат чаго страчана, але яна жывучая, хоць у наш век і вельмі моцна разбураецца, калі людзі масава
пераяжджаюць з вёскі ў горад.
— Як быць, калі маладыя захацелі беларускага вяселля, але ёсць процьма сваякоў, якія не ў тэме?
— Але не разумеюць беларускай?
— На 85–90 адсоткаў яны разумеюць мову, за выняткам асобных словаў — гэта я перадаю выказванні расіянаў.
— Ці патрабуюць беларускамоўныя вяселлі дадатковых выдаткаў часу, сілаў ці грошай?
— У кожнага па-свойму. Я на беларускамоўнае вяселле раблю зніжку ад 50 да 100 даляраў.
— Ты кажаш, апошнім часам такія вяселлі — гэта трэнд?
— Тэндэнцыя ўжо гады два. Год 4–5 таму гэта былі рэдкія выпадкі, апошнія два гады зрабілася ўсё больш, а гэты год — вельмі шмат.
— А аўдыторыя змянілася, ад якой паходзіць попыт?
— Ды не. Гэта людзі маладыя, з добрай адукацыяй. Так адбылося, што, нягледзячы на дзяржаўную палітыку, сярод моладзі папулярнасць беларускай мовы і культуры пашыраецца. Але, можа, я
аптыміст.
Для параўнання: у канцы 80-х — пачатку 90-х людзі, якія размаўлялі на беларускай, адзін аднаго ведалі па ўсёй краіне. Цяпер мне неверагодна прыемна, калі іду па горадзе, чую беларускую
мову і не ведаю гэтых людзей.
— Не кажуць, што вы з БНФ?
— Калі ты размаўляў на беларускай гадоў 10 таму — казалі, а цяпер — не. У транспарце, калі адказваў на тэлефон, былі і погляды, і пару момантаў, калі даводзілася
адстойваць сваю пазіцыю. Цяпер я сустракаю больш станоўчых поглядаў. І, вяртаючыся да пытання: цяпер пасля вяселля дзякуюць менавіта за мову.