Жыве каза! Калядны маніфест

У свой час народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч у невялічкім вершы вельмі трапна і ёміста перадаў калядны дух, які суправаджаецца прыемным пахам каўбас і насычаны магічнасцю, бо ў калядны час заўсёды ўсе чакаюць цудаў, прыемных здарэнняў і іншага кшталту чараўніцтваў. Наогул калядная традыцыя адна з тых яскравых з’яў, якая можа сімвалізаваць Беларусь. 

Беларускія Каляды сёння. Крыніца - bestbelarus.by

Беларускія Каляды сёння. Крыніца - bestbelarus.by

Святочны, старажытны дух калядны,

Магічны дух язычніцкіх акрас,

Смалення дух, дух кміну і каляндры,

Дух на шасце падвешаных каўбас,

Калісьці ўсемагутны, усеўладны,

Што ж на куццю ты не збіраеш нас?

О, Божа! Што ў душы маёй паселіцца?

І з нашых хат, і з нашых песень-дум.

                      Ніл Гілевіч

Наш беларускі народ часта выжываў у неспрыяльных умовах, аднак жыве і дагэтуль, нягледзячы на масавыя палітычныя рэпрэсіі, знішчэнне грамадзянскай супольнасці і запалохванне людзей за мінімальнае выказванне ўласнай думкі. А ўсё таму, што заўсёды добра Каляды святкавалі і з года ў год калядоўшчыкам пачастункі давалі, казу адпайвалі, каўбасу на рогі ёй вешалі, а госці божыя шчасця гаспадарам жадалі, добрыя песні ім пелі. Калядная традыцыя да сёння яшчэ часткова актуальна для людзей старэйшага веку, асабліва ў вёсках, бо тыя па маладосці некалі самі былі ў калядоўшчыках. Ды і сярод нацыянальна-патрыятычных моладзевых колаў успрымаецца вельмі сур’ёзнай і важнай падзеяй у каляндарным цыкле. Сапраўды, Каляды — унікальнае свята, якое прарастае сваімі каранямі ў дахрысціянскі містычны свет, з’яўляецца важнай традыцыяй, што ўмацоўвае нашу ідэнтычнасць і не дае забывацца на тое, хто мы ёсць. 

Глядзіце таксама

У шэрагу райцэнтраў, а таксама мястэчак і вялікіх аграгарадкоў да сёння нават на дзяржаўным узроўні праводзяцца калядныя святкаванні, паказваюцца калядныя пастаноўкі. Звычайна такія святкаванні выглядаюць канцэртамі або невялічкімі шэсцямі, на якіх спяваюцца песні з розных рэпертуараў: беларускія, рускія, аўтарскія, прыстасаваныя нібыта да народных. Здаецца, добра, што артысты і супрацоўнікі мясцовых Дамоў культуры ладзяць такія мерапрыемствы, дзе паказваецца хоць частка нацыянальнай культуры, на якую ўжо падзабыліся людзі, а дзяржава ставіцца з халоднай абыякавасцю. Падаецца, у гэтым можна бачыць збольшага пазітыў, бо хоць крыху гучыць забытая беларуская мова, спяваюцца песні бабуль і дзядуль. Але ва ўсіх падобных святкаваннях губляецца глыбінны сэнс Калядаў і наогул традыцыйнай культуры. Песні, якія мелі раней пэўную мелодыю і інакш не выконваліся, у савецкі час і цяперака перарабляюцца пад гармонік альбо наогул пад папсовы матыў. Я ўжо не кажу пра выкананне арганізатарамі калядных святкаванняў песень кшталту «Ой мороз, мороз, не морозь меня», што зусім не адпавядае фармату традыцыйнага свята да і наогул нават рускай фальклорнай (або народнай) песняй не з’яўляецца. І вось ва ўсім гэтым вінегрэце прасочваюцца толькі асобныя элементы беларускай каляднай традыцыі.

Каляды ў Віцебску. Крыніца - www.vitbichi.by

Каляды ў Віцебску. Крыніца - www.vitbichi.by

Але хіба канцэрт або невялікае шэсце на вуліцы заменіць асаблівую святочную абстаноўку, калі калядныя гурты хадзілі па хатах, вадзілі казу з мядзведзем, падчапіўшы сабе на хвост цыганоў або яўрэяў, якія таксама маглі быць сярод маскіраваных персанажаў. А ў гэты момант людзі ўжо рыхтаваліся да прыходу калядоўшчыкаў: гатавалі хлеб, каўбасы, сала, гарэлку, каб адарыць годных гасцей. Колькі весялосці было, калі калядоўшчыкі заходзілі ў хату і спявалі песні на добры ўраджай і шчаслівы лёс дачкі або сына гаспадароў, вадзілі казу, якая скакала як шалёная, а потым падала. Гаспадар ці гаспадыня ў гэты момант хутчэй беглі за пачастункамі каб падняць казу і разам з тым пачаставаць добрых людзей за божую справу, а тыя ў сваю чаргу дзякавалі і зычылі ўсіх магчымых поспехаў у Новым годзе. 

 Калядоўшчыкi Горацкага павета Магілёўскай губерні, 1903 г. Крыніца - wikipedia.org

 Калядоўшчыкi Горацкага павета Магілёўскай губерні, 1903 г. Крыніца - wikipedia.org

Прычым раней для людзей калядны абрад – містэрыя, у якой абавязкова нейкім чынам варта было паўдзельнічаць, каб атрымаць добрую долю на будучы год. А калядоўшчыкі яшчэ згодна даўняй традыцыі маглі ўспрымацца як госці з таго свету, што нясуць шчасце ў хату, калі, канешне, толькі не адмовіць ім пакалядаваць. 

Каляды. Персанажы-маскі (Каза, Мядзведзь, Бусел і Дзед) на карціне беларускага мастака. Крыніца - wikipedia.org

Каляды. Персанажы-маскі (Каза, Мядзведзь, Бусел і Дзед) на карціне беларускага мастака. Крыніца - wikipedia.org

Шкада, але ўсё гэтыя традыцыі цяпер імкліва забываюцца, а некаторыя ўжо зніклі зусім. Многія людзі, асабліва моладзь у гарадах і мястэчках, толькі краем вуха чулі пра нейкія Каляды. І нават жыхары старэйшага пакалення, хто ведаюць пра Каляды, ставяцца часам да гэтага з абыякавасцю, не заўсёды адчыняюць дзверы сваіх кватэр для калядных гуртоў, якія пераважна складаюцца са школьнікаў малодшых класаў альбо аматараў фальклорных традыцый.

Але тым, хто зусім слаба ўяўляе калядныя традыцыі, варыянт калядных гулянняў ад культработнікаў дзяржаўнай установы будзе з’яўляцца своеасаблівым прыкладам Калядаў і шырэй традыцыйнай культуры наогул. А выступы калектываў Дамоў культуры (і іншых падобных установаў) у сучаснай Беларусі, на жаль, з’яўляюцца прыкладам псеўдафальклора, што з’явіўся за савецкім часам, калі як музычнае выкананне, а часам і самі песні, так і «народныя» касцюмы (вышыўка якіх бралася яўна не ў беларусаў) зусім не адпавядаюць рэчаіснасці. 

Каляднае святкаванне ў Крычаве Магілёўскай вобласці. Крыніца – krichevlive.by

Каляднае святкаванне ў Крычаве Магілёўскай вобласці. Крыніца – krichevlive.by

Яшчэ адносна нядаўна ў невялікіх раённых цэнтрах, а часам і ў некаторых раёнах вялікіх гарадоў на пачатку 1990-х побач з дамамі былі хлявы, дзе людзі трымалі розную скаціну (курэй, індыкоў і нават свіней). Дагэтуль у некаторых райцэнтрах людзі трымаюць уласныя агароды, дзе вырошчваюць розную агародніну, і ў першую чаргу бульбу. Гэта можна патлумачыць тым, што людзі старэйшага пакалення, калі прыехалі ў горад, так і не сталі да канца гарадскімі, захаваўшы вясковую псіхалогію, якую часткова перанялі іх дзеці і крыху захапілі ўнукі і ўнучкі. Вось адкуль растуць карані калядаванняў школьнікаў, якія са з’яўленнем новых тэхналогіяў пераважна жывуць у віртуальнай прасторы. Аднак знаходзяцца тыя, каго генетычная памяць штурхае на актыўнасці і пачуўшы ад бацькоў або бабуль з дзядулямі пра калядаванні, пачынаюць спрабаваць ладзіць нешта сваё. Я да таго, што дзеткі, якія цяпер калядуюць могуць быць толькі ў другім або трэцім пакаленні гараджанамі, і яны маюць яшчэ генетычную сувязь з вясковымі традыцыямі. 

Праўда, часта маладыя калядоўшчыкі не спяваюць песень, нават не ведаюць стандартных калядных сцэнак. Мармычуць сабе пад нос: «Давай каўбасу, а то хату разнясу», або расказваюць нейкі верш, зразумела, па-руску. Могуць нешта праспяваць, ды нешта беларускага, а тым больш каляднага ў гэтых песнях сустракаецца вельмі рэдка. Праспяваць могуць «Рождество Христово» пад уплывам нядзельных праваслаўных школаў або што-небудзь сучаснае, якое цяперашняе пакаленне лічыць найбольш цікавым і прыярытэтным за нейкія там старыя песні. Карацей, зусім неарыгінальна і незапамінальна. Ды і калядныя касцюмы з’яўляюцца рэдка, бо часцей проста малююць вусы на твары або нешта ў гэтым духу, а калі і трапляюцца маскіраваныя героі, дык добра, калі сярод іх будзе каза. Даволі часта сярод калядных персанажаў у дзяцей ужо сустракаюцца героі фільмаў і мульцікаў, рыцары і бэтмэны, што слаба спалучаецца з традыцыйным вобразам калядоўшчыкаў. Аднак народная традыцыя не статычная з’ява і яна змяняецца разам з грамадствам, па гэтаму калядаванні таксама мяняюцца, хоць могуць выглядаць аматарам традыцыйнага фальклора нейкім вычварэннем. 

Але сам факт, што дзеці яшчэ памятаюць гэтую традыцыю, вельмі важны. Шкада, што практычна не ўдзельнічаюць падлеткі, а тым больш дарослыя, але ў даваенны час (а часта яшчэ і ў пасляваенны) калядныя абыходы былі справай звычайнай. Ды і не заўсёды дзеці калядуюць дзеля нейкага няўлоўнага кайфу ад працэса, а хутчэй выключна з прагматычнай мэтай – атрымаць салодкія падарункі. І тут ужо справа за дарослымі, якія павінны правільна патлумачыць сэнс калядаванняў і недзе падвучыць дзяцей, што цікавяцца народнай традыцыяй.   

Калядны гурт, які складаецца пераважна з дзяцей. Крыніца - liktv.org 

Калядны гурт, які складаецца пераважна з дзяцей. Крыніца - liktv.org 

Не думаю, што гулянні, якія прапаноўваюць у беларускіх гарадах і мястэчках мясцовыя Дамы культуры, дадуць магчымасць правільна зразумець традыцыйныя абрады і святы, якія па распрацоўках работнікаў культуры змяшчаюць у сабе падчас не зусім беларускае і не традыцыйнае. Куды лепей было б заняцца выхаваннем маладога пакалення, навучыць правільна калядаваць, разумець старадаўнюю традыцыю і з вялікай павагай успрымаць звычаі продкаў, чым праводзіць маласэнсоўныя мерапрыемствы для «галачкі».  

Хочацца верыць, што маладое пакаленне беларусаў будзе ставіцца з разуменнем і павагай да нашых старадаўніх традыцый. Спадзяюся, што багацейшая традыцыйная беларуская культура захавае сваю непаўторнасць, выключнасць і глыбіннасць сэнсаў. Заклікаю ўсіх аматараў уласнай гісторыі і літаратуры, мовы і мясцовых традыцый, работнікаў сферы культуры і адукацыі, краязнаўцаў і ўсіх, хто любіць сваю Радзіму, адчыняць дзверы калядоўшчыкам, даваць казе сала, «каб каза ўстала», і ўдзельнічаць самім. Бо калі калядоўшчыкі перастануць хадзіць па хатах і кватэрах, а каза так і не ўстане, бо ёй ніхто нават не паклаў «мандарынку на спінку», то знікнуць не толькі нашыя багатыя традыцыі, а могуць знікнуць самі беларусы, бо людзі без племя і роду не будуць з’яўляюцца беларусамі нават намінальна.

ЖЫВЕ КАЗА!!!