10 мільёнаў еўрапейцаў
Пасля прызначэння Уладзіміра Макея кіраўніком знешнепалітычнага ведамства некаторыя аналітыкі пачалі казаць пра магчымасць новага этапу дыялогу Беларусі з Еўрасаюзам. Маўляў, новы-стары
перамоўшчык можа знайсці чарговы ключык да сэрца суровай Еўропы. Праўда, еўрапейскія палітыкі афіцыйна заяўляюць, што, хаця і думаюць пра дзесяць мільёнаў еўрапейцаў у Беларусі, гэта не адмяняе
ранейшых патрабаванняў.
Так, на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, журналістамі міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі адзначыў, што ў Польшчы ёсць свае гістарычныя падставы
ўважліва сачыць за падзеямі па ўсходні бок мяжы. «Калі ў Польшчы глядзяць на Беларусь, то бачаць там 10 мільёнаў еўрапейцаў, якія заслугоўваюць такога ж узроўню свабоды і дэмакратыі, як і ў
Еўропе», — сказаў дыпламат.
Сікорскі адзначыў важную ролю Форуму грамадзянскай супольнасці праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» для развіцця кантактаў паміж Еўропай і ўсходнімі краінамі-суседкамі. Ён выказаў
спадзеў, што беларуская грамадзянская супольнасць зможа зрабіць больш, каб ідэі «Усходняга партнёрства» і «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі для Беларусі»
знайшлі водгук у жыхароў краіны.
Дыпламат паведаміў, што ўжо зарэгістраваны створаны пад эгідай Еўрасаюза Фонд падтрымкі дэмакратыі. Праз яго ў тым ліку плануецца і аказваць дапамогу беларускім арганізацыямі, што працуюць у трэцім
сектары. Сікорскі адзначыў, што Польшча ўжо зрабіла першы ўнёсак у 5 мільёнаў еўра. На аналагічную суму можна разлічваць і ад Брусэлю. Агулам плануецца, што фонд будзе фінансавацца сумесна краінамі
ЕС і Еўракамісіяй. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства таксама распавёў, што ў Польшчы ў хуткім часе адкрыецца ўніверсітэт, дзе змогуць атрымаць дыпламатычную адукацыю ў тым ліку і прадстаўнікі
краін «Усходняга партнёрства».
У сваю чаргу эстонскі калега Сікорскага — міністр замежных спраў Урмас Паэт падкрэсліў, што Еўрасаюз, і Эстонія ў прыватнасці, хоча бачыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай краінай.
«На жаль, у Еўропе застаецца «шэрая зона», дзе абмежаваныя свабоды, ёсць палітвязні, — сказаў Урмас Паэт. — І ва ўмовах напружанасці паміж Брусэлем і
афіцыйным Мінскам, што стварае цяжкасці для знешняй палітыкі, Еўрапейскі саюз будзе імкнуцца максімальна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі».
Цікава, што прыкладна месяц таму дарадца прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ Дарыюс Сямашка заявіў журналістам, нібыта патрабаванні ЕС аб дэмакратызацыі, выкананні правоў і свабодаў у дачыненні да
Беларусі прывялі да краху палітычнай лініі. У часе візіту Грыбаўскайтэ ў Мінск у 2010 годзе, зазначыў Сямашка, Лукашэнку перадалі, што ён павінен на выбарах прытрымлівацца стандартаў ЕС і правесці
адпаведныя выбары — тады крокі ў адказ распачне і ЕС. «На жаль, гэта не спрацавала. Можа, са свайго боку мы былі занадта нецярплівымі. Працуючы з апазіцыяй, можа, занадта шмат
надзей з ёй звязвалі. Цяпер лягчэй гаварыць з пазіцыі часу, але, можа, іншая тактыка больш бы сябе апраўдала. Калі б было менш амбіцый, можа, можна было дамовіцца з Лукашэнкам аб дыялогу»,
— падкрэсліў Сямашка. Паводле яго слоў, ЕС хацеў «усё і адразу». «Лукашэнка спалохаўся, пачаў паводзіць сябе нерацыянальна, і мы канчаткова зачынілі дзверы. І што
здарылася: ён паехаў у Расію. Ён прадаў частку маёмасці, але стаў больш залежаць ад Расіі», — сказаў Сямашка.
Гэтае выказванне Сямашкі раскрытыкаваў еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле, падкрэсліўшы, што змякчаць знешнепалітычную лінію ў адносінах да Беларусі ЕС не будзе
да таго часу, пакуль у краіне ёсць палітычныя вязні.
«Сёлета адносіны са Швецыяй абвастрыліся, і гэта ўплывае на адносіны з ЕС у цэлым. Але мы спадзяёмся, што сітуацыя выправіцца, хаця цяпер з Беларусі ідуць сігналы, якія нас хвалююць: арышты
людзей, рэпрэсіі, узмацненне ўплыву КДБ, — пацвярджае афіцыйную лінію ЕС Малгажата Васілеўска, прадстаўніца Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў ад Эстоніі. — У верасні ў Беларусі
прайдуць парламенцкія выбары, і мы разумеем, што яны не будуць адрознівацца ад выбараў 2010 года. Там будуць парушэнні, не будзе празрыстасці, мы мусім на гэта сур’ёзна глядзець. ЕС не мае
намеру змяніць сваю палітыку ў адносінах да афіцыйнага Мінска, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя. Але мае намер інтэнсіфікаваць адносіны з людзьмі, адносіны з людзьмі становяцца ўсё больш і
больш важнымі».
Васілеўска адзначыла, што прапанаваны сёлета «Дыялог з Беларуссю дзеля мадэрнізацыі» найперш скіраваны на грамадскія арганізацыі, «каб падрыхтаваць іх для будучыні, для
дэмакратычнага праўлення». Ужо адбыліся два этапы працоўных сустрэч. Адна з ідэй гэтай праграмы палягала ў тым, каб запрашаць да ўдзелу ў працы рабочых груп малодшых чыноўнікаў.
«Гэты сегмент адміністрацыі, калі звязваецца з грамадскімі арганізацыямі, у будучыні прыносіць сінэргію», — падкрэслівае Малгажата Васілеўска.
Аднак застаецца адкрытым пытанне, як чыноўнікі могуць быць уключаныя ў праграму, калі ёсць інфармацыя пра распаўсюджаны па дзяржаўных інстытуцыях цыркуляр, які забараняе ім гэта. А таксама хто можа
гарантаваць, што атрыманыя веды будуць скіраваныя ў канструктыўнае рэчышча? Свежы прыклад: журналіст Белтэлерадыёкампаніі Гусачэнка ўдзельнічаў у адукацыйнай праграме шведскага медыяінстытута ў
Кальмары. Што не перашкодзіла яму зняць паклёпніцкі сюжэт для тэлебачання пра пасла Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. Таму заканамернае пытанне: ці ў каня корм?