А што вы хочаце ад урада?

Днямі ў інтэрнэце на пляцоўцы зваротаў change.org з’явілася цікавая петыцыя. Яе аўтары заклікалі балатавацца кандыдатам у прэзідэнты сённяшняга прэм’ер-міністра Сяргея Румаса.

Фота www.severpost.ru

Фота www.severpost.ru

«З Вашым прыходам на пасаду прэм’ер-міністра Беларусі ў беларускім грамадстве з’явіўся прамень надзеі на абнаўленне. Нягледзячы на ўсе відавочныя перашкоды, займаючы другую па значнасці ў рэспубліцы пасаду, вы даказалі свой прафесіяналізм, прыстойнасць і заслужылі давер людзей», — сцвярджаюць аўтары петыцыі.

Гледзячы на апошнія паводзіны беларускага ўрада, гэтая петыцыя падобная на, як кажуць у тых жа інтэрнэтах, «тролінг» альбо завуаляваны здзек. Асабліва калі браць пад увагу пасяджэнне прэзідыума Саўміна, якое прайшло ў аўторак.

На гэтым пасяджэнні спадар Румас заявіў, што «нягледзячы на знешнія шокі», сітуацыя ў эканоміцы Беларусі ў першым квартале гэтага года была «кіраванай». «У першым квартале эканоміка знаходзілася пад уздзеяннем шэрагу знешнеэканамічных шокаў. Падатковы манеўр, адсутнасць дамоўленасцяў з расійскім бокам па пастаўках нафты істотна ўскладнілі працу нафтахімічнай і транспартнай галін. Закрыццё межаў краінамі-суседзямі з-за пандэміі адбілася ў першую чаргу на сферы паслуг. Зніжэнне коштаў на сыравінных рынках, дэвальвацыя расійскага рубля паўплывалі на працу машынабудаўнічай галіны. Разам з тым сітуацыя ў эканоміцы ў студзені-сакавіку была кіраванай», — сказаў Румас, падводзячы вынікі працы эканомікі ў першым квартале.

Такое ўражанне, што беларускі прэм’ер альбо жыве на Месяцы, і на планету Зямля наведваецца толькі час ад часу, альбо яго прамову пісаў нехта іншы, а ён бяздумна яе агучыў. Якія ў нас «знешнія шокі»? Падатковы манеўр Расійскай Федэрацыі? Пра яго кажуць ужо як мінімум пяцігодку, усе ведаюць, што гэта павінна было здарыцца, — і здарылася. Адсутнасць дамоўленасцяў з расійскім бокам па нафце? Ці не прадстаўнікі ўраду вялі тыя самыя перамовы і не дасягнулі пагаднення? У чым тут шок, асабліва «знешні»? Усе гэтыя падзеі былі вядомыя загадзя, і да іх быў час падрыхтавацца. А вось чаму не падрыхтаваліся і гэта стала шокам — ужо іншае пытанне. І пытанне, сапраўды, да Румаса.

Канешне, у пачатку года ніхто не мог спрагназаваць, як будуць дзейнічаць нашы краіны-суседкі ва ўмовах пандэміі, і што яны закрыюць межы, пакінуўшы Сінявокую ў своеасаблівай «самаізаляцыі». Аднак ад першага выпадку заражэння COVID-19 (27 лютага, студэнт БНТУ з Ірана) да першага выпадку смерці (30 сакавіка, акцёр Віктар Дашкевіч, Віцебск) у Беларусі прайшло больш за месяц. Гэтага, па-мойму, дастаткова, каб прааналізаваць небяспеку з усіх бакоў. Да таго ж, непасрэдна да ўраду звярталіся бізнес-колы, акрэсліваючы праблему і чакаючы падтрымкі ў перыяд эпідэміі.

Пра ўсё гэта Румас і ўрад ведалі, а калі не ведалі, то ім падказвалі тыя ж бізнес-колы. «Знешні шок» быў толькі адзін — беспрэцэдэнтнае падзенне коштаў на нафту. Але ж ад гэтага Беларусь, падаецца, больш выйграе, чым страчвае? Нават ва ўмовах дэвальвацыі расійскага рубля.

Па словах Румаса, з-за пагаршэння працы нафтаперапрацоўчых заводаў, а таксама зніжэння аб’ёмаў і цэн экспарту калійных угнаенняў бюджэт Беларусі недаатрымаў каля 350 мільёнаў рублёў, — прыкладна $170 мільёнаў. Але гэта не такія вялікія грошы — у мінулым годзе мы на Еўрапейскія гульні выдаткавалі $265 мільёнаў. Дык, можа, нам трэба проста перастаць гуляцца ў розныя «Чэмпіянаты свету» ды парады?

«Мяркуючы па дынаміцы падзей, якія адбываюцца на сусветным рынку, год будзе дастаткова складаным з пункту гледжання магчымасцяў бюджэту фінансаваць капітальныя выдаткі», — сказаў прэм’ер, і зноў не паведаміў нічога новага. І без каронавіруса яшчэ напрыканцы мінулага года сусветныя эканамічныя мысляры казалі пра маштабны эканамічны спад, які пачнецца ў 2020-м.

А вось што цікавае — гэта лічбы Нацбанка, таксама апрылюдненыя на гэтым тыдні. Па звестках рэгулятара, інфляцыя ў Беларусі ў красавіку ў гадавым вымярэнні разагналася да 5,4% пры мэтавым паказчыку ў 5%.

Па меркаванні Нацбанка, на інтэнсіўнасць інфляцыі «працягнулі аказваць уплыў праінфляцыйныя знешнія фактары, якія сфарміраваліся ў канцы першага квартала 2020 года».

Зноў гэты кляты «знешні фактар»! Вось, падавалася б, навокал і межы пазакрывалі, і самалёты не лётаюць абы-куды, і людзі не ездзяць — а «знешні фактар» паўсюль, куды не зірні. Што ж гэта за навала такая?

Калі глядзець на паведамленне Нацбанка пра інфляцыю далей, то становіцца зразумела, што «знешнія фактары», насамрэч, знаходзяцца ў нас недзе ва ўрадзе. Асноўны ўплыў на разгон інфляцыі аказваюць… рэгуляваныя дзяржавай цэны, рост якіх у красавіку ў гадавым выражэнні склаў 7,3% (у сакавіку — 7,5%, у лютым — 7,4%)! Лідарамі па росце коштаў сярод тавараў і паслуг, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай, застаюцца аўтамабільнае паліва — 10,8% у гадавым выражэнні, страхаванне асабістага аўтатранспарту — 13%, тытунёвыя вырабы — 13,7%, паслугі сярэдняй адукацыі — 14,5%, паслугі вышэйшай адукацыі — больш за 18%.

Параўнаем гэтых «лідараў» з аналагічнымі лідарамі па росце коштаў у сферах, цэны на якія НЕ рэгулююцца дзяржавай. Сярод тавараў і паслуг са свабоднымі цэнамі найбольш узраслі цэны на аўтамабілі — 7,8% у гадавым вымярэнні, друкаваныя выданні — 8,1%, мыйныя сродкі — 8,4%, паслугі пасажырскага транспарту — 8,4%, крупы і бабовыя — звыш 15%.

Нават «крупы і бабовыя» (а ўсе мы памятаем нядаўні ажыятажны попыт на грэчку) не пераўзышлі лідара па росце коштаў у «рэгуляванай дзяржавай сферы» вышэйшай адукацыі. З чаго вынікае даволі простая выснова — менавіта дзяржава сваім «рэгуляваннем» разганяе інфляцыю. Можа быць, каб у нас не было «сацыяльна значных тавараў» і дзяржрэгулявання, у нас і інфляцыя была б меншая, і рост коштаў не такім імклівым?

Што ж робіць у гэтых умовах наш патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта? Сяргей Румас загадвае рабочай групе пад кіраўніцтвам намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю выпрацаваць праект антыінфляцыйнай праграмы і адпаведнай пастановы Саўміна. Пры гэтым дакументы павінны быць гатовыя да… 1 верасня 2020 года!

Пакуль гэтыя праекты дапрацуюць (а ў нас без гэтага не бывае) і прымуць, сыдзе яшчэ пара месяцаў. Цікава, каму бу­дзе патрэбная антыінфляцыйная праграма 2020 года ў лістападзе 2020 года?