АГП: усё ў шакаладзе!

Падаецца ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ёсць дзве праблемы: гэта праблема кадраў, і таго, што ў Беларусі ва ўладзе «крывавы рэжым». Першая праблема вылілася ў тое, што Анатоль Лябедзька ў восьмы раз стаў старшынём АГП, а другую, упэўненыя сябры партыі, бліжэйшым часам удасца вырашыць. Ці, прынамсі, паспрабаваць вырашыць.



le_logo.jpg

У апошні дзень вясны ў Мінску ўсё ж прайшоў шматпакутны з’езд АГП. Шматпакутны таму, што доўгі час з рознымі падставамі розныя гаспадарчыя суб’екты адмаўлялі ў прадстаўленні памяшкання пад партыйны форум. Ці тое залі былі занятыя, альбо адказных за арэнду чыноўнікаў не было на месцы, а «дэбюракратызацыя» вылілася ў тое, што ў гэтых людзей няма намеснікаў, якія б маглі прыняць рашэнне. А тэрміны правядзення з’езду, у адпаведнасці са статутам, не гумовыя. У выніку з’езд прайшоў у новапабудаваным, таму, пэўна, яшчэ не пужаным гатэлі «Рэнесанс», у ягонай канферэнц-залі. На з’езд былі абраныя 174 дэлегаты, а прыехалі 128. Так што кворум быў.

АГП у шакаладзе

Пасля розных працэдурных момантаў, кшталту абрання кіруючых органаў мерапрыемства, розных мандатных, падліковых ды іншых камісій, вітальных словаў гасцей і так далей, перад прысутнымі за дзейнасць партыі даваў справаздачу яе лідэр Анатоль Лябедзька.

gosci_logo.jpg

Канферэнц-заля "Рэнесансу" была поўная

Гэта не было сумнай справаздачай: правесці яе папрасілі прафесійных журналістаў. І таму Лябедзька не «чытаў з паперы», а, ходзячы па залі, адказваў на пытанні прысутных. І пагаварыць было аб чым. З папярэдняга з’езду АГП прайшло дзве палітычныя кампаніі — выбары ў парламент і мясцовыя саветы. На іх АГП прапаноўвала сваю стратэгію — стратэгію «кіруемага байкоту». Адначасова ішла кампанія «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». Былі «момантавыя кампаніі», кшталту супраць 100-доларавага падатку за выезд з краіны, стварыўся антыкарупцыйны камітэт.

leb_zal_logo.jpg

Анатоль Лябедзька іншым часам выглядаў, як лектар

Згодна з усімі паліталагічнымі падручнікамі, мэта палітычнай партыі — прыход да ўлады. Ані ў парламенцкіх, ані ў мясцовых выбарах АГП не займела ніводнага дэпутата. Але сам Лябедзька лічыць гэтыя кампаніі ўдалымі. Па ягоных словах, у 2012 годзе ўсё было зроблена слушна, бо ўлады заўважылі «спікераў АГП», не дапусціўшы некаторых да радыё і тэлеэфіру, а потым два гады мянялі заканадаўства, каб «выбрыкі» АГП не мелі магчымасці паўтарыцца. А ў 2014 годзе кампанія па выбарах у мясцовыя саветы таксама была паспяховай: таму што ўпершыню за ўсе выбары пад адміністратыўныя арышты траплялі самі кандыдаты ў дэпутаты і іх давераныя асобы. Поспех у тым, што пасля такога ніводзін нармальны чалавек не прызнае беларускія выбары свабоднымі і справядлівымі.

Паспяховымі былі і «лакальныя» кампаніі партыі. Па словах Лябедзькі, менавіта дзякуючы кампаніі «Пошліна — пайшлі на…» не была ўведзеная плата ў 100 долараў за выезд з краіны. Не быў таксама павышаны падатак на дададзеную вартасць з 18 да 22%, як гэта планавалі ва ўрадзе. Ён мяркуе, што менавіта АГП-шныя ініцыятывы адгралі ў гэтым немалую ролю.

leb_zal1_logo.jpg

Пераконваць у тым, што стратэгія АГП была слушнай, амаль нікога не прыйшлося

Тым жа, хто не бачыць поспехаў АГП, Лябедзька параіў больш уважліва прыглядацца да дзейнасці партыі. «Наша эканамічная камісія распрацавала і прэзентавала праграму выхаду з крызісу. Нават Мясніковіч запрашаў Багданкевіча на фуршэт, каб гэтую праграму абмеркаваць. Мясніковіч бачыць нашыя поспехі, а некаторыя сябры партыі не бачаць», — з прыкрасцю адзначыў Лябедзька.

Прэзідэнцкія выбары 2015 года

Таму не дзіва, што партыя збіраецца калі не перамагаць, то актыўна ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года, і нават правяла сярод сваіх сяброў праймерыз, каго з партыйных актывістаў можна было б вылучыць у якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта ці ў якасці «адзінага кандыдата ад апазіцыі».

Анатоль Лябедзька адзначыў, што зараз, канешне, не вельмі спрыяльны час для перамогі на выбарах. Таму што трэба ўлічваць тры фактары. Першы — высокія байкотныя настроі сярод грамадскасці — расчараванасць і стомленасць палітыкай, тое, што супрацьстаянне ўладзе прыносіць нулявы вынік. Другое — моцная фінансавая падтрымка Расіі існуючаму рэжыму, якая нікуды не падзелася. Трэцяе — магчымая нармалізацыя адносінаў з Захадам на фоне ўкраінскіх падзей. Лябедзька нават выказаў меркаванне, што Лукашэнка можа дадаткова атрымаць крэдыт на Захадзе «пад сваю перамогу». Ну і ўвогуле, украінскія падзеі адбіліся на Беларусі тым, што зараз складана прагназаваць чарговую «Плошчу» — усе напужаныя Майданам і тым, што было пасля яго.

А тут яшчэ і людзі параз’язджаліся, сволачы. Па словах Лябедзькі, мільён беларусаў стала ці часова працуюць за мяжою, і гэты мільён, па ягоных словах — менавіта электарат АГП.

Тым не менш, па меркаванні Лябедзькі, «у партыі ёсць што сказаць выбаршчыкам». У АГП ёсць праграмы: мільён працоўных месцаў для Беларусі; антыкрызісная праграма; праграма гендэрнай роўнасці… Ацаніць гэтыя праграмы ён папрасіў двух экс-прэм’ёраў, прысутных на з’ездзе — Міхаіла Чыгіра і Андрыюса Кубіліса, які двойчы быў прэм’ерам Літвы. І, стоячы паміж імі, Лябедзька адзначыў, што калі ён паміж імі загадае жаданне, яно спраўдзіцца. Па ходу, гэта быў самы моцны аргумент за ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.

mezh_dvuh_logo.jpg

Лябедзька спадзяецца, што стаянне паміж прэм'ерамі яму дапаможа

Адзіны  і Кангрэс

Амаль адзінае, у чым за гэты час АГП правалілася — гэта ў сумнавядомым «праймерыз», які павінен быў прайсці падчас мясцовых выбараў у Бабруйску. Тут Лябедзька прызнаў, што «недапрацавалі». А таму адзіны кандыдат будзе выбірацца праз Кангрэс дэмакратычных сілаў. І тут жа агучыў, як ён будзе праходзіць.

Ёсць сем палітычных апазіцыйных суб’ектаў, якія праводзяць перамовы аб адзіным. Усе гэтыя суб’екты атрымаюць па 10% дэлегатаў на кангрэсе. Па-другое, у якасці дэлегатаў здолеюць зарэгістравацца тыя, хто ўдзельнічаў у мясцовай кампаніі ў якасці кандыдатаў, а таксама тыя, каму было адмоўлена стаць кандыдатамі, але яны абскарджвалі сваю нерэгістрацыю ў судовым парадку. Частка дэлегацкіх мандатаў Кангрэсу будзе аддадзена VIP-асобам Беларусі, і яшчэ атрымаць мандаты дэлегатаў Кангрэсу здолеюць тыя, хто правядзе праймерыз у сваіх рэгіёнах. «Правядзіце праймерыз у Светлагорску. Ахапіце ім не менш 3% насельніцтва — і вы станеце дэлегатам на Кангрэсе», — параіў Лябедзька.

Пакуль не праходзяць працэдуры вылучэння дэлегатам на Кангрэс шляхам збору подпісаў (прэтэндэнт у дэлегаты можа сабраць 150 подпісаў за свой удзел, але іх сапраўднасць праверыць няма каму), і працэдура вылучэння мясцовымі сходамі дэмсілаў — таксама няма каму правяраць, былі гэтыя сходы праведзеныя, або не, і колькі на іх было чалавек.

Канешне, працэдуры яшчэ будуць узгадняцца. Але Кангрэс па вылучэнні «адзінага» ад дэмсіл, па словах Лябедзькі, пройдзе толькі напачатку 2015 года.

Выбары

З такімі аптымістычнымі настроямі дэлегаты з’езду АГП прыйшлі да выбараў старшыні. І тут высветлілася, што ў АГП не хапае кадраў. Было вылучана на старшыню пяць чалавек, сярод якіх былі сам Лябедзька, Аляксандр Дабравольскі, «апазіцыянер АГП» Сяргей Балыкін… Але ўсе, за выключэннем Лябедзькі, свае кандыдатуры знялі.

Прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна нават скардзілася ў размове з журналістамі: «Вось, блін, кажуць, што Лябедзька такі ж «нязменны», як Лукашэнка. Прапануеш — ну дык змяні яго, сам стань старшынём! Не, ва ўсіх адразу знаходзяцца «адмазкі» — праца, жонка, дзеці… А потым ізноў кажуць, што лідар не змяняецца».

krasul_logo.jpg

Ганна Красуліна (справа) скардзіцца на адсутнасць канкурэнцыі

У выніку на безальтэрнаўнай падставе выбралі ізноў Анатоля Лябедзьку — 102 дэлегата прагаласавалі «за», 22 — супраць ягонай кандыдатуры, тры бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.

Тая ж гісторыя і з «праймерыз» на пасаду «адзінага» альбо кандыдата ад АГП на прэзідэнцкіх выбарах. Па ўнутрыпартыйным рэйтынгу былі тры кандыдатуры — Анатоль Лябедзька, Аляксандр Дабравольскі і Васіль Палякоў. Але Дабраволььскі адразу сказаў, што здымае сваю кандыдатуру і з партыйнага старшынства, і з «прэзідэнцкай гонкі». У выніку застаўся ізноў Лябедзька.

Гэта значыць, што асаблівых сюрпрызаў ад АГП чакаць не даводзіцца. А можа, так і трэба?