Аляксей Кароль: Па ўсіх стандартах рэжым у Расіі аўтарытарны
Уладзімір Пуцін 20 снежня правёў восьмую прэсавую канферэнцыю на пасадзе прэзідэнта Расіі.
Сярод іншага, ён выступіў з падтрымкай ухваленага ўчора Дзярждумай «анты-магніцкага закону», а таксама выказаў сваю нязгоду з заявамі аб тым, што ён стварыў у Расіі аўтарытарны
рэжым.
Прэсавая канферэнцыя Уладзіміра Пуціна доўжылася 4 з паловай гадзіны. Беларусь за гэты час прэзідэнт Расіі ўскосна згадаў толькі 1 раз, калі гаварыў пра эфектыўнасць працы Мытнага саюзу. Пуцін, у
прыватнасці заявіў, што рост таваразвароту з краінамі Мытнага саюзу склаў 10 працэнтаў, і што тут добрая структура ў гандлі — 20 працэнтаў складаюць машыны і абсталяванне, а з іншымі
краінамі — толькі каля 2 працэнтаў.
Некалькі разоў цягам канферэнцыі журналісты задавалі Пуціну пытанні пра справу загінулага ў турме расійскага юрыста Магніцкага, амерыканскі акт ягонага імя, які ўводзіць санкцыі да расійскіх
чыноўнікаў, вінаватых у ягонай смерці і ў парушэнні правоў чалавека, а таксама пра «антымагніцкі закон», ухвалены ўчора Дзярждумай, які забараняе амерыканцам ўсынаўляць расійскіх
сірот. Пуцін адказаў, што цалкам падтрымаў Дзярждуму:
«Пытанне зусім не ў Магніцкім, а ў тым, што амерыканскія заканадаўцы, пазбавіўшыся ад аднаго антырасійскага і антысавецкага акту Джэксана-Вэніка, палічылі неабходным прыняць тут жа другі
антырасійскі акт. Мы ўспрынялі гэта так, што амерыканскі заканадаўца вырашыў нам паказаць, хто тут гаспадар. Не было б Магніцкага, знайшлі б іншую нагоду».
Аляксандр
Класкоўскі
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што Пуцін тут дэманструе паказную цвёрдасць:
«Гэта пункцік усіх аўтарытарных рэжымаў, што ніхто не зможа нас нахіліць, калі казаць словамі Лукашэнкі. Такі адказ Амэрыцы — гэта, хутчэй, такі рытуальны піяраўскі
крок».
Насамрэч, Расія не зацікаўленая ў пагаршэнні адносін з ЗША, у яе ёсць іншыя задачы, мяркуе спадар Класкоўскі. Абвастрэння адносін з ЗША ў Масквы не будзе:
«І калі ў Мінску спадзяюцца, што пачнецца новая халодная вайна і на гэтым можна будзе пагрэць рукі, то дарэмна».
Аляксей Кароль
Палітолаг Аляксей Кароль назваў прыкрым, што Масква адказвае на закон Магніцкага, спекулюючы лёсамі дзяцей-сірот. Такі адказ найперш б’е па рэпутацыі Расіі і яе дачыненнях
з ЗША:
«Расійска-амэрыканскія адносіны на гэтым этапе пагоршацца. За гэтым я яшчэ бачу і праяву імперскай тэндэнцыі ў Расіі, што яна мусіць адказаць моцна, як вялікая дзяржава».
Уладзімір Пуцін таксама выказаў нязгоду з заявай, што ён стварыў у Расіі аўтарытарны рэжым:
Журналіст: «За 12 гадоў вы пабудавалі даволі жорсткі і дзесьці нават аўтарытарны рэжым асабістай улады. Думаеце гэтая сістэма жыццяздольная ў новым стагоддзі?
Пуцін: «Лічу, што мы забяспечылі стабільнасць выключна як абавязковую ўмову для развіцця. Але назваць гэтую сістэму аўтарытарнай не магу. І самым яркім доказам гэтаму маё
рашэнне пайсці на другія пазіцыі пасля двух тэрмінаў прэзідэнцтва».
Па ўсіх стандартах рэжым у Расіі аўтарытарны з імперскай падкладкай
Палітолаг Аляксей Кароль у сувязі з гэтым згадвае, што і ў СССР называлі сябе дэмакратычнай дзяржавай:
«На справе ў Пуціна сапраўды ёсць памкненне, у многім рэалізаванае, —стварыць аўтарытарны рэжым. Аб гэтым сведчаць усе апошнія дзеянні: разгон акцый, арышты і суды за тыя дзеянні,
якія ва ўсім свеце дазваляюцца. Па ўсіх стандартах рэжым у Расіі аўтарытарны з імперскай падкладкай».
Палітолаг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што пуцінскі рэжым праходзіць такую ж эвалюцыю, як і беларускі рэжым:
«Пасля таго як Пуцін пераабраўся, ён таксама пачаў метадычна зачышчаць палітычнае поле: узнікла справа аб беспарадках, ідзе персанальны ціск на лідараў пратэсту, супраць іх заводзяць
крымінальныя справы, ператрусы. Усё гэта вельмі нагадвае беларускія рэаліі».
Паводле svaboda.org