Андрэй Ягораў: Нічога незвычайнага — Расія і Беларусь працягваюць старую інтэграцыйную гульню

Бакі маніпулююць, як могуць — Расія успамінае аб старых дакументах, Беларусь заяўляе аб няроўных эканамічных умовах і дарагім газе для саюзніка.

img.jpg

Заявы расійскага прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева аб павышэнні інтэграцыі і гнеўныя ў адказ водпаведзі Аляксандра Лукашэнкі, перададзеныя ў Маскву з расійскімі рэгіянальнымі журналістамі — старыя традыцыйныя прыёмы, бакі могуць у любы момант таксама звыкла вярнуцца да танальнасці «братэрскай дружбы». Пра гэта ў інтэрв'ю Thinktanks.by сказаў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў.
«Такога роду сутычкі паміж Расіяй і Беларуссю — гэта традыцыйныя канфлікты, яны адбываюцца рэгулярна, аналагаў такім скандалам ў нашым мінулым поўна. Прычым гэтыя канфлікты разгортваюцца заўсёды прыкладна па адным і тым жа сцэнары, калі нейкі з бакоў становіцца незадаволеным адносінамі на бягучы момант, — заўважыў Андрэй Ягораў. — Гэта амаль заўсёды абмен акцый сімвалічнай лаяльнасці за эканамічныя каштоўнасці. Расія нагадвае пра недавыкананне Беларуссю юрыдычных абавязальніцтваў, яна спрабуе выкарыстаць эканамічныя рычагі, абмяжоўваючы альбо доступ на расійскі рынак, альбо маніпулюючы цэнамі на энергарэсурсы. Беларусь таксама звыкла звяртаецца ў выпадку эканамічных складанасцяў з Расіяй аб дыскрымінацыі і г.д.».
Прычына цяперашняга канфлікту, адзначае палітолаг, абсалютна зразумелая і вытлумачальная — Мінску будзе вельмі балюча згубіць даходы ў выніку выканання Расіяй падатковага нафтагазавага манеўру. «Беларусь ідзе на абвастрэнне сітуацыі, спрабуючы шукаць рашэнне, вывеўшы праблему ў плоскасць адносін паміж кіраўнікамі дзяржаў, каб яны на нейкай двухбаковай сустрэчы тэт-а-тэт, на нейкім гандлі дамаўляліся аб новых умовах субсідавання беларускай эканомікі. Усё тая ж ранейшая гульня», — падкрэсліў Андрэй Ягораў.

Трывожныя сірэны ўключаць рана

«Няма падстаў для драматычных высноў, — лічыць палітолаг. — Нічога беспрэцэдэнтнага не прагучала і не здарылася. Усё гэта было і раней, можна ўспомніць словы Уладзіміра Пуціна ў плане ўваходжання Беларусі ў склад Расіі шасцю губернямі, выраз «мухі асобна, катлеты асобна», настойлівыя прапановы агульнай валюты, натуральна, у выглядзе расійскага рубля і іншае».
Пры гэтым, на думку Андрэя Ягорава, Беларусь сама сябе загнала ў гэтую сітуацыю, калі падпісаныя саюзніцкія дамоўленасці значна апярэджваюць, тое, што Беларусь рэальна хоча, гатовая і можа рабіць. «Інкарпарацыя не ў інтарэсах улады Лукашэнкі, выканаць інтэграцыйныя абяцанні ён не можа, але і Расія — наколькі яна цяпер у стане аказваць ціск на Мінск, такі ціск, які б прымусіў Беларусь прыняць добраахвотнае рашэнне аб далучэнні да Расіі? Думаю, рэсурсаў на такі ціск у Масквы зараз не хопіць», — лічыць Андрэй Ягораў.
Што тычыцца сілавога варыянту, то, «думаю, Расея зараз на такое не вырашыцца, таму што яна зусім не ўпэўненая ў тым, што гэта не ператворыцца ва ўкраінскі варыянт». «Насельніцтва ў сваёй большасці аддае перавагу незалежнасці, акрамя таго, ёсць кругі, якія відавочна антырасійскі настроены, у выпадку абвастрэння адносін з Масквой сама беларуская ўлада будзе распаўсюджваць гэтыя антырасійскія настроі ў грамадстве. Ды ўжо цяпер відаць, як беларуская прапагандысцкая машына адразу ж разгарнулася ў бок антырасійскай рыторыкі. Таму сілавы сцэнар, мне здаецца, тут немагчымы, застаецца эканамічна прымушаць, але тут Мінск мае досвед гандлю абяцаннямі, перайграць яго цяжка», — заўважыў Андрэй Ягораў.