Апрацоўка артылерыяй

Звычайна на вайне перад наступам праводзіцца «артпадрыхтоўка» — апрацоўка пазіцый праціўніка артылерыяй. «Вялікая размова з Лукашэнкам» і ёсць такая артпадрыхтоўка.

bb0c8e9e_678a_407b_a021_3394dee67501_w987_r1_s.jpg

Сама падзея выскачыла даволі нечакана. Звычайна пра прэс-канферэнцыі кіраўніка дзяржавы мы даведваемся як мінімум за тыдзень, а ў лепшых выпадках — і за месяц да яе правядзення. Зараз жа яна была ледзь не тэрміновай.

Дадало розных інсінуацый і тое, што Расія ўсталявала на мяжы з Беларуссю памежную зону. Расійскія памежнікі пачалі правяраць пашпарты ва ўсіх запар. Не вырашана нафтавае і газавае пытанне. Рассельгаснагляд у чарговы раз спыніў пастаўкі беларускай «малочкі», а квоты на экспарт харчоў з Расіяй плануецца падпісаць толькі ў лютым…

На гэтым фоне скандальны Regnum са спасылкай на «крыніцу» (незразумела, што гэта за крыніца, дзе яна — у Маскве альбо Мінску, не пішацца пра яе кампетэнцыю, інфармаванасць ці «высокапасаджанасць») укінуў, а астатнія выданні падхапілі, што Лукашэнка рыхтуецца выйсці з ЕАЭС і АДКБ. Канешне, ад беларускага кіраўніка можна чакаць усяго, чаго заўгодна, аднак, хутчэй за ўсё, «крыніца» Regnumа — на дне чаркі.

Лукашэнка дваццаць год будаваў, будаваў ды не выбудаваў саюз з Расіяй. Дзеля гэтага ён вынішчаў, ды не вынішчыў мову, культуру, сцяг, герб… І зараз сказаць: «Мы выходзім з інтэграцыйных аб’яднанняў?» Гэта ўсё роўна, што пачуць ад беларускага кіраўніка: «Я стаміўся, я сыходжу, паслязаўтра свабодныя выбары». Гэта распісанне ў тым, што дваццаць год жыцця краіны былі памылкай, а Лукашэнка вельмі не любіць вызнаваць свае памылкі, і такую памылку ён ніколі не прызнае.

Так яно і адбылося.

Між тым, па асабістым адчуванні, «размова» апынулася вельмі шчырай. Нават склалася ўражанне, што беларускаму кіраўніку проста няма з кім паразмаўляць. Не, канешне, яго слухаюць і выслухоўваюць. Але не чуюць. І яму карцела проста патлумачыць сваю нават не пазіцыю, а сваё бачанне сістэмы, бачанне будучыні, бачанне сітуацыі. І яму проста для самога сабе важна было патлумачыць, чаму ўсё так, а не інакш.

Таму за першыя тры гадзіны размовы ён адказаў толькі на два пытанні, вельмі падрабязна спыняючыся на розных аспектах праблемаў. Аднак, у той жа час, нічога новага ён не сказаў.

Праўда, у такім фармаце ён ужо не выглядаў экспертам па розных пытаннях — ад рэформы школы да касмічных спадарожнікаў. Ён больш расказваў пра свае нялёгкія рашэнні.

Але і некаторыя рэчы былі цікавыя.

Чаму Лукашэнка ўсё ж наважыўся на такую тэрміновую размову? Па-першае, трэба сцішыць накалы жарсцяў у грамадстве, выкліканыя падзеннем узроўню жыцця і тым самым падаткам на дармаедства. Прафсаюзы супраць яго сабралі 25 тысяч подпісаў, а гэта ў 25 разоў больш, чым трэба для старэння палітычнай партыі і палова, неабходная для заканадаўчай ініцыятывы — каб прымусіць дэпутатаў разглядзець адмену «дармаедскага дэкрэту» на сесіі парламента.

Менавіта тлумачэнне сваёй пазіцыі, каб сцішыць накал жарсцяў у грамадстве. Што тычыцца «дармаедскага дэкрэту», то задача яго, аказваецца, была іншая — не напоўніць бюджэт, а прымусіць тых, хто працуе «ў ценю», легальна працаўладкавацца і сплочваць падаткі. Праўда, ці дасягнутая гэтая мэта — невядома. Вядома толькі, што сабралі «дармаедскіх падаткаў» толькі 12,5 млн рублёў, што для бюджэта Беларусі — мізер. Ды й падатак гэты прапрацаваў лічаныя дні, таму «давайце пацерпім пару годзікаў, а потым паглядзім».

Крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва, заробак «усім па 500» — зноў пазіцыя зразумелая. Заробак не павінен расці больш, чым вытворчасць працы, і «людзі павінны разумець, каб узяць у банку грошы — трэба, каб нехта прыйшоў, і паклаў грошы ў банк». Павінна працаваць эканоміка. А як яна будзе працаваць — маўчок. Камунальныя паслугі: Аляксандру Рыгоравічу нехта з ЖКГ падсунуў тое, пра што ўжо шмат пісалі — раздрукоўку, колькі плацяць за камунальныя паслугі нашыя суседзі у Маскве, Вільнюсе, Варшаве… І кіраўнік дзяржавы, зразумела, зрабіў высновы, што «камуналка ў нас невялікая, тым больш, што ён не адышоў ад правіла «падаражанне не больш за 5 долараў на месяц».

Шасцідзёнка ў школах? Шосты дзень — для спорту, для ўрокаў працы, для факультатыўных заняткаў.

ice_screenshot_20170203_143222_8q5ow.png

Але і гэта не галоўнае. Галоўнае, што ў Аляксандра Рыгоравіча на 9 лютага запланаваная сустрэча з Уладзімірам Пуціным. Дзе і будуць вырашацца пытанні газу, нафты, крэдытаў, харчоў і гэтак далей. Папярэднія сустрэчы ніякіх вынікаў не далі — аж да таго, што кіраўнік Беларусі ў снежні мінулага года не паехаў на саміты АДКБ і ЕАЭС у Санкт-Пецярбург, дзе падпісваўся Мытны кодэкс ЕАЭС.

Зразумела, правадыр Сінявокай ведае, што яго выступы СМІ разрываюць на цытаты. А таму, верагодна, гэтая вялікая размова» і была своеасаблівай «артпадрыхтоўкай» перад сустрэчай з кіраўніком Расіі. Каб хаця б праз СМІ давесці свае аргументы.

Таму «вялікая размова» з ім — у звыклым рэчышчы. Навокал ворагі, і частка з іх зацясалася ў атачэнне расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна. Гэта ворагі вінаватыя ў збядненні насельніцтва, ў «падатку на дармаедства», на грыбы, ягады і дзьмухаўцы, а мы, белыя і пухнатыя (як тыя дзьмухаўцы) павінны падстройвацца пад сітуацыю. Да таго ж у свеце крызіс (якога там ужо даўно няма), які балюча б’е па Беларусі як экспартаарыентаванай дзяржаве.

І тут Аляксандр Лукашэнка разгарнуўся напоўніцу. Усяляк падкрэсліваючы цёплыя асабістыя адносіны з Пуціным, ён падкрэсліваў наяўнасць «ворагаў» у ягоным атачэнні. На Данкверта з «Россельгаснагляду» Лукашэнка ўвогуле даручыў завесці крымінальную справу, па прынцыпе Баўмгертнера.

«Расія —  гэта святое. Мы з гэтай калыскі. Але ёсць дзве дзяржавы. Хто прыняў першы дэкларацыю аб незалежнасці?», — запытаўся Лукашэнка І абвінаваціў Федэрацыю — гэта Расія не выконвае дамоўленасці ў межах ЕАЭС, Саюзнай дзяржавы, і гэтак далей, калі Сінявокая прытрымліваецца да літары. Гэта тычыцца нафты, газу, і нядаўна ўведзенага Расіяй памежнага рэжыму. Увогуле, лічыць Лукашэнка, гэта «непарадак», калі дырэктар ФСБ сваім подпісам рушыць шматгадовыя міждзяржаўныя дамоўленасці.

І тым не менш: Расіі бескарысна ціснуць на Сінявокую. «Без расійскай нафты мы абыйдземся. Нам будзе цяжка. Але свабода і незалежнасць — гэта рэнтабельна ў любым выпадку. Свабода і незалежнасць даражэйшыя за любую нафту. Знойдзем выйсце — але гэтага ў Расіі не разумеюць, думаюць, што мы нікуды не падзенемся», — заявіў Лукашэнка. І адначасна заявіў, што выхад Беларусі із ЕАЭС і АДКБ — поўная лухта.

То бок, Расія нам — брат. Рускія людзі — нашыя людзі. Гэта Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў на кожным кроку. Аднак ёсць у нас ворагі ў расійскай уладзе, якія ўсяляк хочуць «раздзербаніць» Сінявокую, прыватызаваць за бясцэнак прадпрыемствы, і дзеля ўласнай выгады ціснуць, ціснуць і ціснуць на «ненахіляемага» саюзніка.

Адзінае, што не вельмі добра — тое, што гэтая «размова» была вельмі доўгай. Проста асноўныя мэсыджы Лукашэнкі губляліся. Губляўся і сам Аляксандр Рыгоравіч, некалькі раз казаўшы ў стылі: «Пра што гэта я? забыўся, з чаго пачаў…»

Такім чынам, Лукашэнка можа быць задаволены. Яго, урэшце, выслухалі. Але ці пачулі — гэта таксама пакуль не вызначана.

І напрыканцы:

Аляксандр Рыгоравіч пацвердзіў справядлівасць адной інтэрнэт-кампаніі, сказаўшы: «Трэба, як я раней казаў, распранацца і працаваць (раздеваться и работать)». Калісьці гэта выклікала флэшмоб з фоткамі аголеных людзей на працоўных месцах, пасля чаго было заяўлена, што насамрэч Лукашэнка казаў «Развівацца і працаваць». Не, усё ж «распранацца».

І Лукашэнка расказаў, у што ён апрануты. «Пантофлі — «Марка», нагавіцы — імпартныя, строй — свой, гальштук замежны, кашуля замежная, сподняе — сваё».