Пачалася сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ

Мерапрыемства праходзіць у Нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа". Яно заяўленае як "Вялікая размова з прэзідэнтам".

000019_965624_big.jpg


Прамую трансляцыю вядуць тэлеканалы "Беларусь 1", "Беларусь 24" і Першы нацыянальны канал Беларускага радыё.
У сустрэчы ўдзельнічаюць прадстаўнікі 37 масмедыя, у тым ліку агенцтваў Блумберг (ЗША), Рэйтэр, Бі-бі-сі (Вялікабрытанія), Польскага агенцтва друку, УНИАН (Украіна), Анадолу (Турцыя), радыё "Свабода" (ЗША), ТАСС , "Россия сегодня", Першага канала, НТВ (Расія).
З айчынных недзяржаўных СМІ прысутнічаюць прадстаўнікі газет "Наша ніва", "Народная воля", "Прессбол", парталаў tut.by, onliner.by, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
Як паведаміла напярэдадні прэс-служба прэзідэнта, у мерапрыемстве возьмуць таксама ўдзел "шматлікія эксперты, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб`яднанняў".
Апошні раз Аляксандр Лукашэнка праводзіў вялікую прэс-канферэнцыю для беларускіх і замежных СМІ 29 студзеня 2015 года. На ёй прысутнічала 260 журналістаў з 152 газет, 16 інфармацыйных агенцтваў, трох інтэрнэт-выданняў, 26 тэлеканалаў і 41 радыёстанцыі. Рэгіёны Беларусі былі прадстаўленыя 142 журналістамі. Сустрэча таксама праходзіла ў фармаце "адкрытага дыялогу": журналісты маглі не толькі задаваць пытанні, але і выказваць свае думкі, прапановы, заўвагі. Тая прэс-канферэнцыя стала рэкорднай па часе — яна доўжылася больш за сем гадзін.
БелаПАН