Эдуард Пальчыс: Расійскае тэлебачанне гадамі адурманьвае беларусаў
Вядомы блогер, дысідэнт і былы палітвязень Эдуард Пальчыс у інтэрвʼю belsat.eu папярэджвае пра «вірус «рускага свету»» ды тлумачыць, чаму не перайшоў на беларускую моаву.
«Расійскае ТБ гадамі адурманьвае беларусаў»
— Калі казаць пра «рускі мір» у Беларусі, то наколькі глыбока ён ушыўся ў нашае грамадства?
— Для мяне паказальны прыклад аднаго байца з «ДНР», які паехаў ваяваць пасля прагляду сюжэту пра «ўкрыжаванага хлопчыка» са Славянску. Прапаганда ўздзейнічае, і нікуды ад гэтага не збегчы. Расійскае ТБ гадамі адурманьвае беларусаў, і наступствы гэтай «працы» мы яшчэ ўбачым.
— Улада пачала рэагаваць негатыўна на яскравыя праявы «рускага свету». Варта ўзгадаць арышты «рэгнумаўцаў», што гэта можа азначаць?
— Гэта спроба самазахавання. Бо ўлады разумеюць небяспеку «рускага свету». Але шмат хто ў дзяржаўнай сістэме сам з’яўляецца носьбітам гэтага віруса, асабліва ў войску і сілавых структурах.
— Хіба таму і пачаліся чарговыя «дыпламатычныя гульні» з Захадам, як страхоўка ад пагрозы «расейскага свету»?
— З Захадам заігрываюць дзеля крэдыту і грошаў, бо два гады перманентнага крызісу прымушаюць выкарыстоўваць усе варыянты. Тут шмат абставінаў, пра якія мы не ведаем. Геапалітычная сітуацыя вельмі хутка змяняецца, 2016-ы год прынёс шмат сюрпрызаў. Таму мала хто ў свеце можа што-небудзь добра пралічыць наперад.
«Я без праблем магу перайсці на беларускую мову, але…»
— Нядаўна пачуў, што Пальчыс — герой і беларускі супермен, але каб ён загаварыў беларускай, дык было бы яшчэ лепей. Як ты ўспрымаеш такія выказванні?
— Ну, па-першае, тое, што я герой і супермен — гэта залішняе і зусім не так. Па-другое, тое, што я размаўляю па-расейску ў дадзенай сітуацыі — плюс. Я без праблем магу перайсці на беларускую мову, але сваю задачу бачу ў працы сярод рускамоўных беларусаў.
— Няма мовы — няма нацыі, ці так гэта?
— Не так. Бо нацыі ёсць розныя. Напрыклад — амерыканцы. У іх мова англійская. Ці вось ёсць дагэтуль ужываюць латынь, але на ёй ніхто не размаўляе. Але калі глядзець на класічныя еўрапейскія нацыі — так, свая нацыянальная мова абавязкова ёсць, і мы павінны таксама да гэтага імкнуцца.
— Ці можа прывесці навязванне беларускай мовы да нянавісці да яе?
— Пытанне, што такое навязванне? Вось нам некалі гвалтам насаджалі рускую мову — гэта было нашмат горшае, чым навязванне. Таму я за любое пашырэнне ўжывання беларускай мовы. Гэта будзе не навязваннем, а абаронай існавання роднай мовы.
— Нельга цурацца ніякіх метадаў ці трэба знайсці залатую сярэдзіну?
— Канечне, пажадана, каб гэта было камфортна для большай часткі насельніцтва, і не выклікала абурэння без неабходнасці.
— А як гэта можна рэалізаваць?
— Тут пытанне. Хто гэта будзе рабіць — грамадства, дзяржава, ці разам? Стратэгіі могуць быць рознымі, але галоўнае — стварэнне добрага стаўлення да роднай мовы, пашырэння яе сферы ўжытку, ды развіццё дзіцячай беларускамоўнай адукацыі.
Як жыве Эдуард Пальчыс цяпер?
— З дня твайго вызвалення мінула больш за тры месяцы. Чым цяпер займаешся?
— Зараз нідзе не працую, бо з маім мінулым не ўсе пагодзяцца за мной сустракацца (усміхаецца). Таму, разлічваю на працу ў медыясферы.
— Ты зараз пачаў пісаць артыкулы для «Нашай Нівы» ды весці калонку на старонцы «Белсату». Хацеў бы прафесійна заняцца журналістыкай?
— Наконт гэтага казаць падрабязна не буду, бо рыхтую для чытачоў цікавы сюрпрыз (загадкава ўсміхаецца).
— Які Эдуард Пальчыс у побытавым жыцці? Іншымі словамі чым цікавішся, якія ў цябе хобі, што чытаеш і якую музыку слухаеш?
— Гэта ўсё засакрэчаная інфармацыя, і доступ да яе ёсць толькі ў майго куратара з ААЦ (смяецца).
Гутарыў Мікола Дзямідаў, belsat.eu