Барыс Нямцоў: Дэмакраты ў Расіі ніколі не былі пры ўладзе

Адным з удзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі «Беларусь — Расія: ракіроўка ці перазагрузка» быў вядомы расійскі палітык, былы сустаршыня Саюза правых сіл, экс-віцэ-прэм’ер расійскага ўраду, экс-міністр паліва і энергетыкі і былы губернатар Ніжагародскай вобласці Барыс Нямцоў. У перапынку паміж пасяджэннямі форума палітык адказаў на пытанні карэспандэнта «НЧ» Генадзя Кеснера.

— Барыс Яфімавіч, як так склалася, што «правыя» ў Расіі страцілі ўладу?



55b1927fdafef39c48e5b73b5d61ea60.jpg

Адным з удзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі «Беларусь — Расія: ракіроўка ці перазагрузка» быў вядомы расійскі палітык, былы сустаршыня Саюза правых сіл, экс-віцэ-прэм’ер расійскага ўраду, экс-міністр паліва і энергетыкі і былы губернатар Ніжагародскай вобласці Барыс Нямцоў. У перапынку паміж пасяджэннямі форума палітык адказаў на пытанні карэспандэнта «НЧ» Генадзя Кеснера.

— Барыс Яфімавіч, як так склалася, што «правыя» ў Расіі страцілі ўладу?
— Справа ў тым, што дэмакраты ў Расіі пры ўладзе асабліва ніколі і не былі, калі не лічыць рамантычнага часу жніўня 1991 года. Ужо ў 1992 годзе прэм’ер-міністрам стаў Чарнамырдзін, якога нават чыста візуальна цяжка назваць дэмакратам. Апроч таго, на долю расійскіх дэмакратаў выпала самая цяжкая і няўдзячная праца. Трэба было з рэанімацыі ратаваць краіну, якая там апынулася пасля банкруцтва і распаду СССР. І вы самі ведаеце, што з рэанімацыі ружовашчокім яшчэ ніхто не выходзіў — усе такія бледнаватыя і кепска стаяць на нагах. То бок, нам выпала зрабіць усю чарнавую працу. І гэта адна з прычын таго, што дэмакраты не кіравалі краінай.
Другая прычына — расійскім дэмакратам не моцна пашчасціла. Напрыклад, калі я быў міністрам паліва і энергетыкі, нафта каштавала дзесяць долараў за барэль. Зараз у Пуціна — семдзесят пяць, і ён б’ецца ў істэрыцы, што ў яго дэфіцытны бюджэт, спад ВУП на дзесяць працэнтаў і гэтак далей. Мы захавалі Расію пры дзесяці доларах. Натуральна, гэта было вельмі цяжкае жыццё. Людзі, тым не менш, ніяк не атаясамліваюць кошты на нафту са сваім рэальным жыццём. Маўляў, прыйшоў Пуцін, і жыць стала лягчэй. А тое, што калі прыйшоў Пуцін, і так супала, нафта стала даражэйшай, яны здагадацца не могуць.
І трэцяя прычына — гэта такая гебельсаўска-пуцінская прапаганда супраць ліберальных каштоўнасцяў, якую ён праводзіць апошнія дзесяць гадоў, ненавідзячы ўсё жывое, усё, што вакол, уключна суседзяў. Так што тут прапагандысцкі эфект таксама мае вялікае значэнне.
— Звернемся да пытання так званага «дуумвірата». Натуральна, у першыя дні і нават месяцы было зразумела, што Дзмітрый Мядзведзеў не зможа праводзіць уласную палітыку. Але прайшло ўжо багата часу, ці змянілася што-небудзь у гэтым сэнсе, ці мае Мядзведзеў рэальную ўладу ў Расіі?
— Не. Пуцін доўга выбіраў чалавека слабага, лаяльнага і не здольнага кіраваць краінай. І ён яго знайшоў — гэта Мядзведзеў. Гэты чалавек не здольны паўнавартасна кіраваць дзяржавай, быць дзеяздольным прэзідэнтам. Уласна, яго місія ў тым, каб быць шырмаю. Праблема ў іншым, праблема ў тым, што такая руская традыцыя на працягу стагоддзяў — хто ў Крамлі, той і ўлада, гэта легітымная пасада прэзідэнта, якая легітымна ўжо тысячу гадоў існавання Расіі, — гэта традыцыя парушаецца дзеля амбіцыяў Пуціна з-за яго жадання застацца пры ўладзе. Апроч таго, ён растоптвае Канстытуцыю, бо, паводле Асноўнага закону, Расія — прэзідэнцкая краіна, і ён яе растаптаў разам з традыцыяй.
Гэта, натуральна, вельмі кепска, таму што і без таго ў нас дзяржава вельмі карумпаваная і неэфектыўная, а з улікам гэтай канстытуцыйнай і гістарычная турбулентнасці яна стала яшчэ больш слабай. Дзяржава агрэсіўная, але слабая.
— А апошнія заявы Мядзведзева, напрыклад, наконт Украіны — гэта яго спробы паказаць сябе моцным кіраўніком ці штосьці іншае?
— Не, ён спрабуе. Але я скажу інакш: чым слабейшы чалавек, тым больш грознымі мусяць быць ягоныя прамовы. Увогуле, калі размаўляюць сур’ёзныя людзі, яны размаўляюць напаўголаса, не размахваюць рукамі, і кожнае іх слова фіксуецца. Вось, напрыклад, калі Бернанке (кіраўнік Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША) абвяшчае стаўку рэфінансавання і колькі будзе надрукавана амерыканскіх долараў, то ён гаворыць гэта вельмі ціха. Але чамусьці ўсе сусветныя рынкі і ўся сусветная эканоміка на гэта бурна рэагуюць.
А калі Мядзведзеў піша Юшчанку грозныя лісты, то, за выключэннем Украіны, дзе ўсё ж ідзе выбарчая кампанія, больш на гэта ніхто ўсёр’ёз не рэагуе, бо ўсе разумеюць, што гэта або танны піяр, або няўклюдныя спробы паўплываць на сітуацыю ў іншай краіне. Дарэчы, і ў нас у Расіі на гэта сур’ёзна не рэагуюць.
— Ці не баіцца кіраўніцтва Расіі наступіць на адны і тыя ж граблі, калі падчас папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне яны адкрыта падтрымалі аднаго кандыдата, а перамогу атрымаў зусім іншы?

— Ведаеце, разумны вучыцца на ўласных памылках, а дурань увогуле не вучыцца. Калі б улады былі разумныя, то яны б тую ганебную гісторыю 2004 года, якую вы прыгадалі, не захацелі б паўтарыць. Але, мяркуючы па гэтых дзеяннях, падаецца, што яны ніякіх высноваў не зрабілі.
А ўвогуле, расійская праблема ў тым, што ў нас чым даражэйшая нафта, тым дурнейшы ўрад. У нас IQ урада адваротна прапарцыйны кошту на нафту. Паколькі зараз нафта каштуе 75 долараў за барэль (а гэта сапраўды дорага), то, канешне, патрабаваць ад уладаў аналізу, у тым ліку і ўласных памылак, было б, верагодна, заўчасна.