
Алесь Макаеў думае пра цяжкі лёс беларускіх прадпрымальнікаў
На прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам з’езду Руху салідарнасці «Разам», Макаеў (які, дарэчы, стаў сустаршынёй гэтай арганізацыі) даволі шмат казаў пра сённяшняе становішча ІП у краіне. І не дзіва, бо РСР гэтаму прысвяціла нават асобную рэзалюцыю. Яна называецца даволі катэгарычна: «Аб небяспецы для беларускай дзяржаўнасці стаўлення сённяшняга рэжыму да прадпрымальніцкай дзейнасці».
Зразумела, у дакуменце паведамляецца, што ў сённяшняй улады стаўленне да іпэшнікаў ніколі не было добрым. Узгадалі ў РСР і розныя словы кіраўніка дзяржавы на адрас прадпрымальнікаў, асабліва «вашывыя блохі», якімі Лукашэнка ахрысціў ІП аж у 1995 годзе. А ў апошнія часы ўлады і зусім «цалкам выціснулі дзейнасць прадпрымальнікаў па-за прававое поле і зрабілі іх становішча безвыходным».
«Сацыяльная напружанасць, якая ствараецца праз дыскрымінацыю вялікай групы беларускіх грамадзянаў, непатрэбная нікому ў Беларусі і выглядае як частка магчымага плану Крамля ды Лубянкі па дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі ў краіне і спробай знішчэння беларускай дзяржаўнасці. Дзеянні маскоўскай агентуры ва Украіне, якія папярэднічалі анексіі Крыма і вайне Расіі на Данбасе, паказваюць рэальнасць такой небяспекі для Беларусі», — напісана ў рэзалюцыі.
Макаеў лічыць, што вялікая частка прадпрымальнікаў, якую ўлада заціснула па самае «не магу», цалкам можа стаць «аб’ектам распрацоўкі» знешняга ворага. Сапраўды, у Данбасе ў свой час усе казалі, што «ў Расіі ім будзе лепш». З улікам таго, што частка «памежных» з Расіяй ІП ужо перавяла ў суседнюю краіну свой бізнес, і няблага сябе там пачувае, незадаволеныя індывідуальныя прадпрымальнікі як сацыяльная група могуць стаць апорай для магчымых «зялёных чалавечкаў».
Макаеў бачыць яшчэ адно падабенства беларускіх ІП з данецкімі шахцёрамі: «На беларускіх рынках прэвалюе апатыя, спажывецкія настроі, жаданні, каб інтарэсы прадпрымальнікаў абараняў нехта іншы, а не яны самі. Нагадаю, што і шахцёры Данбасу ўвесь час шчыра лічылі, што ім усе вінныя. Пасля ўвесь свет пабачыў, хто гэта выкарыстаў і да чаго гэта прывяло».
Ён таксама нагадаў пра інфармацыю, агучаную былым паслом Украіны ў Беларусі Раманам Бяссмертным пра магчымасць «данецкага сцэнару» ў Віцебскай і Гомельскай абласцях Беларусі.
У выніку Рух салідарнасці «Разам» патрабуе ад уладаў таго ж, чаго патрабуюць усе прадпрымальніцкія саюзы і ініцыятывы: скасаваць указы кіраўніка дзяржавы №48 і №222, якія ставяць іпэшнікаў у невыноснае становішча, прыняць з удзелам прадпрымальнікаў закон аб малым бізнесе, і аднавіць рэгулярную працу перамоўнай групы пры Міністэрстве эканомікі з мэтай вырашэння надзённых праблем прадпрымальнікаў. Але патрабуюць яны гэтага не проста так, а «ў сувязі з небяспекай для беларускай дзяржаўнасці».

Аляксандр Тамковіч і Алесь Марачкін падзяляюць думкі Макаева наконт небяспецы Беларусі