Без ансамбля

Памылкі «Саюзнай дзяржавы» павінен выпраўляць той, хто іх зрабіў. Так супала, што 2 красавіка адкрываецца шостая сесія Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Нагадаю, гэта афіцыйны «Дзень яднання народаў» Беларусі і Расіі.

apros_1_logo.gif


У гэты дзень у 1996 годзе Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі ў Маскве дамову «Аб стварэнні супольнасці Расіі і Беларусі». Роўна праз год, 2 красавіка 1997-га, была падпісана дамова «Аб Саюзе Беларусі і Расіі». 25 снежня 1998 года кіраўнікі Расіі і Беларусі падпісалі Дэкларацыю «Аб далейшым яднанні Расіі і Беларусі». 8 снежня 1999 года набыла моц дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Во колькі папераў было…

У гэтых дакументах кіраўнікі дзяржаў «цвёрда заявілі аб рашучасці працягнуць паэтапны рух да добраахвотнага аб’яднання ў Саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў — удзельніц Саюза».

Выбачайце за «круглы кубік» — гэта не я прыдумаў. «Аб’яднанне ў Саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту» — гэта на сумленні стваральнікаў так званай «Саюзнай дзяржавы».

І вось нарэшце ў Беларусі ўбачылі: «Саюзная дзяржава» пагражае нашай незалежнасці. Дэпутатка Ганна Канапацкая напярэдадні адкрыцця сесіі Палаты прадстаўнікоў напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што «Саюзную дзяржаву» трэба скасаваць:

«Сёння… зноў востра паўстае пытанне захавання незалежнасці і суверэнітэту Беларусі ва ўмовах нечакана рэзкага фарсіравання інтэграцыйных працэсаў у рамках няскончанага 20-гадовага праекта Саюзнай дзяржавы, што прымушае задумацца, а ці патрэбны беларусам такі праект. Тым больш, калі ўжо створаны і функцыянуе Еўразійскі эканамічны саюз, куды, акрамя Расіі і Беларусі, уваходзяць яшчэ некалькі краін… Праект Саюзнай дзяржавы за 20 гадоў так і застаўся мёртванароджаным дзіцём. Першапачаткова яго ў сваіх палітычных мэтах выкарыстаў кіраўнік Беларусі. Затым пра Саюзную дзяржаву ўспаміналі хіба што 2 красавіка, і тое даволі вузкае кола людзей. Праект існаваў толькі на паперы і ў частцы створаных фармальных органаў. І вось сёння ў палітычных мэтах яго пачалі выкарыстоўваць расійскія палітыкі, прычым фактычна з пагрозамі эканамічнага ціску на нашу краіну».

«Магчыма, прыйшоў час паставіць кропку ў гісторыі з Саюзнай дзяржавай, каб назаўсёды спыніць у тым ліку шэраг скандалаў і ўзаемных папрокаў па пытаннях інтэграцыі паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі, якія зноў пачалі публічна гучаць з канца мінулага года. Зрабіць гэта можна толькі праз рэферэндум, які могуць ініцыяваць ці 450 тысяч беларусаў, ці Нацыянальны сход, ці прэзідэнт», — напісала Канапацкая і спытала, хто з яе чытачоў падтрымлівае такую ініцыятыву.

Я вельмі паважаю спадарыню Канапацкую, таму што ведаю: яна шмат робіць для сваіх выбаршчыкаў. Яна правакуе — у тым ліку і падобнымі прапановамі — грамадскую дыскусію. Але, выбачайце, пра які рэферэндум ідзе гаворка?

Сапраўды, Канапацкая слушна заўважае: на рэферэндуме 1995 года было пытанне: «Ці падтрымліваеце вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?». 83% тых, хто прыняў удзел у галасаванні, выказаліся «за».

Але пры чым тут рэферэндум па «Саюзнай дзяржаве»? Хіба «Саюзная дзяржава» прымалася рэферэндумам? Не. Хіба стварэнне гэтай структуры атрымала ўсенароднае ўхваленне на рэферэндуме? Таксама не. «Эканамічная інтэграцыя» — не ёсць «Саюзная дзяржава», ці не праўда?

«Саюзная дзяржава» не прымалася на рэферэндуме. Яе не ўхваліў народ Беларусі. І чаму зараз трэба ладзіць рэферэндум, каб яе скасоўваць?

Мне вельмі падабаецца эсэ знакамітага пісьменніка Віктара Марціновіча, у якім ён зазначыў: ёсць нешта сакральнае ў тым, што ўлада ў Беларусі не змяняецца. Бо тыя, хто раней ганьбіў нацыянальную гісторыю і нацыянальныя сімвалы, зараз павінны іх ухваляць і абараняць — бо гэта падмурак незалежнасці і крыніца іх улады. Тыя, хто цкаваў беларускую мову, — зараз павінны яе вывучаць, бо гэта складнік суверэнітэту. І тыя, хто раней касцямі клаўся за «Саюзную дзяржаву», зараз павінны выблытвацца з гэтай пасткі. Самі. Самастойна. «Без ансамбля».

Народ да «Саюзнай дзяржавы» — ні пры чым. Народ нават супраціўляўся. Дастаткова ўзга­даць шматтысячныя мітынгі ў Мінску 1996–1997 гадоў супраць падпісання тых дамоваў. І безліч іншых акцый у пратэст дэкларацый аб’яднання Беларусі і Расіі.

Тое, што зараз кіраўніцтва Беларусі загналі ў пастку «Саюзнай дзяржавы» — гэта толькі яго, кіраўніцтва Беларусі, правіна. Хай кіраўніцтва гэта і выпраўляе. Рэферэндум па скасаванні «Саюзнай дзяржавы» зробіць уяўленне, нібыта раней народ Беларусі гэтую дзяржаву ўхваліў. А насамрэч — не было нічога такога і блізка. Народ тут быў — ні пры чым.

Лукашэнка і Чарнамырдзін не запытваліся ў беларусаў, калі выкопвалі памежны слуп на мяжы Расіі і Беларусі ў 1996 годзе. Цяпер кіраўнікі Расіі і Беларусі хай укопваюць яго назад — але таксама без народа. Народ не павінен несці адказнасць за безадказныя паводзіны правадыроў.