Белавежскія пагадненні — прыклад для сусветнай дыпламатыі
8 снежня 1991 года ў Віскулях абвясцілі пра спыненне існавання Савецкага Саюза. Напярэдадні гадавіны канчатковага распаду СССР у Варшаўскі ўніверсітэт прыехалі падпісанты Белавежскіх пагадненняў.
Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Генадзь Бурбуліс удзельнічалі ў круглым стале, дзе ўзгадвалі прыняцце гістарычных дакументаў.
На думку першага кіраўніка незалежнай Беларусі, Белавежскія пагадненні — прыклад для сусветнай дыпламатыі:
— Я далучаюся да словаў аднаго са шведскіх дыпламатаў, які назваў гэты дакумент “шэдэўрам легітымнай дыпламатыі канца Другога тысячагоддзя”. Дакумент лаканічны і, на маю думку, ён такі, што не падлягае выпраўленню. Ён ужо выпраўлены быў у Белавежскай пушчы нашым парывам, нашым зусім іншым падыходам — мы кансенсусам прынялі ўсе дакументы.
У сваю чаргу былы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук адзначыў асаблівую каштоўнасць бяскроўнага здабыцця рэальнай незалежнасці Беларусі і Украіны ў 1991 годзе. Былы дзяржсакратар Расійскай Федэрацыі Генадзь Бурбуліс дадаў, што ў магчымасць мірнага распаду СССР ніхто не верыў, а ўсе заходнія палітыкі асцерагаліся сепаратызму і былі гатовы падтрымліваць толькі кіраўніцтва Саюза.
8 снежня 1991 года ў Віскулях падпісалі пагадненні аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў і спыненні існавання Савецкага Саюза.
Адзін з падпісантаў тых гістарычных дакументаў — былы Дзяржаўны сакратар РСФСР Генадзь Бурбуліс — адзначыў, што прэзідэнт Барыс Ельцын адыграў важную ролю ў той дзень:
— Пазіцыя Барыса Мікалаевіча і да снежня 19991 года ўжо шматразова была вызначана — Расія мусіць быць свабоднай дэмакратычнай краінай з рынкавай сістэмай эканомікі і гарантаванымі правамі кожнага грамадзяніна і міралюбівая ў адносінах да сусветнай супольнасці. З беражлівым стаўленнем да свайго годнага мінулага і з прынцыповай ацэнкай тых злачынстваў і тых парушэнняў, якія былі ў нашай гісторыі.
Генадзь Бурбуліс лічыць, што СССР была імперыяй без метраполіі. Таму распад Савецкага Саюза быў для Расіі важны, бо яна, на думку палітыка, таксама была ахвярай:
— Расія была адной з самых ушчэмленых рэспублік СССР. У структуры савецкай улады, у структуры рэгіянальных органаў кіравання, Расія была самая непрызнаная рэспубліка. На тэрыторыі РСФСР толькі 7% гаспадарчага эканамічнага патэнцыялу кіравалася ўрадам РСФСР. Астатнія 93% кіраваліся савецкім урадам. Не было такога народа і такой рэспублікі, якія б выступалі ў дадзеным выпадку суб’ектам імперскай свядомасці і імперскага кіравання. Усе ў аднолькавай ступені былі ўшчэмлены.
Паводле сведчанняў першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, менавіта Генадзь Бурбуліс унёс у Белавежскія пагадненні ключавую фразу пра канец існавання СССР.