БССР-2. Што хаваецца за бюракратычнымі фармулёўкамі «саюзных праграм»?

Эксперт @iSANS_Belarus Андрэй Елісееў напісаў вялікі матэрыял, дзе расказаў, што для захавання расійскай падтрымкі Лукашэнка за мінулы год пайшоў на здачу суверэнітэту Беларусі адразу ў некалькіх сферах. А за сухімі пунктамі ў некалькі радкоў, якія паказалі грамадскасці, крыюцца шырокія дакументы аб перапісванні законаў РБ на расійскі манер.

Пратэсты супраць інтэграцыі, Мінск, 2019 г. Фота: Яўген Ярчак

Пратэсты супраць інтэграцыі, Мінск, 2019 г. Фота: Яўген Ярчак


Паводле слоў эксперта, для захавання свайго становішча Лукашэнка за апошні год здаў адразу некалькі сфер суверэнітэту Беларусі:
▪️Інфармацыйную. Цяпер на ТБ у Беларусі знакавыя падзеі каментуюць прапагандысты з Расіі і Украіны.
▪️Самастойную знешнюю палітыку і абарону. З кабінетаў ужо гучаць заклікі выкрасліць з Канстытуцыі фармулёўкі аб імкненні да нейтралітэту.
▪️Незалежныя прававыя нормы.
Акрамя таго, паскоранымі тэмпамі ідзе «інтэграцыя» Беларусі з РФ у адукацыйнай сферы. Гаворка ідзе аж да планаў стварэння «агульных» падручнікаў гісторыі.
«Улічваючы вялікую ступень эканамічнай залежнасці Беларусі і тое, што яе эканоміка складае ўсяго блізу 3% ад памераў расійскай, на практыцы, за выключэннем рэдкіх паказушных прыкладаў "раўнапраўя", гаворка будзе ісці аб маштабным пераходзе Беларусі на расійскія прававыя нормы практычна ва ўсіх сферах, з магутнай інстытуцыйнай прывязкай Беларусі да Расіі», — кажа Елісееў.
Важна сказаць і пра фармулёўкі так званых «саюзных праграм», якія сталі вядомыя людзям.
Калі там гаворыцца пра «ўніфікацыю» права, маецца на ўвазе перапісванне беларускіх законаў пад расійскія літаральна пад капірку, а там дзе пра «гарманізацыю» — пра максімальна магчымае іх прывядзенне да адзінага назоўніка, пераважна зыходзячы з патрэб і пажаданняў расійскага боку.
Экс-амбасадар РФ Дзмітрый Мезенцаў яшчэ ў канцы 2020 года казаў, што інтэграцыйныя дамоўленасці будуць азначаць «выданне, дадатак, "асучасніванне" больш за 700 нарматыўна-прававых актаў».
Гэта значыць, што многія (калі не большасць) беларускіх міністэрстваў і ведамстваў будуць скарочаныя, бо для капіравання расійскіх законаў проста не трэба столькі людзей.
Эксперт таксама падкрэслівае, што «інтэграцыю» нельга параўноўваць з практыкай ЕС, бо эканоміка Германіі там складае 22%, а не 97%, як у выпадку параўнання з РФ.
«Інтэграцыю» можна параўнаць са зводам законаў Расійскай імперыі, калі скасавалі дзеянне Статута ВКЛ у 1840 годзе. Або з БССР, калі Мінск меў толькі намінальны суверэнітэт, а ўсе рашэнні прымала Масква.
Гэта значыць, беларускія ўлады вядуць сакрэтныя ўзгадненні і лічаць неабходным даваць справаздачу не перад беларускім народам, а выключна перад расійскімі калегамі.