Бытавыя гісторыі на фоне сусветнага рэкорду

Гісторыя не ведае ні аднаго прыкладу паспяховага развіцця якой-небудзь краіны ва ўмовах канфрантацыі з Захадам. Але грамадству, аснову якога складае «чалавек савецкі», прасцей перажыць голад, чым багацце.



gimnasty_1_logo.gif

Чарговую «Азбуку паліталогіі» я пачну не з цытавання класікаў паліталогіі, а з побытавых гісторый. Першая звязана з маёй сястрой. Яна жыве ў Пецярбургу. Я з ёй перыядычна размаўляю па скайпу. Палітыкай мая сястрыца не цікавіцца, і нашы размовы абмяжоўваюцца стандартным для пенсіянераў наборам тэмаў: дзеці, унукі, лецішча і ды падобнымі да іх.

Але калі чалавек не цікавіцца палітыкай, то палітыка пачынае цікавіцца чалавекам. У сакавіку сястра нечакана заявіла, што гатовая з аўтаматам у руках абараняць рускіх у Крыме.

Тут мне спатрэбіцца невялікі экскурс у гісторыю. Два гады таму, пасля смерці мужа, сястра вырашыла прадаць аўтамабіль. Яна знайшла па аб'яве ў газеце фірму, падпісала дамову і з дапамогай суседа адагнала на стаянку фірмы сваю новенькую «Хонду». Ужо праз тыдзень аўтамабіль быў прададзены, але грошай сястра так і не атрымала.

Думаю, чытач ужо здагадаўся, што яе банальна падманулі. Фірма пры гэтым працягвала працаваць, актыўна рэкламаваць у мясцовай прэсе свае паслугі. Спроба прыцягнуць дырэктара да адказнасці нічым не скончылася. Міліцыя заяву сястры далучыла да дзясяткаў аналагічных, але распачынаць крымінальную справу адмовілася — яна не знайшла складу злачынства.

Сястра звярнулася па дапамогу да аднаго сябра свайго нябожчыка-мужа, генерала КДБ у адстаўцы. Той праз сваіх калегаў высветліў, што гэты від «бізнэсу» курыруе ў Пецярбургу... міліцыя. Супрацоўнікі КДБ, як вядома, былымі не бываюць. Тым не менш вырашыць пытанне генерал у адстаўцы не змог.

А зараз самы час паспрабаваць адшукаць сувязь паміж жаданнем сястры-пенсіянеркі з аўтаматам у руках абараняць рускіх у Крыме і гісторыяй з аўтамабілем.

Хто падмануў сястру? Бандыты? Не, яе пакрыўдзіла родная дзяржава. Яна адмовілася выконваць адзін з галоўных сваіх абавязкаў ва ўмовах рынкавай эканомікі: выступаць гарантам кантрактаў. Пра гэту азбучную ісціну сястра не здагадвалася. Яе ўяўленне пра дзяржаву сфармавана тэлевізарам. Гэта з яго дапамогай дзяржава паказвае падданым ілжывыя мэты, адводзіць іх увагу ад рэальных праблем.

Другая гісторыя, у адрозненне ад першай, абышлася без дэтэктыўнай інтрыгі. Штогод 6 мая я віншую з днём нараджэння адну сваю знаёмую. Традыцыйнае мерапрыемства. Традыцыйныя госці. Традыцыйныя размовы. Але... як жа сёння без Украіны з яе фашыстамі і бандэраўцамі. Зразумела, дасталася і Захаду, які рыхтаваў у Польшчы і Літве баевікоў для Майдана.

Я тэлевізар не гляджу і з прадстаўнікамі самай шматлікай у краіне партыі («партыі тэлевізара») на асабістым узроўні кантактаў не падтрымліваю. Прафесійныя веды паліталогіі толькі ўзмацнілі ўзаемнае неразуменне. Я апынуўся чужым на свяце тэлегледачоў. Таму ўсе мае спробы данесці іншы пункт гледжання на падзеі ва Украіне апынуліся марнымі.

Марыць не шкодна

За дзень нараджэння я заплаціў бяссонніцай. Усе шукаў аргументы, усё спрабаваў растлумачыць маці сваёй знаёмай ролю Захаду ў жыцці яе дачкі. Здавалася б, якія тут праблемы: школа — універсітэт (біяфак БДУ) — праца ў лабараторыі на заводзе медпрэпаратаў. Усё пералічанае прыйшло да нас з Захаду, як і практычна ўсе бытавыя прыбамбасы — ад туалетнай паперы да айфонаў.

Няма на свеце іншай сістэмы адукацыі, акрамя заходняй, няма іншай навукі і іншай масавай вытворчасці. І не важна, што сёння ў сусветныя лідары выходзіць Кітай, а яму на пяткі наступаюць Японія і Паўднёвая Карэя. Азіяцкія «тыгры» сталі «тыграмі» толькі пасля таго, як здолелі сваю традыцыйную культуру ўзбагаціць заходнімі дасягненнямі.

Марыць, зразумела, не шкодна. Можна, напрыклад, марыць пра тое, што «на шахматной доске геополитики в самое ближайшее время Евразийский экономический союз и Европейский союз станут примерно равновеликими партнерами». Можна сумяшчаць заявы пра рух «вперед по выбранному нами пути с гордо поднятой головой» з прапановай перавярнуць падчас руху «систему с головы на ноги». Можна верыць у мадэрнізацыю ад дзяржаўных прадпрыемстваў за кошт закупкі на Захадзе сучаснага абсталявання і ненавідзець пры гэтым вытворцаў абсталявання.

Нічога новага ў гэтым няма. Як тут ні прыгадаць персанаж байкі дзядулі Крылова, не здольнага ўсвядоміць каузальную (прычынна-выніковую) сувязь паміж ураджаем жалудоў і станам каранёў дуба.

Між іншым, пра наяўнасць такога тыпу сувязяў савецкім людзям пастаянна нагадвала крылатае ленінскае выказванне: «Камуністам можна стаць толькі тады, калі ўзбагаціш сваю памяць веданнем усіх тых багаццяў, якія выпрацавала чалавецтва». На жаль, на практыцы камуністы гэтым выказваннем не кіраваліся. Сваю цікавасць да багаццяў, «выпрацаваных чалавецтвам», яны фармавалі па заяўках ваенна-прамысловага комплексу. У выніку на шостай частцы сушы была пабудавана дзяржава, якую федэральны канцлер ФРГ Гельмут Шміт ахрысціў «Верхняй Вольтай з ракетамі».

Негатыўная салідарнасць

Якія шанцы на выжыванне ў «партыі тэлевізара» ў стагоддзе інтэрнэту? Мяркую, што яе лідарам у бліжэйшае дзесяцігоддзе няма пра што турбавацца. І не мае значэння, што 60% беларусаў рэгулярна карыстаюцца сусветнай павуцінай (НІСЭПД, сакавік 2014 года). Попыт, як вядома, нараджае прапанову. Шараговыя чальцы «партыі тэлевізара» прад'яўляюць попыт на безальтэрнатыўную інфармацыю. Дзяржаўныя тэлеканалы гэты попыт задавальняюць. Такая вось каузальная сувязь.

Можна прывесці каня да вадапою, але нельга прымусіць яго піць. Пра гэта неабходна памятаць тым, хто звязвае няўдачы беларускай апазіцыі з абмежаванасцю інфармацыйных рэсурсаў. Кожны, хто адчувае патрэбу ў альтэрнатыўнай інфармацыі, мае сёння магчымасць яе атрымліваць. Не выключана, што для гэтага давядзецца зрабіць некалькі дадатковых рухаў цела, але не больш за тое.

Прапаную вярнуцца ў 6 мая на дзень нараджэння маёй знаёмай. Здавалася б, з'яўленне носьбіта іншай інфармацыі павінна было выклікаць цікавасць у чальцоў «партыі тэлевізара». Але замест цікавасці нарадзілася агрэсія. Партыйцы самкнуўся шэрагі і сталі дружна адбівацца ад альтэрнатыўных інтэрпрэтацый вядомых ім фактаў. Факты ж невядомыя, г. зн. факты, з якім тэлебачанне іх не азнаёміла, яны проста ігнаравалі.

Агрэсію нараджае не сіла. Агрэсія спараджаецца ўбогасцю. Тое, што я назіраў на мікраўзроўні, расійскія сацыёлагі фіксуюць сёння ў маштабах грамадства. «Падаўленне сацыяльнай дынамікі ў краіне на фоне нарастаючай самаізаляцыі і карупцыі ўлады, — адзначае сацыёлаг «Лявада-Цэнтра» Барыс Дубін, — вядзе да ўзмацнення ахоўных механізмаў: пошуку ворага, ксенафобіі і антызаходніцтва».

Агульны вораг — крыніца салідарнасці, але салідарнасці негатыўнай. Грамадству, аснову якога складае «чалавек савецкі», прасцей перажыць голад, чым багацце. Няздольны такі тып грамадства і адаптавацца да працяглага міру. Вось тут вельмі дарэчы аказваюцца фашысты і бандэраўцы. Лепшай панацэяй для барацьбы з уласным комплексамі, мабыць, і не прыдумаць.

«Суровы, жорсткі, але справядлівы»

Грамадства, чыя згуртаванасць фармуецца механізмамі негатыўнай салідарнасці, адказвае на выклікі дэградацыяй. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Паводле Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ), Беларусь у 2012 годзе выйшла ў сусветныя лідары па колькасці спажытага алкаголю — 17,5 літра чыстага спірту на чалавека ў год. У параўнанні з 2003–2005 гадамі паказчык вырас амаль на 2,5 літра.

8 літраў чыстага спірту на душу насельніцтва — гэта тая мяжа, за якой пачынаюцца незваротныя наступствы: хваробы, нараджэнне хворых дзяцей, страты ў эканоміцы, культуры, сацыяльнай сферы. А мы памятаем, што Беларусь ідзе «вперед по выбранному нами пути с гордо поднятой головой». Як з такой нагоды не выпіць! У якой яшчэ краіне сярэднестатыстычны мужчына выпівае па бутэльцы гарэлкі раз на два з паловай дні!

Інфармацыю СААЗ дапоўніў 15 мая начальнік упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Каразей. Прывяду ключавую цытату: «Паводле нашай статыстыкі, звыш 85% забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў у побыце наносяцца ў стане алкагольнага ап'янення, у Гродзенскай і Магілёўскай вобласці — 100% забойстваў здзяйсняецца пад уплывам алкаголю».

Праблема дэградацыі грамадства адзіным палітыкам (АП) не ўсведамляецца. Усё, што мне ўдалося адшукаць у Пасланні–2015, — гэта разважанне аб негатоўнасці беларусаў да рынку ў пачатку 90-х, таму выбар «нашай мадэлі» не быў памылкай, а адзіна магчымым «у тых умовах». Далей ідзе выдатны пасаж: «Заслуга власти и мудрость народа состояли в том, что мы не позволили увлечь себя теориями — правильными применительно к Западу, но тупиковыми применительно к нашей зарождающейся национальной экономике».

Хто б спрачаўся, да рынку і дэмакратыі кожны народ ідзе сваёй дарогай. Але тое, што АП называе «нашай мадэллю» ні да рынку, ні да дэмакратыі ніякага дачынення не мае. Таму «новыя акцэнты» ў эканамічнай палітыцы ў чарговы раз вырашана звесці да ўдасканалення сістэмы кіравання. І ў якасці першага кроку АП прапанаваў усталяваць «диктат экономической эффективности» за кошт радыкальнага перагляду паказчыкаў і справаздачнасці.

У якасці другога кроку ён прапанаваў ад перагляду паказчыка справаздачнасці... адмовіцца: «Ну показатели вряд ли пересмотришь. Как можно изменить такой показатель эффективности, как рентабельность или прибыль? Они как считались, так, наверное, и будут считаться. Что-то получил, затраты отбросил — получил прибыль, потом — чистую прибыль, за вычетом налогов и так далее».

З чалавекам, які мае вышэйшую эканамічную адукацыю, я б не рэкамендаваў спрачацца. Вось толькі пасля адкідвання выдаткаў можа атрымацца не прыбытак, а страты. Але для кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, няздольных атрымліваць патрэбны вынік пасля адкідвання выдаткаў, АП распарадзіўся падрыхтаваць «суровый, жесткий, но справедливый декрет».

У мяне ёсць асцярога, што пасля яго прыняцця СААЗ перагледзіць паказчык спажывання чыстага алкаголю на душу насельніцтва ў Беларусі ў бок павышэння.