Час ваенных размінак

Да канца верасня ў Беларусі ладзяцца сумесныя беларуска-расійскія аператыўна-стратэгічныя вучэнні “Захад–2009. У іх прымаюць удзел каля 12,5 тысячы чалавек. Адначасова ў Казахстане адбываюцца вучэнні атрадаў хуткага рэагавання АДКБ, у якіх Беларусь дэманстратыўна адмовілася ўдзельнічаць, так і не падпісаўшы пагадненне аб стварэнні атрадаў хуткага рэагавання.



68a83eeb494a308fe5295da69428a507.jpg

Да канца верасня ў Беларусі ладзяцца сумесныя беларуска-расійскія аператыўна-стратэгічныя вучэнні “Захад–2009. У іх прымаюць удзел каля 12,5 тысячы чалавек. Адначасова ў Казахстане адбываюцца вучэнні атрадаў хуткага рэагавання АДКБ, у якіх Беларусь дэманстратыўна адмовілася ўдзельнічаць, так і не падпісаўшы пагадненне аб стварэнні атрадаў хуткага рэагавання.
Раней кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка аператыўна-стратэгічныя вучэнні “Захад–2009 назваў чарговым “значным крокам у падрыхтоўцы Узброеных Сіл Беларусі і ўдасканаленні дзеючай сістэмы забеспячэння бяспекі дзяржавы.
У баявых вучэннях задзейнічана звыш 220 баявых танкаў, каля 470 баявых браніраваных машын, 230 самаходных буксіруемых артылерыйскіх гармат, мінамётаў і рэактыўных сістэм залпавага агню, а таксама 60 самалётаў і 40 верталётаў. Вучэнне пройдзе ў два этапы, падчас якіх будуць адпрацаваныя падрыхтоўка і ўжыванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. “Баявыя дзеянні разгорнуцца на 230-м агульнавайсковым палігоне Заходняга аператыўнага камандавання (Абуз-Лясноўскім), 227-м агульнавайсковым палігоне Сухапутных войскаў (Барысаўскім), 174-м навучальным палігоне ВПС і войскаў СПА “Даманава, 210-м авіяцыйным палігоне “Ружаны, а таксама на палігонах 38-м (Брэсцкім), 6-й мабільных брыгад і авіяцыйным палігоне 206-й штурмавой авіябазы. Акрамя таго, вучэнне пройдзе на асобных участках мясцовасці з мэтай разгортвання рухомых пунктаў кіравання і адпрацоўкі практычных дзеянняў войскаў.
Цяпер завяршыўся першы этап вучэнняў, на якім былі адпрацаваныя задачы ўсебаковага забеспячэння войскаў і воінскіх фармаванняў, было арганізавана кіраванне вылучэннем і разгортваннем войскаў; выкананы шэраг мерапрыемстваў па барацьбе з дэсантна-дыверсійнымі сіламі праціўніка.
Падчас другога этапу вучэнняў будуць адпрацаваныя пытанні кіравання рэгіянальнай групоўкай войскаў непасрэдна падчас правядзення абарончай аперацыі. Асноўная ўвага будзе нададзена ацэнцы эфектыўнасці функцыянавання Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па адбіцці ўдараў з паветра, кіраванню групоўкамі войскаў пры вядзенні баявых дзеянняў за ўтрыманне абарончых межаў, а таксама ўдасканаленню практычных навыкаў службовых асобаў аб’яднанага камандавання рэгіянальнай групоўкі войскаў.
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, што часткова згодны з выказваннем першай асобы Беларусі наконт таго, што вучэнні — “значны крок у падрыхтоўцы Узброеных сіл. Аднак не выключае і моманту арганізацыі паказальнай акцыі — вайсковай сілы і сяброўства з Расіяй. “Нейкі пасыл Еўропе ў назве вучэнняў “Захад–2009 я б не стаў шукаць, бо варажыць — справа няўдзячная. Раней таксама ладзіліся розныя “захады. Адзінае, што цяпер гэтыя вучэнні самыя буйныя — упершыню з 12,5 тысячы вайскоўцаў расійскіх удзельнічае шэсць тысяч чалавек, — гаворыць эксперт.
Ад 15 верасня ў Казахстане ідуць маштабныя ваенныя вучэнні атрадаў хуткага рэагавання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы пад назвай “Кааперацыя–2009. Гэта першыя вучэнні пасля стварэння атрада хуткага рэагавання АДКБ. Як паведаміла Міністэрства абароны Казахстана, першы этап вучэнняў пройдзе на сушы і вадзе. А ў сярэдзіне кастрычніка вучэнні адбудуцца на поўдні Казахстана.
“Галоўная мэта вучэнняў — ацаніць здольнасць органаў вайсковага кіравання да сумесных дзеянняў ва ўмовах тэрарыстычнай пагрозы на поўдні Расіі, — заявіў начальнік службы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Сухапутных войскаў МА РФ палкоўнік Ігар Канашанкаў інтэрнэт-русурсу www.utro.ru. — У той жа час у сувязі з абвастрэннем становішча ў зонах грузіна-абхазскага і грузіна-асецінскага канфліктаў падчас вучэнняў таксама будуць адпрацоўвацца пытанні ўдзелу ў адмысловых аперацыях па прымусу да міру ў зонах узброеных канфліктаў. Усяго ў вучэннях задзейнічаныя каля васьмі тысяч чалавек.
Сёлета ў чэрвені пяць дзяржаў-сябраў АДКБ — Расія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Арменія — падпісалі пагадненне аб стварэнні атрадаў хуткага рэагавання. Беларусь і Узбекістан пагадненне не падпісалі. У жніўні паведамлялася, што затрымка з боку Беларусі з падпісаннем пагаднення па стварэнні КСАР носіць “тэхнічны характар і хутка мусіць быць выпраўлена. Аднак шэраг экспертаў сышліся на думцы, што для Лукашэнкі КСАР — адзін з магчымых інструментаў для гандлю з Расіяй, таму ён надалей будзе адцягваць падпісанне пагаднення, вымагаючы наўзамен пэўных саступак і выгодаў.