Ці пусціць улада апазіцыю ў мясцовыя Саветы?

Наколькі вялікія шанцы ў альтэрнатыўных кандыдатаў і што можа змяніць знаходжанне апазіцыі ў гарсавеце?

vybory_7.jpg

Папярэдняя дата выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў вызначана. Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі прапануе правесці іх 18 лютага 2018 года.
Але ўжо сёння эксперты адзначаюць, што ў беларускага кіраўніцтва не хапае рэсурсаў забяспечыць стопрацэнтную запаўняльнасць кандыдатамі на мясцовых выбарах, што апрыёры павялічвае шанцы апазіцыі. Вось толькі ці трэба гэта самой апазіцыі?
Ці будуць альтэрнатыўныя кандыдаты змагацца за месца ў гарсавеце?

Дзмітрыеў: Важна, каб апазіцыя не ўставала ў позу, кажучы, што ёй усё роўна. Не, нам не ўсё роўна

Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў упэўнены, што ўдзельнічаць у маючых адбыцца выбарах абавязкова трэба.
— На гэтых выбарах у дэмакратычных сілаў галоўная задача стаць сістэмнымі, то бок увайсці ў мясцовыя саветы, — тлумачыць палітык. — Сістэмны статус быў страчаны амаль 20 гадоў таму. Вуліца засталася адзіным інструментам, што прывяло да маргіналізацыі і адсутнасці магчымасцяў уплываць на палітыку, страты цікавасці з боку грамадства. Мы павінны вярнуць сабе сістэмны статус.
Змяняць сітуацыю і ўплываць на палітычную жыцці можна, нават быўшы дэпутатам гарсавета, упэўнены палітык.
— Уплыў ў любой сістэме, а ў Беларусі асабліва, залежыць ад самога чалавека, ад яго здольнасцяў дамаўляцца. Калі яму будзе не ўсё роўна, што адбываецца ў людзей, што іх хвалюе — тады ён будзе спрабаваць нешта змяніць. У гэтым сэнсе любая афіцыйная пазіцыя — гэта добрая дапамога, каб рабіць справу, — упэўнены Андрэй Дзмітрыеў.
Што тычыцца магчымасцяў траплення апазіцыі ў гарсавет, то тут пралічваць сітуацыю палітык не бярэцца, аднак спадзяецца, што ўлада ўсё ж адчыніць дзверы. Галоўнае, каб самі дэмакратычныя кандыдаты добрасумленна рабілі сваю справу.
 Я ўпэўнены, што апазіцыя павінна ўдзельнічаць, старацца, каб былі як мага больш якасныя дэпутаты, каб яны маглі данесці ідэю пераменаў, сумясціць яе з патрэбамі, клопатамі і страхамі грамадства, — тлумачыць лідэр «Гавары праўду». — А далей: трапім у Саветы, не патрапім ... Трэба рабіць, каб патрапілі. Важна, каб апазіцыя не ўставала ў позу, кажучы, што нам тут усё роўна. Не, нам не ўсё роўна. Мы хочам, каб дэмакратычныя сілы былі ў мясцовых саветах, мы лічым, што гэта лепш для краіны і трэба зрабіць усё, каб улада адкрыла дзверы ў мясцовыя саветы для альтэрнатыўных галасоў.
Сама кампанія «Гавары праўду» разлічвае выставіць на будучых выбарах каля 150 кандыдатаў. Пры гэтым Дзмітрыеў адзначае, што заявак на ўдзел ужо больш.
— Аднак трэба разумець, што не ўсе жадаючыя дойдуць да рэгістрацыі. Па вопыце магу сказаць, што часта людзі, прыходзячы, не разумеюць, што гэта вялікая праца, і ў выніку спыняюцца на паўдарозе, — тлумачыць палітык. — Але так лепш, чым зразумець гэта падчас выбараў. У любым выпадку 150 - гэта тая лічба, якая дазволіць арганізацыі правесці кампанію якасна і на добрым узроўні. Бо для гэтага патрэбен вялікі арганізацыйны рэсурс. Мы будзем ісці зборам подпісаў, мы збіраемся вылучаць людзей ва ўчастковыя і выбарчыя камісіі, кандыдату неабходна таксама мець каманду, якая будзе назіраць у яго ў акрузе, праводзіць агітацыйную кампанію.
Зрэшты, і самі кандыдаты павінны адказваць вызначаным крытэрам.
— Ён павінен працаваць і да выбараў, ўзаемадзейнічаць з выбаршчыкамі і з мясцовай уладай. Гэта значыць дэманстраваць, што ён здольны быць палітыкам, адстойваць інтарэсы грамадства і дамаўляцца з уладай дзеля гэтых інтарэсаў, — тлумачыць Андрэй Дзмітрыеў.

Казакевіч: Пашырэнне прадстаўніцтва апазіцыі магчыма, але яно будзе кропкавым

Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч упэўнены, што хуткія выбары мала чым будуць адрознівацца ад усіх папярэдніх.
— З нагоды шанцаў апазіцыі складана казаць, паколькі так ці інакш вынік гэтых выбараў залежыць ад палітычнай волі ўладаў, — адзначае эксперт. — Магчымасці апазіцыі па наяўнасці людскіх і іншых рэсурсаў невысокія, і тут пакуль не прадбачыцца сур'ёзных змен. Калі і будзе нейкі поспех дэмакратычных сіл на выбарах, то шмат у чым ён будзе звязаны з той колькасцю квот, якія захочуць ім выдзеліць улады.
Палітолаг нагадаў сітуацыю з мінулымі выбарамі ў парламент, трапленне ў які двух апазіцыйных кандыдатаў стала выключна рашэннем уладаў, а не заслугай саміх арганізацый. Такая ж мадэль будзе, на думку Андрэя Казакевіча, працаваць і на мясцовых выбарах.
— Само пашырэнне прадстаўніцтва апазіцыі магчыма, але будзе залежаць ад эканамічнай і палітычнай сітуацыі, якая складзецца непасрэдна перад выбарамі. У любым выпадку такое прадстаўніцтва будзе кропкавым, адзінкавым, — упэўнены Андрэй Казакевіч.
Аднак як бы ні прымалася рашэнне, удзельнічаць у выбарах, на думку палітолага, неабходна.
— Калі палітычныя партыі і арганізацыі дэкларуюць палітычныя мэты, то яны павінны іх дасягаць. І выбары — гэта адна з магчымасцяў. Па-першае, гэта магчымасць папрацаваць з выбаршчыкамі, а па-другое, атрымаць мандат. Думаю, апазіцыя будзе актыўна ўдзельнічаць, імкнучыся атрымаць больш пазіцый для таго, каб неяк уплываць на тое, што адбываецца калі не на нацыянальным, то на лакальным узроўні. Так, не варта мець сур'ёзныя ілюзіі, але адзін дэпутат у гарадскім савеце — гэта лепш, чым ні аднаго, — заключае эксперт.
Паводле Заўтра тваёй краіны