Чаму Лукашэнка не паляціць у ЗША?
Кіраўнік Беларусі не паляціць у ЗША на памятную цырымонію з нагоды стагоддзя ўступлення Злучаных Штатаў у Першую сусветную вайну. Нашу краіну там будзе прадстаўляць намеснік міністра замежных справаў Алег Краўчанка.
Як паведаміў інфармацыйнаму агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, камісія ЗША па правядзенні памятных мерапрыемстваў з нагоды стагоддзя Першай сусветнай вайны накіравала запрашэнне беларускаму боку ўзяць удзел у міжнароднай памятнай цырымоніі «Ахвяруючы ў імя свабоды і міру», якая пройдзе 6 красавіка бягучага году ў Канзас-Сіці.
Амбасада ЗША накіравала запрашэнне на ўдзел у мерапрыемстве кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Але, як вынікае з паведамлення беларускага МЗС, прэзідэнт туды не збіраецца. Чаму? Сваё меркаванне ў інтэрв’ю «Новаму Часу» выказаў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
На думку эксперта, гэта сведчыць пра цяперашні стан стасункаў паміж дзвюма краінамі. «На сённяшні дзень ні ў Вашынгтоне, ні ў Мінску няма амбасадараў Беларусі і ЗША. Калі б стасункі былі на ўзроўні паслоў, то, магчыма, Лукашэнка і скарыстаўся б такім запрашэннем, — адзначае суразмоўца. — Па-другое, няма ніякай гарантыі, што прэзідэнту Бекларусі там быў бы аказаны прыём і арганізаваныя сустрэчы на адпаведным яму ўзроўні, як Лукашэнка тое бачыць. А прысутнасць у агульнай масоўцы ён, відаць, палічыў наўрадці для сябе вартым».
Апроч таго, пасля падзеяў у Беларусі 25 сакавіка да яго магло б узнікнуць шмат непрыемных пытанняў, працягвае Раман Якаўлеўскі. «Калі амерыканцы, што жывуць у вольнай краіне, дазваляюць сабе задаваць вельмі непрыемныя пытанні свайму прэзідэнту, то застаецца толькі здагадвацца, якога ўзроўня крытычнасць мог бы пачуць на свой адрас Лукашэнка», — мяркуе палітычны аглядальнік.
Падавалася б, што беларускі кіраўнік мусіў бы скарыстоўваць кожную магчымасць такога ўзроўню кантактаў, асабліва пасля таго, як гадамі быў пазбаўлены іх у выніку міжнародных санкцыяў пасля снежня 2010 года. «Логіку Лукашэнкі спазнаць немагчыма. Ён часам сам не ведае наступстваў, калі прымае тыя ці іншыя рашэнні», — лічыць эксперт.
А чаму прадстаўляць Беларусь будзе чыноўнік на ўзроўні намесніка міністра, але не хаця б сам кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімір Макей?
«Так, гэта выклікае пытанні. Я б проста нагадаў, што на лютаўскай канферэнцыі ў Мюнхене, дзе была фактычная прэзентацыя дзяржаўнага сакратара ЗША, дзе ў Макея была магчымасць асабіста з ім пазнаёміцца, там кіраўніка беларускага МЗС таксама не было. Я думаю, што і зараз Лукашэнка не пасылае ў ЗША свайго міністра замежных справаў, бо не хацеў бы пацвярджаць чуткі пра быццам бы празаходнясць Макея», — сказаў Раман Якаўлеўскі і дадаў, што нічога не чуў, ці атрымаў такое запрашэнне ў Канзас-Сіці кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін.
Нагадаем, што апошні раз Аляксандр Лукашэнка наведваў Злучаныя Штаты Амерыкі ў верасні 2015 году, калі браў удзел у юбілейнай 70-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Нью-Ёрку.