ЗША нанеслі ракетны ўдар па войсках Асада
У ноч з 6 на 7 красавіка (у 3.40 раніцы па мінскім часе) амерыканскія вайскоўцы ўпершыню атакавалі ўрадавыя войскі Сірыі. Такім чынам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пакараў сірыйскі ўрад за ўжыванне хімічнай зброі.

Не менш за 50 ракет «Тамагаўк» было выпушчана з амерыканскіх авіяносцаў па авіябазе, з якой, меркавана, ажыццяўлялася хімічная атака на правінцыю Ідліб. Але працягу абстрэлаў не будзе, прынамсі «да далейшых адпаведных рашэнняў».

Авіяўдар адбыўся на непасрэдны загад прэзідэнта Дональда Трампа. Як заявіў прэзідэнт ЗША, сірыйскі урад «перайшоў усе магчымыя чырвоныя лініі», і несумненна нясе адказнасць за трагедыю 4 красавіка (тады ад хімічнай зброі у сірыйскай вёсцы Хан Шэйхун загінула больш за 70 чалавек).
Больш за тое, сам Трамп яшчэ да свайго прэзідэнцтва хоць і падштурхоўваў папярэдніка Барака Абаму да большага ціску на сірыйскі ўрад, але настойваў на тым, што Злучаныя Штаты мусяць устрымацца ад адкрытага ўдзелу ў вайне.
Але апошнія падзеі змянілі яго стаўленне.

Дарэчы, менавіта праз пагадненні з Масквой амерыканскі ўрад раней устрымліваўся ад непасрэдных ваенных аперацый, нават насуперак уласным ультыматумам.
Сёння ж дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан на брыфінгу, прысвечаным падзеям, заявіў, што Расія не здольная выканаць свае міратворчыя абавязкі ў межах пагадненняў 2013 года.
Пры гэтым, непасрэдна перад авіяўдарам інфармацыя аб ім была накіраваная расійскім вайскоўцам, паводле расійска-амерыканскіх пратаколаў ваеннага узаемадзеяння.
Сірыйскае дзяржаўнае тэлебачанне пацвердзіла, што нападу падверглася авіябаза. У заяве сірыйскага ТБ гаворыцца пра амерыканскую агрэсію.
Пасля першых паведамленняў аб пачатку ваеннай аперацыі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў са зваротам да нацыі.
«Сёння я заклікаю ўсе цывілізаваныя краіны знайсці спосаб пакончыць з разнёй і кровапраліццем у Сірыі. Прадухіленне распаўсюджвання і выкарыстання хімічнай зброі ўяўляе жыццёва важны цікавасць для нацыянальнай бяспекі Злучаных Штатаў.
Не
падлягае сумневу той факт, што Сірыя выкарыстала забароненую хімічную
зброю, парушыўшы свае абавязацельствы ў рамках Канвенцыі па хімічнай
зброі, і праігнаравала настойлівыя патрабаванні Рады Бяспекі ААН.
Усе спробы ў папярэднія гады змяніць паводзіны Асада праваліліся, і праваліліся з трэскам. У выніку працягвае паглыбляцца крызіс з бежанцамі, у рэгіёне працягваецца дэстабілізацыя, якая пагражае Злучаным Штатам і іх саюзнікам», — сказаў Трамп.
Намеснік пастаяннага прадстаўніка Расіі пры ААН заявіў, што ЗША варта «падумаць пра негатыўныя наступствы» у выпадку магчымых амерыканскіх авіяўдараў па Сірыі.
«У выпадку пачатку ваенных дзеянняў ўся адказнасць кладзецца на плечы тых, хто ініцыяваў такую сумнеўную і жудасную кампанію, — заявіў Уладзімір Сафронкаў пасля закрытага пасяджэння Рады Бяспекі ААН па сітуацыі ў Сірыі.
На ўдакладняючае пытанне журналістаў, якімі могуць быць негатыўныя наступствы, Сафронкаў сказаў: «Паглядзіце на Ірак, паглядзіце на Лівію».
Як паведамляюць крыніцы, ракеты былі скіраваныя на тыя аб'екты вайсковай базы, дзе не было расійскіх дарадцаў, прысутных у Сірыі.
Чыноўнік Пентагона заявіў, што ўдар быў разавы, працягу авіяўдараў не плануецца.
Дарэчы, удар быў нанесены ў час, калі Трамп праводзіў сустрэчу з кіраўніком Кітая.
Крыніцы: CNN , The Guardian, Бі-бі-сі