Дэвід Марплз. Захад і Беларусь: дылема

Прапануем чытачам артыкул вядомага палітолага, прафесара  канадскага ўніверсітэта Альберты, эксперта па Беларусі і Украіне Дэвіда Марплза. Еўрасаюз і ЗША ўзмацняюць ціск на беларускі рэжым з-за пастаянных парушэнняў правоў чалавека, наяўнасці палітычных вязняў, а таксама з-за прыняцця новых законаў, апошні з якіх абмяжоўвае доступ да інтэрнэту. З іншага боку, краіна няўмольна трапляе ў сферу ўплыву Расіі, і застаецца ўсё менш і менш шанцаў, што яна зможа адтуль вызваліцца. Ці існуе выйсце з гэтае дылемы? Ці слушная палітыка Захаду ў дачыненні да Беларусі?



e562cd9c0768d5464b64cf61da7fc6bb.jpg

Прапануем чытачам артыкул вядомага палітолага, прафесара  канадскага ўніверсітэта Альберты, эксперта па Беларусі і Украіне Дэвіда Марплза.

Еўрасаюз і ЗША ўзмацняюць ціск на беларускі рэжым з-за пастаянных парушэнняў правоў чалавека, наяўнасці палітычных вязняў, а таксама з-за прыняцця новых законаў, апошні з якіх абмяжоўвае доступ да інтэрнэту. З іншага боку, краіна няўмольна трапляе ў сферу ўплыву Расіі, і застаецца ўсё менш і менш шанцаў, што яна зможа адтуль вызваліцца. Ці існуе выйсце з гэтае дылемы? Ці слушная палітыка Захаду ў дачыненні да Беларусі?

На пачатку студзеня прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі, які ўносіць змены і дапаўняе папярэднія акты ад 2004 і 2006 гадоў. Згодна гэтаму дакументу, ЗША пашырыць візавыя і фінансавыя санкцыі адносна асобаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, распачатых пасля выбараў 2010 года.

                                                                                                 Дэвід Марплз

Дзяржаўнаму дэпартаменту ЗША прапанавана прадстаўляць Кангрэсу інфармацыю аб гандлі зброяй беларускімі ўладамі, а таксама адносна законаў абмежавальнага характару. У законе таксама ўтрымліваецца заклік да Міжнароднай федэрацыі хакея адмовіцца ад правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі, які павінен адбыцца ў Мінску ў 2014 годзе (РСЭ/РС, 4 студзеня).

У інтэрв’ю памочнік дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Філіп Гардон нават сказаў: “Мы не бачым будучыні ў стасунках з Беларуссю. А таксама заявіў, што ў Беларусі быў шанец наладзіць сувязі, але яна перакрэсліла такую магчымасць сваімі апошнімі дзеяннямі, уключаючы зняволенне Алеся Бяляцкага, старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна. У сваім наступным інтэрв’ю Бі-бі-сі ў Вашынгтоне Гардон прызнаў, што ЗША ставіцца да Беларусі не так, як да ўсіх астатніх краінаў Цэнтральнай Азіі, і дадаў, што “існуе еўрапейскі набор каштоўнасцяў і дэмакратычных практык, якім Беларусь павінна адпавядаць, калі яна жадае стаць часткай Еўропы (www.democraticbelarus.eu, 11 студзеня).

У той жа час Еўрасаюз мае намер узмацніць свае санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, пашырыць спіс неўязных чыноўнікаў ад цяперашніх 201 да 336 чалавек. Звяртаючыся да Камітэту па замежных справах Еўрапарламенту ў Стасбургу, Гунар Вігант з Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў адзначыў, што адной альбо дзвюм беларускім кампаніям будзе забаронена весці бізнэс у Еўропе і што такія меры могуць быць прынятыя ўжо сёння на сустрэчы міністраў замежных спраў ЕЗ у Брусэлі (www.naviny.by, 13 студзеня).

Прэзідэнт Еўрапейскага Парламенту Ежы Бузэк заўважыў “значнае пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі, на што Еўрасаюз павінен адрэагаваць, бо ён заўсёды надаваў вялікую ўвагу правам чалавека. Аднак Бузэк таксама адзначыў, што нягледзячы на тое, што ЕЗ не згодны пайсці на кампраміс адносна пытання вызвалення ўсіх палітвязняў, патрабуючы іх поўнай рэабілітацыі, ён будзе гатовы гандлявацца, часткова з-за сваіх хваляванняў адносна таго, якім чынам Масква выкарыстоўвае пагаршэнне эканамічнага становішча ў Беларусі (www.belegraf.by, 16 студзеня).
У сваім артыкуле для “Беларускага Дайджэсту Георгій Плашчынскі больш падрабязна адлюстроўвае дылему. На яго думку, калі ЕЗ прымяняе санкцыі, ён губляе рычагі для дасягнення сваіх мэтаў у гэтай краіне. Тым часам Расія выкарыстала гэты разрыў стасункаў, каб атрымаць кантроль над рознымі беларускімі актывамі. Такім чынам, расійскія банкіры зараз кантралююць 7 з 32 беларускіх банкаў; расійцы валодаюць амаль усімі галоўнымі страхавымі кампаніямі ў краіне, а таксама імкнуцца завалодаць асноўнымі лізінгавымі. Расце ўплыў Расіі і на беларускія СМІ, які зараз распаўсюджваецца на 2 значныя газеты: “Белгазета і “Камсамольская праўда, а таксама на беларускую версію “Аргументаў і фактаў і часопіс “Планета (Беларускі Дайджэст, 20 студзеня).

На гэтым і палягае праблема. ЕЗ жадае выказаць сваё незадавальненне паводзінамі рэжыму Лукашэнкі, але яго ўплыў змяншаецца, і, можна сказаць, ён абмежаваны дзейнасцю ў межах Усходняга Партнёрства, у якім Беларусь з’яўляецца крытыкаваным і не вельмі вітаным сябрам. Аднак рэжым абыходзіць санкцыі, дзякуючы таму, што дазваляе большы кантроль Расіі, скаваны яе пазыкамі, якія растуць з кожным днём. У мінулым месяцы беларускі парламент зацвердзіў атрыманне крэдыту ад Расіі на праграму будаўніцтва беларускай АЭС у Гродзенскай вобласці. Крэдыт памерам каля 10 мільёнаў долараў даецца на 25 гадоў (Nuclear Engineering International, 3 студзеня).

Насамрэч у еўрапейцаў ёсць два шляхі. Яны могуць прыняць рэжым Лукашэнкі такім, які ён ёсць, нягледзячы на ўсе ягоныя злачынствы (а іх шмат). Тады трэба аднаўляць стасункі і пашыраць еўрапейскі рынак, часткова пры дапамозе прапановы новых крэдытаў і пазыкаў. Натуральна, менавіта такі варыянт падзеяў з’яўляецца пажаданым для беларускіх лідараў, якія ўжо доўгі час сцвярджаюць, што ЕЗ часта не звяртае ўвагі на парушэнні правоў чалавека ў больш уплывовых дзяржавах, напрыклад, у Расіі, маючы на ўвазе, што рэжым Лукашэнкі можа быць і кепскі, але не горшы за рэжымы ўсіх астатніх пост-савецкіх краінаў.

Другі шлях — гэта пашырыць санкцыі, але адкрыць мяжу для ўсіх астатніх беларусаў, адмовіцца ад сістэмы шэнгенскіх візаў, павялічыць фінансаванне апазіцыі і актыўна дапамагаць стварэнню аб’яднанай дэмакратычнай партыі як рэальнай альтэрнатывы існуючаму рэжыму. Для гэтага спатрэбіцца аб’яднанне і супрацоўніцтва ўсіх апанентаў рэжыму. Хутчэй за ўсё, неабходна будзе наладжваць кантакты з той часткай кіруючай эліты, якая незадаволена тым, што ў каманды Лукашэнка не атрымліваецца правесці эканамічныя рэформы, а яна з кожным днём расце. Пытанне ў тым, колькі часу спатрэбіцца, каб Лукашэнка сышоў, і ці магчыма зараз аб’яднаць апазіцыю, улічваючы яе стан пасля такога ўзроўню рэпрэсій.

ЕЗ і ЗША вагаюцца і не могуць выбраць адзін з гэтых шляхоў. Плашчынскі правільна падводзіць вынік, што не існуе імперыялістычнай пагрозы з боку Расіі, паглынанне адбываецца эканамічнымі сродкамі і даволі хуткімі тэмпамі. Заробкі супрацоўнікаў “Белтрансгазу, напрыклад, павялічацца ў 3 разы пад кіраваннем “Газпраму. Ці можа ЕЗ прапанаваць тое самае наўзамен? Хутка ў яго ўжо не будзе магчымасці паспрабаваць. У абодвух шляхах ёсць сур’ёзныя недахопы, але любы з іх будзе лепшым для будучыні незалежнай Беларусі за статус-кво.

Публікацыя: Eurasia Daily Monitor, том 9, выпуск 15
Пераклад Партыі БНФ
Крыніца: The Jamestown Foundation