«Для сілавікоў і чыноўнікаў прыход да ўлады Ціханоўскай больш бяспечны, чым Макея або Галоўчанкі»

Перадача ўлады ад Лукашэнкі каму-небудзь з яго набліжаных з’яўляецца для людзей унутры рэжыму найбольш небяспечным сцэнарам.

36694_900.jpg


— Чалавек з рэжыму, які прыйшоў на змену Лукашэнкі, будзе вельмі непапулярны сярод беларусаў і не будзе валодаць дастатковай легітымнасцю (нагадваем, што толькі сумленныя выбары даюць легітымнасць, а ніхто з набліжаных іх, зразумелая справа, ніколі не выйграе), — прыводзіць «Салідарнасць» меркаванне з тэлеграм-канала «Лялькавод і авечка». — Таму прызначаны пераемнік будзе вымушаны шукаць адабрэнне народа для свайго палітычнага выжывання.

Здабыць нават мінімальную папулярнасць чалавеку з рэжыму будзе складана. Раздаваць матэрыяльныя даброты не атрымаецца, таму што іх няма. Праводзіць дэмакратычныя рэформы складана і страшна, таму што вялікі страх страціць уладу. Але ёсць адзін вельмі просты і танны спосаб атрымаць адабрэнне беларусаў. Відавочна, што максімальна жорсткія пакаранні для лукашэнкаўскіх сілавікоў і вышэйшых чыноўнікаў стануць бальзамам на душу беларускага народа.

На пераемніку з кола набліжаных Лукашэнкі ўсё роўна будзе ляжаць пляма злачынстваў рэжыму. Выдатны спосаб яе хаця б часткова змыць — гэта зладзіць трыбунал над старымі элітамі. Гэта спадабаецца не толькі народу, але і дасць зразумець міжнароднай супольнасці, што новы кіраўнік дзяржавы хоць і быў калісьці ў блізкім коле Лукашэнкі, але цяпер рашуча асуджае мінулыя злачынствы і гатовы караць вінаватых (пры гэтым, зразумелая справа, максімальна абяляючы сябе).

Больш за тое, пад шыльдай справядлівай адплаты злачынцам пераемнік зможа расправіцца са сваімі канкурэнтамі ўнутры рэжыму. Гісторыя ведае шмат прыкладаў перадачы ўлады ўнутры дыктатур, якія вельмі дрэнна заканчваліся для кіруючага класа. Найбольш яркі — гэта прыход да ўлады Сталіна пасля смерці Леніна. У выніку больш за палову бальшавіцкіх правадыроў «ленінскага прызыву» былі расстраляныя на падставе іх антынародных злачынстваў (а яны іх сапраўды здзейснілі ў дастатку). Але сапраўднай прычынай было тое, што яны ставіліся да Сталіна як да роўнага (а так і было да смерці Леніна) і не маглі прыняць яго як абсалютнага ўладара.

Прыкладна такі ж расклад будзе і ў Беларусі, калі ўлада пяройдзе, напрыклад, да Галоўчанкі. Той жа Макей ніколі па-сапраўднаму не будзе яму лаяльны, таму як памятае часы сумеснага запісвання ў нататнік трызненняў былога прэзідэнта. Сілавікі таксама не будуць адданыя пераемніку, бо зоркі на іх пагоны вешаў не ён, а Лукашэнка. А таму новаму лідару рэжыму для атрымання поўнага кантролю давядзецца расправіцца са старымі кадрамі.

З вышэйсказанага можна зрабіць выснову, што калі да ўлады прыйдзе чалавек з атачэння Лукашэнкі, то яму па цэлым шэрагу важкіх прычын будзе выгадна знішчыць старыя эліты (акрамя сябе самога). Таму, як бы дзіўна гэта ні было, для беларускага сілавіка і чыноўніка прыход да ўлады Ціханоўскай (Латушкі, Бабарыкі, Цапкалы) — нашмат больш бяспечны варыянт, чым перадача паўнамоцтваў ад Лукашэнкі таму ж Макею (Галоўчанку, Віктару Лукашэнку).

Тут яшчэ важны і чалавечы фактар. Цяжка ўявіць, што пры прэзідэнце Бабарыку каго-небудзь расстраляюць. Віктар Дзмітрыевіч — чалавек гуманны і цывілізаваны. А вось лукашэнкаўскіх паплечнікаў у гуманізме западозрыць складана, асабліва ў дачыненні адно да аднаго. І калі да ўлады прыйдзе, напрыклад, сілавік Галоўчанка, то шанцы сілавіка Кубракова памерці ад перадазіроўкі свінцу ў арганізме рэзка павышаюцца. Балазе, кампрамату ў іх адно на аднаго — вагон і маленькая калыска.

Важна разумець, што трансфер улады ўнутры рэжыму можа быць і абсалютна некантралюемым. Проста адна з груповак скіне Лукашэнку і захопіць уладу. Тады чыноўнікі і сілавікі, якія не ўваходзяць у фракцыю, апынуцца ў яшчэ больш небяспечным становішчы.