«Коммерсантъ»: У элітах Беларусі відавочна пачалася барацьба за ўладу

Палітычны аглядальнік «Коммерсантъ FM» Дзмітрый Дрызе лічыць становішча Лукашэнкі вельмі складаным.

rat_03031750.jpg


Лукашэнка праз тыдзень раскрыў дэталі сваіх перамоў з Уладзімірам Пуціным у Сочы. Для пачатку афіцыйны кіраўнік Беларусі назваў «выдумкамі» і «брахнёй» на 70% усё тое, што было сказана на гэты конт да сённяшняга дня, каментуе Дрызе выказванні Лукашэнкі на сайце выдавецкага дома «Коммерсантъ».

У сувязі з гэтым непазбежна ўзнікае пытанне: навошта тады патрэбная была гэтая паўза? Чаму б тады адразу не праінфармаваць грамадскасць, каб спыніць пагалоскі? Адказ на самой справе зразумелы: няпроста ўсё ў адносінах дзвюх краін, ды і не толькі ў іх адных.

Як бы там ні было, са шматлікіх прыгожых разваг і мудрагелістых фраз можна вылучыць адразу некалькі важных тэзісаў.

Першы: ніякага зліцця Расіі і Беларусі не будзе, зменшага, у бліжэйшы час. Другі: прэзідэнцкія выбары ў краіне пройдуць ужо ў наступным годзе. Гэта значыць, тэарэтычна яго сыход ад улады не за гарамі. І трэці: магчымы ўдзел «Газпрома» ў мадэрнізацыі «Гродна Азота». Гэта значыць, што Лукашэнка гатовы пачаць вялікі гандаль за прыватызацыю.

Ёсць версія, што Расія больш не мае намеру фінансаваць беларускую эканоміку проста так. «Саюзнік» просіць наўзамен актывы. Што гэта значыць, зразумець нескладана — тое ж паглынанне, толькі называецца прыгожым словам «прыватызацыя».

Падобнае вельмі непрыемна. Лукашэнка аказаўся заціснуты паміж уласнымі пратэстамі і адзіным не вельмі прыязным саюзнікам, які так і марыць цябе далучыць або паглынуць.

Нават незразумела, што горш — першае або другое. Аляксандр Рыгоравіч традыцыйна спрабуе змякчыць удар, лавіруе. Вось і пра ваенную базу ўспомніў, якую абяцаў ледзь не 10 гадоў таму.

Аднак далей пачынаецца самае цікавае. На гэтым фоне ў так званай афіцыйнай Беларусі — у элітах — відавочна пачалася барацьба за ўладу.

Вядома, сцвярджаць тут нічога нельга, але гэта бачна па ўскосных прыкметах. У прыватнасці, лідар адправіў у няміласць уласнага сына: Віктар Лукашэнка звольнены з пасады памочніка прэзідэнта, праўда, з прысваеннем звання генерал-маёра запасу. Як кажуць у народзе, адпраўлены з вачэй прэч.

Раней Лукашэнка-старэйшы грозна папярэдзіў, што не пусціць сваіх дзяцей у вялікую палітыку. Гісторыя класічная для падобных рэжымаў.

Старэйшы сын — гэта не сваяк. Гэта, з аднаго боку, спадчыннік, а з другога — чалавек, неаддзельны ад прозвішча. Цалкам магчыма, што Віктар Аляксандравіч зусім не ў захапленні ад перспектывы адказваць за грахі бацькі. І, як гэта прынята, вакол такіх фігур канцэнтруюцца інтрыганы-царадворцы.

Чуткі пра раскол у кіруючай сям'і ходзяць даўно. Нават калі Лукашэнка сыдзе, што называецца, недалёка, усё роўна на першы план выходзіць той, хто будзе хай намінальным, але прэзідэнтам ці прэм’ерам.

У дадзеным выпадку няважна, як гэта называецца. Галоўнае — гэта другая пасада ў дзяржаве, а гэта дарагога варта.

Тым часам на двары ўжо вясна, і вялікая беларуская інтрыга вяртаецца. Можа быць, у словах Святланы Ціханоўскай аб тым, што «ён сыдзе вясной», ёсць доля ісціны.