Два сусветы — два лёсы

Мне давялося зноў перасекчы Атлантычны акіян, бо нарадзіўся чарговы амерыканскі ўнук. Пяць гадоў таму я ўжо меў магчымасць на асабістым досведзе пераканацца, што значыць жыць ва ўмовах капіталізму.

emocyi_1_logo.gif

 

Два сусветы — два лёсы. І з гэтым не паспрачаешся. «Нарадзілася дзіця, — тут я цытую фрагмент з інаўгурацыйнай прамовы адзінага палітыка (АП), — да трох гадоў адзін з бацькоў мае магчымасць ся­дзець з малым, выхоўваць яго, атрымліваць бясплатныя лекі».

 

Гэта ў нас. А ў Амерыцы дародавага адпачынку няма наогул, а пасля родаў — шэсць тыдняў. Круціся як хочаш. Вось і лётае дзед-пенсіянер праз акіян «за кошт запрашаючага боку».

 

Натуральна, пасля вяртання сябры і знаёмыя задаюць стандартнае пытанне: «Ну як там Амерыка?» Але адкуль я ведаю, як там яна? Я тры месяцы прасядзеў у чатырох сценах. Далёка не кожны тыдзень мяне вывозілі ў бліжэйшы гандлёвы цэнтр, і раз на месяц мы ездзілі «праветрыцца» ў адзін з бліжэйшых гарадоў. З такім досведам наскрэсці матэрыял на «Азбуку паліталогіі» не так проста. Аднак я паспрабую.

 

 

4 ахоўнікі замест 150

 

Адна з вандровак была звязана з паездкай у Вашынгтон на Нацыянальны фестываль квітнення сакуры (National Cherry Blossom Festival). У цэнтры амерыканскай сталіцы высаджаны тры тысячы японскіх вішань. Дрэвам больш за сто гадоў. У 1912 годзе іх падарыў гораду мэр Токіа.

 

Выдатнае надвор’е. Тысячы людзей гулялі пад квітнеючымі дрэвамі. Шпіль манумента Вашынгтона на фоне Белага дома і... ніводнага паліцэйскага, ніводнага! І гэта за пяць гадзін пікніка! А за тры месяцы «жыўцом» я бачыў паліцыянтаў толькі адзін раз. У кафэ гандлёвага цэнтра яны зайшлі папіць кавы.

 

Яшчэ адна дэталь: адсутнасць платоў перад індывідуальнымі дамамі. Задні двор — не лічым. Але страх перад рабаўнікамі тут ні пры чым. У раёне, у якім я жыў, усе заднія двары выходзілі ў лес, а там поўна аленяў і іншай жыўнасці. Акрамя таго многія домаўладальнікі трымаюць сабак. Наяўнасць плоту ў такіх выпадках абавязковая.

 

Але ад прыватнага прыкладу падымуся да абагульнення, запазычанага ў інтэрнэце з артыкула «Чаму трактарны завод застанецца ў Канадзе»: «У мэтах аховы і прадухілення парушэнняў правапарадку на тэрыторыі завода ў Растове-на-Доне прадпрыемства вымушана ўтрымліваць вялікі штат аховы (каля 150 чалавек). Выдаткі ўключаюць у сябе заработную плату, уніформу, страхоўку, утрыманне службовых памяшканняў, звязаныя падаткі. Штат аховы на заводзе ў Канадзе складае 4 чалавекі, а іх функцыі абмяжоўваюцца кантролем прапускной сістэмы і, у выпадку неабходнасці, камунікацыямі з органамі правапарадку».

 

Два сусветы — два лёсы. І гэта толькі адзін прыклад з артыкула. Мне, уладальніку запісу «вартаўнік» у працоўнай кніжцы, прыклад з ахоўнікамі асабліва блізкі. Як-ніяк год ахоўваў будоўлю побач з плошчай Бангалор у Мінску. Кругласутачная ахова. Высокі плот. Два сабакі. Без гэтай тройцы ўсё, што можна вынесці і вывезці, было б вынесена і вывезена. І гэтай шаноўнай справай заняліся б не прафесійныя рабаўнікі, а жыхары суседніх шматпавярховікаў.

 

Здаецца, усё насельніцтва краіны можна падзяліць на дзве групы: на тых, хто крадзе, і на тых, хто не крадзе. Да другой групы належаць, галоўным чынам, грамадзяне, папросту пазбаўленыя ў сілу розных абставін магчымасці красці.

 

І не трэба вінаваціць мяне ў імкненні ўзвесці паклёп на беларускі народ. Свежы прыклад. Камітэт дзяржкантролю завяршыў праверку сістэмы ЖКГ. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў старшыня камітэта Леанід Анфімаў: «На эмоцыях я б мог цяпер арыштаваць палову складу Міністэрства жыллёва-
камунальнай гаспадаркі...
»

 

Работнікі міністэрства. Сур’ёзныя сталыя людзі. А па кожнаму другому турма плача! Што ж тады казаць пра жыхароў звычайных шматпавярховікаў...

 

 

Чаго не хапае?

 

У канцы красавіка ў садах Дзюпона расквітнелі цюльпаны. Час, які я выдаткаваў на іх сузіранне, быў узнагароджаны магчымасцю ўсвядоміць яшчэ адно з азбукавых адрозненняў паміж двума сусветамі. Уявіце невялікі фантан ля ўваходу ў аранжарэю. Падбягаюць два хлопчыкі і дзяўчынка гадоў 4–5. Кладуцца на мармуровую падлогу і пачынаюць далонькамі стукаць па вадзе. Пырскі ляцяць ва ўсе бакі. Нагуляўшыся, дзеці ўстаюць. На дзяўчынцы ружовыя нагавічкі. Яны, натуральна, мокрыя і брудныя. Як на гэта рэагуе мама? НІЯК!

 

Побач з маім домам у Мінску — альтанка, каля якой у добрае надвор’е тусуюцца маладыя жанчыны з малымі. Думаю, чытачам не трэба тлумачыць, якія чуюцца крыкі, калі малое з разбегу падае на асфальт. Як сказаў бы ў такім выпадку АП, «гвалтам крычаць».

 

А ў логаве імперыялізму, дзе чалавек чалавеку воўк, такое немагчыма ў прынцыпе. Вось на травяністым схіле куляюцца дзеці. На іх маечкі і джынсы. Але падышла дзяўчынка, разадзетая як Мальвіна, і далучылася да кампаніі. Бацькі сядзяць побач і пра штосьці спакойна размаўляюць. Карункавая сукенка — не падстава, каб адмовіць дзіцяці ў задавальненні пакатацца па траве.

 

Два сусветы — два лёсы, дзве стратэгіі выжывання. Адна абапіраецца пераважна на заах­вочванне. Іншая бярэ за аснову рэпрэсіі. «Гісторыя паказвае нам, — тлумачыць культуролаг Ігар Якавенка, — што тыя краіны, якія робяць стаўку на заахвочванне, развіваюцца дынамічна. А тыя грамадствы, што трымаюцца за рэпрэсіі, прайграюць».

 

Да якога сусвету належыць Беларусь, здаецца, вызначыць нескладана. Чытачам жа, у якіх паўстануць з гэтым цяжкасці, рэкамендую звярнуцца да выступленняў АП. Адкрываю ў сваёй кампутарнай бібліятэцы файл «Парадак і дысцыпліна»: «Я не разумею, чаго не хапае? Угнаенні ёсць, насенне ёсць. Усё ёсць. Вёска ўжо кажа, што тэхнікі не трэба больш. Але патрэбны парадак (выдзелена. — С.Н.)».

 

Парадак патрэбны, таму што яго няма. І за два дзесяцігоддзі актыўнага будаўніцтва беларускай мадэлі дамагчыся яго так і не атрымалася. Тут варта прыгадаць знакамітую характарыстыку айчыннай рэальнасці з «Аповесці мінулых гадоў»: «Земля наша велика и обильна, а порядка в ней нет».

 

Аднак гэта скажоны варыянт . У першакрыніцы — Іпацьеўскім летапісе — гаварылася: «…земля наша велика и обильна, а наряда в ней нет». Слова «наряд» з’яўляецца аднакарэнным са састарэлым словам «нарядчик» і захавалася ў сучаснай рускай мове ў выразах накшталт «наряд на работу». Азначала ж яно «распараджэнне», «кіраўніцтва». Акрамя таго, існуюць і розначытанні гэтай фразы ў розных летапісах. Так, у Цвярскім летапісе гэтая фраза гучыць наступным чынам: «Вся земля наша добра есть и велика изобильна всем а нарядникъ в ней несть». Тут ужо гаворка ідзе пра «нарядника» — пра кіраўніка.

 

 

Жалезная дысцыпліна і элементарны парадак

 

Фармальна «нарядникъ» у Беларусі ёсць. І не адзін, а цэлая вертыкаль. Больш за тое, сучасныя кіраўнікі валодаюць практычна нічым не абмежаванымі паўнамоцтвамі. Прынамсі так сцвярджае АП: «Не будзе гэтай дысцыпліны — ні адзін кіраўнік нічога не зробіць. І я гэта ўбачыў. Нават у апошнія гады існавання Савецкага Саюза, калі мне даводзілася працаваць кіраўніком, кіраўнік апынуўся павязаны, бяспраўны, а яшчэ папулізмам пачалі займацца. А кіраўнік на вытворчасці — цар, бог і воінскі начальнік. Таму мы яму далі пэўныя правы... »

 

Патлумачу: гаворка ідзе пра Дырэктыву № 1 ад 11 сакавіка 2004 года «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» ў рэдакцыі ад 12 кастрычніка 2015-га. Выдатны дакумент. Адкрыйце кабінет любога кіраўніка, і вы ўбачыце там у адной асобе і цара, і Бога, і воінскага начальніка. Прынамсі, па колькасці правоў яны нікому з гэтай тройцы не саступаюць.

 

Вось толькі воз, на якім буйнымі літарамі напісана «развіццё», і цяпер не скрануўся з месца. І не таму што яго цягнуць у розныя бакі. Усё значна прасцей і больш сумна. Цары, багі і воінскія начальнікі на ўсіх узроўнях уладнай вертыкалі цягнуць не ў стане ў прынцыпе. Максімум, на што яны здольныя, — гэта накіроўваць сваю энергію на падтрыманне дысцыпліны і парадку.

 

Дысцыпліна, згодна АП, павінна быць жалезнай, а парадак — элементарным. Але пакуль (г.зн. за два дзесяцігоддзі) ні першага, ні другога дамагчыся не ўдалося. І гэта не мая выснова. Гэта выснова АП.

 

Прывяду два прыклады. «Пачынаць трэба з навядзення элементарнага парадку на кожным працоўным месцы і ў кожным доме. Дысцыпліна і парадак на вытворчасці — аснова парадку ў краіне!». На календары 2009 год. З дня трыумфальнай перамогі на першых прэзідэнцкіх выбарах прайшло 15 гадоў. Пагадзіцеся, самы час пачынаць.

 

А цяпер з дапамогай машыны часу перамесцімся ў 2016 год: «Элементарнае навядзенне парадку, выкананне дысцыпліны, тэхналагічных патрабаванняў, выразная арганізацыя работ павінны даць сур’ёзны штуршок для пераадолення адставання».

 

Два сусветы — два лёсы. Захад развіваецца за кошт інавацый, галоўны архітэктар беларускай мадэлі спрабуе яго дагнаць за кошт «жалезнай дысцыпліны і навядзення элементарнага парадку». Адчуваеце розніцу?

 

Але гэтую розніцу не варта тлумачыць асабістымі характарыстыкамі АП. Жанчына, якая гарлапаніць на свайго дзіцёнка: «Ды колькі разоў табе можна казаць!», і не ўяўляе наступстваў свайго крыку.

 

Сапраўдным суб’ектам рэпрэсій з’яўляецца не дзяржава з яе сілавікамі і судамі, а культура. Як і ўсё ў культуры, рэпрэсіі не могуць быць бязмэтнымі. Яны фармуюць базавую для пэўнай культуры структуру асобы. У нашым выпадку гэта асоба «чалавека савецкага», чалавека, які ўспрымае рэпрэсіі як дадзенасць, чалавека, які спрабуе выжыць у сучасным дынамічным свеце за кошт «жалезнай дысцыпліны і навядзення элементарнага парадку».