Дзяржава разлічвае на бізнес у забеспячэнні сацгарантый, сілавікі аслабілі ціск на апазіцыю
Улады плануюць паступова пераразмеркаваць сацыяльную адказнасць у дачыненні да работнікаў з дзяржавы да прыватнага бізнесу. Cілавікі пакуль змякчылі ціск на грамадзянскую супольнасць, незалежныя медыя і апазіцыю, але разлічваюць пашырыць свае рэгулятыўныя магчымасці ў сферы ІТ.
Улады працягваюць пошук рэсурсаў для кампенсацыі насельніцтву скарачэння сацыяльных гарантый з боку дзяржавы, у выніку чаго на прыватны бізнес могуць быць ускладзены дадатковыя сацыяльныя абавязацельствы. Прафсаюзы прасоўваюць ідэю аб стварэнні спецыяльнага страхавога кампенсацыйнага фонду на выпадак нявыплаты прадпрыемствамі-банкрутамі зарплаты сваім працаўнікам. Страхавы тарыф для камерцыйных арганізацый можа скласці 0,1% ад фонду аплаты працы. Прадпрыемствы-банкруты (у асноўным, арганізацыі дзяржаўнай формы ўласнасці) не выплацілі працаўнікам каля BYN 20 млн.
Пры гэтым беларускае кіраўніцтва не плануе рэфармаванне сістэмы сацыяльнага страхавання (ФСАН) з узмацненнем у ёй унёску і ролі работнікаў, на чым настойваюць працадаўцы. Значную ролю ў гэтым адыгрывае ідэалагічны складнік, калі дзяржава (а не сам работнік) валодае сродкамі і пераразмяркоўвае іх на карысць той ці іншай прафесійна-сацыяльнай групы.
Нягледзячы на тое, што прэзідэнцкія выбары пройдуць у гэтым годзе, улады працягваюць прытрымлівацца палітыкі абмежавання росту даходаў насельніцтва. Так, урад заявіў, што грашовыя даходы насельніцтва і мінімальная зарплата за люты індэксавацца не будуць. Паводле афіцыйных дадзеных інфляцыя з пачатку года склала ўжо 1,9%, а курс рубля ў адносінах да даляра знізіўся з пачатку года амаль на 10%. Верагодна ўлады пачнуць падвышаць выплаты непасрэдна перад прэзідэнцкімі выбарамі.
Сілавікі разлічваюць умацаваць свае пазіцыі і пашырыць магчымасці пераследу прадпрымальнікаў у сферы ІТ. Следчы камітэт хоча ўнесці змены ў Крымінальны кодэкс, якія дазволяць адбіраць крыптавалюту.
Улады не перашкаджаюць правядзенню ў рэгіёнах сходаў па арганізацыі першасных выбараў (праймерыз), арганізаваных часткай апазіцыі. Гендырэктар ААТ «Магілёўхімвалакно» і экс-кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік перадумаў падаваць пазоў на незалежных журналістаў, хоць раней заяўляў пра намер адсудзіць EUR 5 млн за чуткі пра яго затрыманне па «цукровай справе». Тым не менш А. Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком МУС Юрыем Караевым дае ўстаноўку сілавікам забяспечыць стабільнасць у перадвыбарчы перыяд.
Такім чынам, сілавікі будуць жорстка рэагаваць на спробы апазіцыі арганізаваць несанкцыянаваныя пратэсты, асабліва ў выпадку станоўчай дынамікі вулічных акцый.
Паводле Belarus in focus