Гаспадаркі без гаспадароў
Калі бюракратыя распрацоўвае і ажыццяўляе сацыяльна-эканамічныя праекты, яна кіруецца выключна асабістымі інтарэсамі, галоўным з якіх з’яўляецца павелічэнне кіруемасці
грамадства.
Калі бюракратыя распрацоўвае і ажыццяўляе сацыяльна-эканамічныя праекты, яна кіруецца выключна асабістымі інтарэсамі, галоўным з якіх з’яўляецца павелічэнне кіруемасці
грамадства.
У маладога пакалення беларускіх кароў — праблема. Мілкі з цяжкасцю адаптуюцца да сучасных кароўнікаў, упарадкаванне якіх падаткаплатнікам толькі летась абышлося ў 2,6 трыльёна рублёў. Але не
варта адчайвацца. «Необходимо время на адаптацию коров к новым условиям, — тлумачыць першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Надзея Каткавец. — Пройдет не один месяц,
прежде чем будет полностью задействован потенциал молодых животных. Не сомневайтесь, эффективность и отдача однозначно будут».
Адаптацыя (ад лацінскага adaptation — «прыстасаванне») бывае фізіялагічная і сацыяльная. Пад першай разумеюць сукупнасць рэакцый, якія забяспечваюць прыстасаванне арганізма
(ці яго органа) да змены навакольных умоў, пад другой — працэс прыстасавання асобы ці сацыяльнай групы да зменлівага сацыяльнага асяроддзя. Які тып адаптацыі мае на ўвазе намеснік міністра?
Адказ на гэта пытанне невідавочны. Каровы — жывёлы стадныя, г.зн. сацыяльныя, таму другі тып адаптацыі ім не чужы.
У сваю чаргу, сацыяльная адаптацыя падзяляецца на пазітыўную (актыўную) і негатыўную. Мяркуючы па зніжэнні вытворчасці малака ў мінулым годзе на 1,2 працэнта, беларускія каровы адрэагавалі на змены
ўмоў утрымання негатыўна, пасарамаціўшы тым самым чыноўнікаў з Мінсельгасу, якія запланавалі павелічэнне надояў малака на 15 працэнтаў. Нагадаю, што і 2010 год асаблівай радасці не прынёс: 0,7
працэнта прыросту — гэта не нагода радавацца.
Якое яно, абноўленае аблічча?
У 2011 годзе былі пабудаваныя 87 новых фермаў, яшчэ 180 рэканструяваныя. Усяго ж, паводле распараджэння «адзінага палітыка» (АП), неабходна абсталяваць сучаснымі тэхналогіямі каля
1300 фермаў. Беларускім кіраўнікам, з якіх шмат хто прайшоў яшчэ савецкую школу, да падобных маштабаў не цяжка прызвычайвацца. Цэнтралізаваная эканоміка не здольная займацца драбязой. Кожны праект
унікальны, але з вяршыні ўладнай «вертыкалі» ўнікальнасць дробных праектаў не заўважная і ўжо хаця б таму не паддаецца цэнтралізаванаму кантролю.
Сацыялізм (цэнтралізаваная эканоміка), як вучыў правадыр сусветнага пралетарыяту, — гэта ўлік і кантроль. Чыноўнік — галоўны суб’ект такой эканомікі. Чыноўнік —
чалавек рацыянальны, таму бярэцца за рэалізацыю толькі тых праектаў, якія ў стане кантраляваць. Адсюль максімальныя стандартызацыя і спрашчэнне, што лёгка адсоўваюць эканамічную эфектыўнасць на задні
план. Бюракрат думае справаздачамі, таму ў выбудаваным па бюракратычных лякалах свеце заўсёды дакладна вядома, колькі фермаў мадэрнізавана, колькі тон кармоў нарыхтавана і колькі гэта складае
працэнтаў да мінулага года. Вось толькі каровы даіцца не спяшаюцца…
Каштоўнасць эфектыўнасці кантролю для чыноўнікаў вышэй за каштоўнасць эканамічнай эфектыўнасці. А эфектыўны кантроль — гэта кантроль, пры якім ухіленне «станет таким неизмеримо
трудным, таким редчайшим исключением, будет сопровождаться, вероятно, таким быстрым и серьезным наказанием <…>, что необходимость соблюдать несложные, основные правила всякого
человеческого общежития очень скоро станет привычкой» (Ленін). Лепшага гімну бюракратычнай логіцы, мабыць, і не знойдзеш.
Ідэальны выканаўца для бюракрата — гэта выканаўца, чые дзеянні даведзеныя да аўтаматызму. Зразумела, што выканаўца-аўтамат мае патрэбу не толькі ў кантролі, але і ў дэталёва распісаным
плане, спушчаным зверху. Вось як гэту ж думку выказаў АП, выступаючы перад дэлегатамі VI з’езду ФПБ у кастрычніку 2010 года: «Но еще раз подчеркну, что я хотел показать: в сельском
хозяйстве, в этом огромном секторе, мы четко определились — что производить, сколько производить, где производить, куда везти, нести и как продавать. Все прописано и организовано. Значит,
проблема снята. Мы показали, какие фермы будущего. И это уже не просто единичные фермы, а сотни ферм, которые дают сегодня прибавку молока и мяса».
Тут варта нагадаць, што даклад быў апублікаваны пад загалоўкам «Наша мэта — стварыць абноўленае аблічча Беларусі». Такой вось планавай і ўпарадкаванай бачыцца абноўленая
Беларусь з вокнаў кабінетаў на Карла Маркса, 38.
Пра перакіслы сілас
За апошнія гады спічрайтары неаднаразова ўстаўлялі ў даклады АП цытаты Канфуцыя. Вазьму з іх прыклад: «Лепшае ўгнаенне на любой ферме — сляды ног уладальніка». З гэтай
мудрасцю пагодзіцца і любы ўладальнік дачнага ўчастку. Аднак круг абавязкаў уладальніка не абмяжоўваецца занясеннем угнаенняў па Канфуцыю. Ён значна шырэйшы. Уладальнік — гэта
суб’ект эканомікі, які самастойна вырашае, «что производить, сколько производить, где производить, куда везти, нести и как продавать». Такім суб’ектам на
беларускіх фермах з’яўляецца чыноўнік, але сляды яго ног не часта можна сустрэць сярод каровіных аладак у памяшканнях малочных фермаў.
У выніку мы маем эканоміку, якае не вытрымлівае, па ацэнцы прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, «ніякай крытыкі». У папярэдняй «Азбуцы
паліталогіі» я ўжо прыводзіў невясёлую статыстыку: пры чаканай у 2012 годзе выручцы ў 47 трыльёнаў рублёў, запазычанасць па абавязках сельгаспрадпрыемстваў на 1 студзеня склала 60 трыльёнаў.
Іншымі словамі, тое, што выпадковы назіральнік прымае за сельскагаспадарчую вытворчасць, на самай справе з’яўляецца сельскагаспадарчым спажываннем. Так працуе цэлая галіна народнай
гаспадаркі з яе сотнямі фермаў будучыні, якія нібы ўжо сёння павялічваюць вытворчасць малака і мяса.
Але апусцімся з макраўзроўню з яго трыльёнамі рублёў на ўзровень рэальных фермаў, дзе маладым жывёлам выпала шчасце адаптоўвацца да новых умоў. Каб не адхіліцца ад карціны афіцыйнай рэальнасці ні на
крок, я звярнуся па дапамогу да прэм’ер-міністра: «За год мы страцілі 381 тысячу кароў, ці 28,7 працэнта статку. Такія лічбы недапушчальныя, асабліва калі пагалоўе скаціны часцяком
закупляецца па імпарце, на што выдаткоўваюцца значныя сродкі. У шматлікіх выпадках да страты пагалоўя вядзе безгаспадарлівае стаўленне з боку гаспадарак. Шмат хто думае: гэта не маё, калгаснае,
прапала карова — і бог з ёй, аднак смерць каровы павінна быць трагедыяй для гаспадаркі».
Павінна, але не стала. Прычына такой неадпаведнасці асабіста мне бачыцца ў недапрацоўцы ўраду. Калі прымаць да ўвагі маштаб з’явы, даўно ўжо варта было падрыхтаваць цыркуляр, які абавязвае
працаўнікоў фермаў успрымаць кожны асобны факт смерці буйной рагатай жывёлы як трагедыю. На раённую і абласную «вертыкаль» неабходна ўскласці ўлік такіх рэакцый. Знойдзецца праца і
для яе ідэалагічнага сегменту: ён зоймецца распрацоўкай і давядзеннем адпаведнага паказчыку да выканаўцаў, а таксама арганізацыяй ініцыятыў па яго зніжэнні.
Ну а пакуль мая прапанова не прынятая да выканання, прэм’ер-міністру даводзіцца тлумачыць чальцам прэзідыума Саўміна: «Якасны корм дазваляе атрымліваць якаснае малако. А ў нас кароў
кормяць сіласам, часта перакіслым. Здароўя ў жывёлы няма, пакутуе эфектыўнасць». Ці дапамогуць такія прафесійныя развагі даяркам, чыя зарплата, як вядома, дасягае ў Беларусі 900 долараў у
месяц, ці ў мадэрнізаваныя па апошнім слове тэхнікі скотамесцы будзе па-ранейшаму паступаць перакіслы сілас — сказаць цяжка. Але ў любым выпадку канчатковы вынік вызначыць юрыдычны статус
слядоў ног на фермах.
Чые інтарэсы выяўляе лідар нацыі?
На мінулым тыдні Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ азнаёміў грамадскасць з ацэнкамі асноўных падзей мінулага года. Сумны лёс 381 тысячы кароў, якія заўчасна адкінулі капыты за такі кароткі
тэрмін, увагі аналітыкаў у пагонах не прыцягнуў. Відавочна, гэты факт яны палічылі малазначным у параўнанні з той беспрэцэдэнтнай дыскрэдытацыяй «органаў кіравання дзяржавай, у першую чаргу
— інстытутаў прэзідэнта, КДБ і МУС», арганізаванай «пятай калонай», якая паразітуе на часовых цяжкасцях.
У кожнага сваё бачанне праблем і сваё іх ранжыраванне па ступені важнасці. Паводле планаў, прынятых на IV Усебеларускім народным сходзе, у бягучай пяцігодцы ўсе мы наблізімся да еўрапейскага ўзроўню
жыцця. Паводле Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ, вельмі важна пры гэтым «не дапусціць спаўзання краіны ў зону палітычнага і эканамічнага хаосу». У мінулым годзе падобнага
сцэнару атрымалася пазбегнуць за кошт сумесных дзеянняў усіх дзяржорганаў, знітаваных «палітычнай воляй прэзідэнта краіны». Даяркі, даглядчыкі жывёлы і мільёны прадстаўнікоў іншых
масавых прафесій да стабілізацыі эканомікі дачынення не мелі.
Дайце бюракратам волю, і яны тут жа пачнуць ажыццяўляць мегапраекты, кошт якіх будзе вымярацца не толькі ў грашовых знаках, але і ў чалавечых жыццях. «Вялікі скачок у Кітаі, калектывізацыя ў
Расіі і прымусовае збіранне людзей у вёскі ў Танзаніі, Мазамбіку і Эфіопіі займаюць асаблівае месца сярод вялікіх чалавечых трагедый XX стагоддзя па колькасці загубленых і непапраўна разбураных
жыццяў», — піша ў сваёй кнізе «Добрымі намерамі дзяржавы» сацыёлаг Джэймс Скот. Усе гэтыя праекты ставілі сваёй галоўнай мэтай павелічэнне
«празрыстасці» грамадства для дзяржавы, без чаго немагчыма цэнтралізаванае кіраванне.
Законы функцыянавання бюракратыі агульныя для ўсіх тыпаў палітычных сістэм. Прадстаўленыя самі сабе, бюракраты пачынаюць памнажацца, падобна ракавым клеткам, выдаючы пры гэтым свае ўласныя інтарэсы
за агульнанацыянальныя. Тым не менш, кваліфікаваная, рацыянальная бюракратыя ў прыродзе існуе, але толькі пры ўмове знешняга кантролю з боку грамадства, інтарэсы якога фармуе і выяўляе не лідар
нацыі, а канкурэнтная палітычная сістэма.
У гэтым сэнсе сам факт існавання ў Беларусі АП азначае, па-першае, бескантрольнасць бюракратыі; па-другое — немагчымасць вызначэння нацыянальных інтарэсаў, і, адпаведна, немагчымасць
правядзення асэнсаванай палітыкі іх рэалізацыі.