Ханс-Георг Вік: «Лукашэнка быў гатовы да дыялогу з апазіцыяй, але Пуцін параіў яму не рабіць гэтага»
«Пуцін прыйшоў на месца Ельцына — і першае, што ён зрабіў, была парада Лукашэнку не працягваць гэты дыялог і трымацца блізкага супрацоўніцтва з Расіяй. І такім чынам Пуцін непасрэдна падтрымаў вяртанне да кансерватыўнай і недэмакратычнай сістэмы, гэтаксама як ён зрабіў з Расіяй», — распавёў Ханс-Георг Вік на «Радыё Свабода».
Госць «Інтэрв’ю тыдня» на «Радыё Свабода» — кіраўнік нямецкага таварыства «Правы чалавека ў Беларусі», ветэран нямецкай дыпламатыі, былы кіраўнік місіі АБСЕ ў Беларусі Ханс-Георг Вік. Ён ацэньвае 25-годдзе ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, прыгадвае, чаму Лукашэнка не пайшоў на дыялог з апазіцыяй, і заяўляе, што палітычныя і эканамічныя рэформы немагчымыя падчас кіравання Лукашэнкі.
Сцісла
• Беларусь вельмі кансерватыўная краіна, не гатовая да істотных зменаў.
• Пуцін непасрэдна падтрымаў вяртанне Беларусі да кансерватыўнай і недэмакратычнай сістэмы, гэтаксама як ён зрабіў з Расіяй.
• Палітычныя і эканамічныя рэформы немагчымыя падчас кіравання Лукашэнкі.
Перспектыва зменаў пад ціскам не апраўдала сябе
— Як вы ў цэлым ацэніце 25 гадоў прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі? Што яны прынеслі Беларусі?
— Сапраўды, Лукашэнка ўжо ва ўладзе 25 гадоў. Зрабіў ён гэта, перамогшы ў выбарах у другім туры з абсалютнай большасцю галасоў, і гэта было міжнародна прызнана. Аднак у 1996-м ён вырашыў вярнуцца на савецкі шлях і змяніў Канстытуцыю шляхам спрэчнага рэферэндуму ў бок аўтарытарнага яе варыянту, які больш ніяк не мог адпавядаць еўрапейскім стандартам, вызначаным АБСЕ.
З таго моманту ён атрымаў неабмежаваную ўладу ў краіне, якая мае цяпер не самае кепскае эканамічнае становішча, але не мае прызнання як дэмакратычна арганізаваная краіна Еўропы.
— Што можна сказаць пра стан беларускага грамадства, як яно мянялася за гэтыя гады? Чаму змены ў грамадстве не прывялі да зменаў ва ўладзе?
— Мы маем пяць суседзяў Беларусі. Польшча, Літва, Латвія — дэмакратычныя краіны, чальцы NATO і Еўрасаюзу. Украіна пасля вялікіх складанасцяў атрымала дэмакратычны ўрад і свабодныя выбары.
Можа быць, стандарты жыцця нязначна адрозніваюцца, але жыццё складаецца не толькі з матэрыяльных даброт, а таксама з эмацыйных і прававых аспектаў, і ў гэтай справе Беларусь вельмі кансерватыўная краіна, не гатовая да істотных зменаў.
— Як вы ацэніце палітыку Захаду ў дачыненні да Лукашэнкі? Еўразвяз спрабаваў розныя варыянты — санкцыі, «уцягванне ў дыялог». Ці лічыце вы, што сённяшняя палітыка «дыялогу» можа прывесці да нейкіх зменаў унутры Беларусі?
— Перспектыва зменаў пад ціскам не апраўдала сябе. Таму ЕС прыняў палітыку трывання і настойлівасці, памятаючы пра тое, што Беларусь — недэмакратычная дзяржава, якая не мае дэмакратычнай выбарчай сістэмы. Аднак мы маем надзею, што з часам адбудуцца рэформы палітычнай сістэмы ў Беларусі.
Палітычныя і эканамічныя рэформы немагчымыя падчас кіравання Лукашэнкі
— Вы ўзначальвалі Кансультатыўную назіральную групу АБСЕ ў Мінску, якая ў канцы 90-х спрабавала наладзіць дыялог паміж беларускай уладай і апазіцыяй. Але тая спроба ў выніку правалілася. Далейшыя гады паказалі, што Лукашэнка не вельмі схільны да дыялогу з апазіцыяй. Ці лічыце вы, што ў вашай місіі не было ніякіх шанцаў?
— Падзеі ў Расіі паўплывалі на магчымасць фармавання дэмакратыі ў Беларусі, якое затарможвалася Масквой. Быў саміт краінаў АБСЕ ў Стамбуле ў 1999-м, дзе Лукашэнка быў гатовы на дыялог з апазіцыяй, гэта быў параграф 22 дэкларацыі саміту. А тыдзень ці два пазней Пуцін прыйшоў на месца Ельцына — і першае, што ён зрабіў, была парада Лукашэнку не працягваць гэты дыялог і трымацца блізкага супрацоўніцтва з Расіяй. І такім чынам Пуцін непасрэдна падтрымаў вяртанне да кансерватыўнай і недэмакратычнай сістэмы, гэтаксама як ён зрабіў з Расіяй.
— Як вы ацэніце расійскі ўплыў на Беларусь у цяперашні час?
— Эканамічныя адносіны ўсё яшчэ залежаць ад паліўных і газавых сувязяў і транспартавання гэтых рэсурсаў праз Беларусь. І гэтыя абставіны перашкаджаюць Беларусі ў атрыманні большай эканамічнай незалежнасці. І Расія, і Беларусь маюць недахоп у замежных інвестыцыях для мадэрнізацыі сваёй вытворчасці. Расія залежыць ад экспарту нафты і газу і мае няшмат прадуктаў, канкурэнтных на сусветным рынку. Тое самае можна сказаць пра Беларусь. Калі б не было гэтай залежнасці Беларусі ад расійскіх нафты і газу, краіна вымушаная была б больш актыўна шукаць заходнія інвестыцыі.
— Апошнія гады, асабліва пасля анексіі Крыму, палітыка Захаду да афіцыйнага Мінску змянілася. Еўропа ўжо не так актыўна падтрымлівае беларускую апазіцыю і спрабуе наладзіць масты з беларускай уладай. Як вы ставіцеся да цяперашняй палітыкі Еўрасаюзу?
— Захад заўважыў, што Мінск не пайшоў цалкам у расійскім рэчышчы ў пытанні анексіі Крыму, заняўшы пазіцыю недзе паміж Украінай і Расіяй. Захад гэта прызнаў, і таму павялічылася колькасць кантактаў паміж беларускімі і еўрапейскімі чыноўнікамі — дзеля таго, каб Беларусь трымала дыстанцыю ад экспансіянісцкай палітыкі Крамля.
— Ці вы верыце, што ў нейкі час Лукашэнка пры нейкіх умовах можа пагадзіцца на палітычныя на эканамічныя і палітычныя рэформы? Альбо вы лічыце, што гэта немагчыма падчас ягонага кіравання?
— Гэта немагчыма падчас ягонага кіравання. Ён ніколі не паставіць сваю ўладу пад рызыку, дазволіўшы свабодныя і справядлівыя выбары.
— Даволі песімістычны погляд на беларускую будучыню.
— Рэалістычны, рэалістычны. Я не песіміст. Але я не магу змяніць факты, якія мы маем. Я магу толькі спадзявацца, што людзі будуць правільна ацэньваць гэтыя факты, рабіць з іх высновы і разумець, што будучыня з гэтым кіраўніком не вельмі перспектыўная.
Віталь Цыганкоў, www.svaboda.org