МЗС Расіі: Падатковы манеўр — суверэннае права, Беларусі патрабаваць кампенсацыі некарэктна
У адміністрацыі Лукашэнкі сцвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў долараў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым развіцці падзей. А міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд долараў, нагадвае «Радыё Свабода».
Намеснік міністра замежных справаў Расіі Віталій Белавусаў заявіў РИА Новости, што казаць менавіта аб кампенсацыі для Беларусі расійскага падатковага манеўру некарэктна, бо гэта «суверэннае права Расіі».
«Размова пра магчымае судзеянне Беларусі ў змякчэнні наступстваў „падатковага манеўру“, які праводзіцца ў Расіі, — растлумачыў Белавусаў. — Гэтае пытанне ў прапрацоўцы, яно будзе вырашацца комплексна. У сувязі з гэтым даваць якія-небудзь ацэнкі сёння заўчасна».
Падатковы манеўр мог абмяркоўвацца на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 17–18 ліпеня. Але пра такі аспект перамоваў не паведамлялася нічога. Расея звязвае даванне кампенсацыі з «паглыбленнем інтэграцыі», а Лукашэнка прапаноўваў Пуціну «зняць усе праблемныя пытанні» ў «саюзнай дамове» да снежня 2019 года.
Паводле www.svaboda.org