Глыбы супраць друзу

Не бывае больш вартага жалю відовішча, чым незавершаная, не зведзеная ў адзін пункт, усечаная піраміда ўлады.

demolished_house_geba8b4f72_1280.jpg


Несамастойнасць еўрапейскіх палітыкаў бачная няўзброеным вокам нават грамадзянам, якія чэрпаюць свае ўяўленні пра свет з ток-шоу. Што тады казаць пра тых, хто бярэ ў ток-шоу ўдзел у якасці экспертаў?
Дазволю сабе доўгую цытату з ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё».
Вядоўца праграмы Вадзім Шэпет адзначыў: «Калі аналізаваць сітуацыю ў Еўрапейскім саюзе, разумею, што людзі, якія знаходзяцца там ва ўладзе, на жаль, ніякага дачынення да палітыкі не маюць. Яны прымаюць няўзважаныя рашэнні, паводзяць сябе ірацыянальна і імпульсіўна. Чаму цяпер на постсавецкай прасторы палітыкі-глыбы паказваюць выразныя рашэнні, а ў Еўропе такога няма?»
Генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч дадала: «Правільна кажаце: на постсавецкай прасторы — палітыкі-глыбы. У Еўропе ж палітыкі проста несамастойныя. Бо ўсе выдатна разумеюць: тое, што сёння робяць Польшча, Літва, Украіна, дыктуецца ім з ЗША. Што ім кажуць, тое яны і робяць. Гэтую несамастойнасць, неактыўнасць людзі бачаць выдатна».
У чым толькі за апошнія паўтара года не абвінавачвалі еўрапейцаў… Спіс недахопаў пастаянна дапаўняецца. Абвінавачванне ў адсутнасці рацыянальнасці — чарговае.
Крыўдна за бабулю-Еўропу. Удвая крыўдна, калі ўлічыць, што слова «рацыянальнасць» паходзіць ад лацінскага ratio (розум). Утрая крыўдна, калі прыгадаць, што на ролю бацькі-заснавальніка філасофіі рацыяналізму прэтэндуе старажытнагрэчаскі мысляр Сакрат (каля 469–399 да н. э.).
Без пераходу ад традыцыйных каштоўнасцяў да секулярна рацыянальных быў бы немагчымы пераход ад аграрнай эканомікі да індустрыяльнай. Паважаны вядучы ток-шоу і не менш паважаны эксперт, хутчэй за ўсё, пасвілі б гусей, калі б еўрапейцы ў свой час (XVIII стагоддзе) не сталі лідарамі ў засваенні рацыянальнага мыслення.
Але куды ўсё падзелася? Калі нашы заходнія суседзі паспелі згубіць свае перавагі ды змянілі тым самым сацыякультурную дынаміку на застой і дэградацыю?
Пытанні, пытанні... Варта, аднак, прызнаць іх другаснасць адносіна да пытання наконт прычынаў перамяшчэння цэнтра рацыянальнага мыслення з Еўропы ў постсавецкую прастору.

Базавыя характарыстыкі

Палітыкі-глыбы нараджаюцца на постсавецкай прасторы рэгулярна, але ў колькасці не больш за адну штуку на тэрыторыю, што прэтэндуе на дзяржаўны суверэнітэт. Дэталь. Аднак ключавая дэталь.
Чаму так адбываецца, лёгка зразумець, калі ўявіць такую тэрыторыю як бярлог, а ў бярлогу, як абвяшчае народная мудрасць, двум мядзведзям не ўжыцца.
На гэтым тлумачальны патэнцыял народнай мудрасці заканчваецца, бо няўжыўчывасць палітыкаў-глыбаў у апошнюю чаргу звязаная з іх асабістымі характарыстыкамі. У нашым выпадку значна важнейшыя характарыстыкі сярэднестатыстычнага прыхільніка такога кшталту палітыкаў.
Да ліку яго базавых характарыстык можна смела аднесці іерархічнасць і сакральнае ўспрыманне ўлады і дзяржавы.
Для тлумачэнні першай характарыстыкі звярнуся па дапамогу да класіка расійскай сацыялогіі Юрыя Лявады: «...[чалавек] іерархічны выразна ўсведамляе, што не толькі эканамічныя і сацыяльныя выгоды... але і чалавечыя правы, унутраная годнасць, павага, “гонар”... размяркоўваюцца ў адпаведнасці з сацыяльным статусам і становішчам у структурах улады».
Іерархія — гэта піраміда. На яе вяршыні не можа знаходзіцца некалькі персон адначасова. У айчыннай гісторыі такое часам здаралася, напрыклад, у перыяд нядоўгага вяртання да калектыўнага кіравання (вяртання да ленінскіх нормаў) пасля смерці чарговага партайгеносе ў Крамлі. Аднак не бывае больш бездапаможнага відовішча, чым незавершаная, не зведзеная ў адзін пункт усечаная піраміда ўлады.
Падобны «пункт» лёгка напаўняецца сакральным сэнсам, г. зн. сэнсам чароўным, рэлігійным, тагасветным, ірацыянальным, містычным.
Такі вось парадокс: каб паказваць на постсавецкай прасторы выразныя рацыянальныя рашэнні самі суб'екты такога кшталту рашэнняў (палітыкі-глыбы) павінны ўспрымацца сваімі прыхільнікамі ў якасці персон ірацыянальных.
Сакральная ўлада ў галовах яе паслядоўнікаў адыгрывае ролю генератара сацыяльнага парадку, таму нават часовая адсутнасць персаніфікатара ўлады раўназначная наступленню хаосу. Гэтай архаічнай сувяззю і тлумачыцца нежыццяздольнасць першай беларускай Канстытуцыі, якая сакральнай персоны на вяршыні ўладнай вертыкалі не прадугледжвала.

«Западло»

Піраміда ўлады можа пазбавіцца сваёй вяршыні не толькі з-за натуральнай прычыны. Урэшце ўсе пад Богам ходзім. Фармальна, персона, якая знаходзіцца на вяршыні, можа пазбавіцца ў вачах сваіх прыхільнікаў сакральнага статусу. Гарбачоў — толькі адзін са шматлікіх прыкладаў такога грэхападзення.
«Лёс гуляе чалавекам, а чалавек грае на трубе», — справядліва заўважыў герой рамана «Залатое цяля» Астап Бэндэр. Таму ўлада на большай частцы постсавецкай прасторы і «кідаецца паміж узвышэннем да сакральнасці і падзеннем да простага пагарджанага Начальства». Заўвага не менш афарыстычная, але належыць яна не літаратурнаму герою, а гісторыку Аляксандру Ахіезеру.
Падтрыманне сакральнага статусу каштуе дорага. Так званаму «нацыянальнаму лідару» нашага ўсходняга суседа дзеля гэтага даводзіцца арганізоўваць маленькія пераможныя войны. Праект пагадненняў аб бяспецы з ЗША і NАТO, агучаны 17 снежня на брыфінгу ў Маскве намеснікам міністра МЗС РФ Сяргеем Рабковым, — чарговая вязанка дроваў у вогнішча сілавога супрацьстаяння на ўсходзе Украіны.
Аўтары праекта, як і эксперт на «Альфа Радыё», адмаўляюць еўрапейцам у праве прэтэндаваць на статус палітыкаў. Фармальна, адрасуючы свае прапановы NАТO, яны адкрыта заяўляюць, што меркаванні іншых натаўцаў, акрамя амерыканцаў, іх не цікавяць. Бо як інакш можна разумець наступны пасаж: «ЗША прымаюць абавязацельствы выключыць далейшае пашырэнне Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора ва ўсходнім кірунку, адмовіцца ад прыёму ў альянс дзяржаў, якія раней уваходзілі ў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік».
Палітыку-глыбе з нейкім друзам сусветныя праблемы за адным сталом абмяркоўваць не выпадае — «западло». Прашу прабачэння за запазычанае з крымінальнага жаргону слова. Аднак больш дакладнага вызначэння, якое б перадавала асаблівасці знешняй палітыкі Крамля, я не здолеў знайсці.