Завяршыла сваю працу другая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.
Апошняе пасяджэнне парламенту пачалося са спазненнем на паўтары гадзіны. Прычынай затрымкі сталі сустрэчы спікера Уладзіміра Андрэйчанкі з дэлегацыяй Вярхоўнай Рады Украіны і кангрэсменамі ЗША.
Дэпутаты хуценька без доўгіх абмеркаванняў прынялі ў першым чытанні шэраг змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законапраекты.
Найбольш цікавым ёсць унясенне нормы ў праект Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дэкларавання фізічнымі асобамі прыбыткаў,
маёмасці і крыніцаў грашовых сродкаў, якая прадугледжвае абмежаванне перыяду, за які падатковыя органы маюць права патрабаваць дэкларавання прыбыткаў — не больш дзесяці поўных
каляндарных гадоў, што папярэднічаюць году, у якім быў накіраваны пісьмовы запыт аб прадстаўленні дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці. Акрамя таго, унесеныя ўдакладненні ў тэрміналогію закона,
уключаны пералік прыбыткаў, якія не падпадаюць пад дэклараванне.
Спікер Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што праца сесіі прайшла “канструктыўна і па-дзелавому. За гэты час было разгледжана 95 пытанняў, прынята 35 законапраектаў у першым чытанні, 27
— у другім, 13 праектаў законаў аб ратыфікацыі міжнародных дамоў, разгледжана дзевяць дэкрэтаў кіраўніка дзяржавы. Сярод законапраектаў найбольшы рэзананс мелі праект Закона “Аб
амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама ўнясенне паправак у крымінальны і адміністрацыйны кодэксы, якія забараняюць піццё піва і іншых
слабаалкагольных напояў у грамадскіх месцах.
Законапраект прадугледжвае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці парушальнікаў новых нормаў — ужыванне алкаголю на вуліцы абыдзецца ў восем базавых велічынь. Калі на працягу года пасля
накладання спагнання парушальніка зноў зловяць за распіваннем спіртнога ў грамадскім месцы, яму будзе пагражаць штраф у памеры ад 2 да 15 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Паленне ў
грамадскім месцы будзе карацца штрафам да 4 базавых велічынь. Гэтыя нормы будуць дзейнічаць на практыцы, калі законапраект прыме Савет міністраў, а таксама падпіша кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў старшыні парламента Уладзіміра Андрэйчанкі, асаблівасцю гэтай сесіі стала “актывізацыя дыялога з еўрапейскімі парламенцкімі структурамі, у першую чаргу з Парламенцкай Асамблеяй
Савета Еўропы. “Зробленая вялікая праца ў накірунку аднаўлення для Нацыянальнага сходу Беларусі статуса адмыслова запрошанага ў ПАСЕ, — падкрэсліў спікер.
Нагадаю, што напрыканцы чэрвеня ў “палатцы была створаная працоўная група па распрацоўцы прапановаў па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Увядзенне мараторыя на смяротную
кару — адно з патрабаванняў Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы для аднаўлення Беларусі статусу адмыслова запрошанага ў ПАСЕ. Старшыня Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валерый Сукала 25
чэрвеня заявіў, што судовая сістэма Беларусі гатовая да таго, каб у краіне адмянілі смяротную кару.
“Калі ў Канстытуцыі Беларусі смяротная кара пазначаная як часовая, то гэтая норма непазбежна пацягне за сабою яе адмену. Мараторый на ўжыванне смяротнай кары — гэта мера
прамежкавая, — адзначыў старшыня Вярхоўнага суда. Пажыццёвае зняволенне ў беларускім заканадаўстве было замацавана ў 1999 годзе. За гэты час да пажыццёвага пазбаўлення волі былі
асуджаныя 130 чалавек. Летась да пажыццёвага зняволення ў Беларусі было асуджана 7 чалавек, а да смяротнай кары — 2 чалавека.
Разам з тым па выніках сесіі засталася нявырашанай палітычная інтрыга пра прызнанне незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Калі не будзе склікана пазачарговае пасяджэнне, то пытанне можа быць
унесенае на разгляд восенню.
Хутка і канструктыўна
- Палітыка
- 03-07-2009
Завяршыла сваю працу другая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.
Апошняе пасяджэнне парламенту пачалося са спазненнем на паўтары гадзіны. Прычынай затрымкі сталі сустрэчы спікера Уладзіміра Андрэйчанкі з дэлегацыяй Вярхоўнай Рады Украіны і кангрэсменамі ЗША.
Дэпутаты хуценька без доўгіх абмеркаванняў прынялі ў першым чытанні шэраг змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законапраекты.
Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!
Больш цікавага на «Новым Часе»: