Як Татарстан прагнуў разваліць Расію ў 1990-м
Ці былі шанцы ў некалі легендарнага народа, які па сутнасці прызначаў кіраўнікоў у Масковіі падчас татара-мангольскага нашэсця, а сёння сам жыве пад акупацыяй? У 1990 годзе яны паспрабавалі скінуць ярмо.
Што за Татарстан?
Гісторыя пачынаецца з таямнічых волжскіх булгараў (не блытаць з балгарамі), старажытных жыхароў Татарстана, якія стварылі дзяржаву ля ракі Волга. Іх сталіца, горад Болгар, была бліскучым горадам гандлю і тагачасных ведаў. Булгары прынялі іслам. Нават грозныя манголы пад кіраўніцтвам легендарнага Чынгісхана прызнавалі іх веліч. Калі Мангольская імпэрыя пашырыла свае велізарныя тэрыторыі, волжскія булгары сталі неад'емнай часткаю Залатой Арды.
Арда атрымлівала на працягу стагодзьдзяў даніну ад сваіх васалаў у Маскве.
З цягам часу Залатая Арда распалася. Пасьля гэтага ў XV стагодзьдзі ўзьнікла Казанскае ханства з Казаньню ў якасьці яго сталіцы. Татарскія кіраўнікі захоўвалі свае традыцыі і забясьпечвалі дабрабыт. Аднак пашырэньне амбіцыяў Масковіі прывяло да акупацыі Казанскага ханства.
Аблога Казані Іванам Жахлівым у 1552 годзе была адным з самых вызначальных момантаў у татарскай гісторыі. Горад быў захоплены, але дух татараў працягваў жыцьцё. Ва ўмовах расейскае акупацыі татары сутыкнуліся з культурнай асыміляцыяй. Тым не менш яны моцна трымаліся сваёй ідэнтычнасьці, веры і традыцыяў.
У наступныя стагодзьдзі
адбылася серыя паўстаньняў. Паўстаньне Емяльяна Пугачова ў XVIII стагодзьдзі,
хоць і не выключна татарскае, атрымала значную падтрымку татарскага
насельніцтва. Пазьней, пасьля рэвалюцый і грамадзянскай вайны на тэрыторыі
былой імпэрыі, у 1920 годзе была абвешчаная Татарская Аўтаномная Савецкая
Сацыялістычная Рэспубліка.
Адразу пасьля стварэньня Татарскай АССР высьветлілася, што нацыянальныя рэспублікі былі падзеленыя на «першагатункавыя» (саюзныя) і «другагатункавыя» (аўтаномныя). Аўтаномныя рэспублікі аказаліся пазбаўленымі якой бы там ні было самастойнасьці. Таму адразу ж пачалася барацьба за ўваходжаньне ТАССР у склад элітнага клюба саюзных рэспублікаў. На гэтым «згарэла» ўся татарская палітычная эліта. Усе яны былі зьнішчаныя камуністамі.
Жорсткая палітыка савецкага рэжыму была скіраваная на вынішчэньне рэлігійнай, культурнай і нацыянальнай самасьвядомасьці. Татарская мова адыходзіла на другі плян, іх інтэлігенцыя перасьледавалася, мячэці закрываліся.
Дэклярацыя аб сувэрэнітэце
30 жніўня 1990 года Вярхоўны Савет яшчэ Татарскай АССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Татарскай ССР, якая дазволіла Татарстану ўвайсьці ў лік нацыянальных аўтаномій «першага гатунку» — саюзных рэспублікаў. Але Татарстан не пасьпеў скарыстацца такім "прывілеем", бо ўся Імпэрыя Зла неўзабаве развалілася на шчасьце людзям добрай волі.
Рэфэрэндум 1992
Сьледствам Дэклярацыі стала правядзеньне ў 1992 годзе рэфэрэндуму аб самавызначэньні Татарстана, які, аднак, закранаў не пытаньне аб незалежнасьці, а пытаньне аб сувэрэнітэце. У бюлетэнях гэта было прапісана так:
«Ці згодныя вы, што Рэспубліка Татарстан — сувэрэнная дзяржава, суб'ект міжнароднага права, якая будуе свае адносіны з Расейскай Федэрацыяй і іншымі рэспублікамі, дзяржавамі на аснове раўнапраўных дамоваў?»
Вярхоўны Савет Расеі
запатрабаваў адмяніць рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндуму, з прэтэнзіямі
выступілі Канстытуцыйны Суд і асабіста Барыс Ельцын. Не дапусьціць адкрыцьця
ўчасткаў для галасаваньня паспрабавалі супрацоўнікі Генэральнай пракуратуры РФ.
У той жа час стаўка ворагаў сувэрэнітэту Татарстана была зроблена не толькі на зрыў галасаваньня, але і на агітацыю за варыянт «супраць».
Нягледзячы на ціск федэральных уладаў, 22 сакавіка 1992 гады рэфэрэндум у Татарстане адбыўся. Працавалі ўсе выбарчыя ўчасткі, гвалт не быў ужыты.
61,4% татарстанцаў пры яўцы ў 81,7% падтрымалі сувэрэнітэт рэспублікі.
30 лістапада 1992 года была прынятая новая Канстытуцыя Татарстана, якая абвесьціла рэспубліку "сувэрэннай дзяржавай".
Прынятая ў 1992 годзе Канстытуцыя рэспублікі абвесьціла акрамя, уласна, дзяржаўнага сувэрэнітэту, раўнапраўе расейскай і татарскай моваў, а таксама вяршэнства на тэрыторыі рэгіёна рэспубліканскіх законаў над федэральнымі. Татарстан прыняў на сябе статус "суб'екта міжнароднага права, асацыяванага з Расейскай Федэрацыяй на аснове “Дамовы аб узаемным дэлегаваньні паўнамоцтваў і прадметаў вядзеньня", якая была падпісаная ў 1994 годзе.
15 лютага 1994 у Маскве Барыс Ельцын і Віктар Чарнамырдзін (з боку Расеі), Мінцімер Шайміеў і Мухамат Сабіраў (з боку Татарстана) падпісалі дамову «Аб разьмежаваньні прадметаў вядзеньня і ўзаемным дэлегаваньні паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады Расейскай Федэрацыі і органамі дзяржаўнай улады Рэспублікі Татарстан». Яна стала гістарычнай у поўным сэнсе гэтага слова, паколькі Расея ніколі да гэтага не падпісвала з нутранымі рэгіёнамі ніякіх дамоваў, а для Татарстана гэты дакумэнт замацаваў тыя правы і абавязкі, якія ён узяў на сябе па факце.
Паводле Дамовы, Масква прызнала правы Татарстана на фармаваньне бюджэту і падатковай палітыкі, вядзеньне міжнароднай палітыкі і, што істотна для нафтавага рэгіёна, — распараджэньне ўласнымі нетрамі і зямлёй.
Такі стан спраў праіснаваў да прыходу да ўлады Пуціна ў 2000 годзе. З Канстытуцыі Татарстана ў першую чаргу прыбралі згадку аб сувэрэнітэце, аб праве рэспублікі распараджацца прыроднымі рэсурсамі і прымаце мясцовых законаў над федэральнымі. Кіраўніцтва рэгіёна ў кожным пытаньні паслухмяна выконвала волю Масквы.
Даўжэй за ўсё ў сучаснай гісторыі Татарстана ганарыліся наяўнасьцю дамовы з федэральным цэнтрам: спачатку — асобнай дамовы, а ў апошнія гады — ужо і ўнікальнай. Яе дзеяньне, якое пачалося з 1994-м, спынілася ў жніўні 2017-га.
Сёньня ў Татарстане заводзяць справы на нацыянальна арыентаваных татараў за мітынгі памяці ў гонар выразаных маскавітамі Івана Жахлівага жыхароў Казані ў 1552 годзе. “За распальваньне варожасьці паміж расейцамі і татарамі” – з такімі фармулёўкамі затрымліваюць людзей.
Адмена татарскай мовы
У 2017 годзе Пуцін сказаў, што «прымушаць чалавека вывучаць мову, якая для яго роднай не зьяўляецца, гэтак жа недапушчальна, як і зьніжаць узровень і час выкладаньня расейскай». Жахлівая лёгіка маскавітаў апошнія паўтысячагодзьдзя.
Па выніках гепракуратуры Расеі было дадзенае даручэньне праверыць законнасьць добраахвотнага вывучэньня родных і дзяржаўных моваў рэспублік у складзе імпэрыі.
Выяўленыя падчас праверак парушэньні заключаліся ў тым, што ў Татарстане татарская мова як дзяржаўная вывучалася ў абавязковым парадку, а ў якасьці роднай мовы навучэнцы таксама вывучалі татарскую. Якія здраднікі расейскай айчыны!
З таго самага 2017 года татарская мова (як і ўсе іншыя нацыянальныя мовы рэгіёнаў) не зьяўляецца абавязковай для вывучэньня ў школах. Дзеля таго, каб вывучаць татарскую мову, бацькі мусяць напісаць пісьмовую заяву на вывучэньне роднай мовы ў школе. Гэты факультатыў не можа быць больш за 2 гадзіны ў тыдзень. Расейская ж мова зьяўляецца абавязковай для ўсіх 6-8 разоў у тыдзень. Татарская мова зьнікне праз тры-два-адзін...
У 2023 годзе
Татарстан пазбавіўся апошняй прывілегіі – кіраваць ім далей будзе не прэзідэнт
Татарстана, а “старшыня”. Папраўкі да рэгіянальнай канстытуцыі былі ўхваленыя
на пачатку гэтага года.
Быў адрэдагаваны артыкул №1, які раней нельга было зьмяняць без правядзеньня рэферэндуму: зь яго выключылі згадваньне суверэнітэту і дамовы аб разьмежаваньні паўнамоцтваў з федэральным цэнтрам (першае пагадненьне было заключанае ў 1994 годзе, другое — у 2007 годзе тэрмінам на дзесяць гадоў).
Цяпер Татарстан — "дэмакратычная прававая дзяржава ў складзе РФ", а яе дзяржаўнасьць выяўляецца ў "наяўнасьці сваёй тэрыторыі, насельніцтва, сістэмы органаў дзяржаўнай улады, сваёй канстытуцыі і заканадаўства, дзяржаўных моваў і дзяржаўных сымбаляў".
Страцілі сваю моц 25 палажэньняў канстытуцыі Татарстану. Сярод іх, напрыклад, артыкулы аб грамадзянстве Татарстана і аб Канстытуцыйным судзе рэспублікі. Выключаная таксама норма аб тым, што рэспубліка "адхіляе гвалт і вайну як сродак вырашэньня спрэчак паміж дзяржавамі і народамі".
Акрамя таго, улады рэгіёна пазбаўляюцца паўнамоцтваў па ўзгадненьні кандыдатуры пракурора рэспублікі, а Дзяржсавет Татарстана не зможа тлумачыць рэспубліканскія законы.
Нарэшце, прыбранае з канстытуцыі і патрабаваньне аб тым, каб кандыдаты на пасаду кіраўніка рэспублікі валодалі абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі — расейскай і татарскай. Цяпер у ёй гаворыцца толькі, што кіраўнік (раіс) "выкарыстоўвае" дзяржмовы ў сваёй працы.
У той жа час здымаюцца абмежаваньні па колькасьці тэрмінаў знаходжаньня ва ўладзе адной і той жа асобы, таму Рустам Мініханаў, які ўжо двойчы абіраўся прэзідэнтам, зможа пайсьці і на наступныя выбары.
Вынікі
Як справядліва піша татарскі дасьледчык Ільнар Гарыфулін: “Памяць аб самой Дэклярацыі, яе прынцыпах і народных ідэалах, зьвязаных зь ёй, старанна вычышчалася, а на зьмену ёй прыйшлі дэпалітызацыя і дэідэалігізацыя галоўнага сьвята рэспублікі.
Гэта павінна было сьцерці ў масавай народнай памяці тую інфармацыю, якая зараз стала проста "няёмкай". Замест дня падпісаньня Дэклярацыі пачалі адзначаць Дзень горада Казані. Гэта значыць сьвята, прысьвечанае палітычнай падзеі, было замешчанае абсалютна пустым па сваім значэньні днём горада.
Сымбалізм сувэрэнітэту актыўна вымываўся са сьвядомасьці. Гэта было зручна як для федэральнай, так і для рэгіянальнай улады, для якой гэтая дата кожны раз служыла напамінам аб тых праэктах, якія яна абавязалася выканаць, але так і не выканала.
Таму той факт, што зараз пра сувэрэнітэт у дзень Дэклярацыі аб сувэрэнітэце не кажуць — гэта не выпадковасьць, а лягічнае завяршэньне. Вось і цяперашні старшыня Татарстану Рустам Мініханаў, пры віншаваньні жыхароў з Днём рэспублікі, ні слова не сказаў аб Дэклярацыі”.