Якія новыя законы патрэбныя Беларусі?
Чым не задавальняе цяперашняе заканадаўства — пра гэта ў гадавіну прыняцця Канстытуцыі распавёў адзін з распрацоўшчыкаў Асноўнага закона Беларусі, заслужаны юрыст краіны прафесар Міхаіл Пастухоў.
Беларусі патрэбныя законы новага пакалення, заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, звярнуўшы ўвагу, што дзеючых заканадаўчых актаў досыць шмат, але «не заўсёды дасягаюцца тыя мэты, для якіх яны распрацоўваліся».
Пра якія такія законы новага пакалення можа ісці гаворка і чаму пра гэта загаварылі цяпер?
— Гэта пастаянная мара любога юрыста, каб з'явіліся новыя якасныя законы, якія лепш ранейшых, гэта непазбежны прагрэс, і ў гэтым плане я падтрымліваю ідэю Мясніковіча, — кажа Міхаіл Пастухоў. — Добрае пытанне, чаму пра гэта старшыня Савета Рэспублікі загаварыў толькі цяпер. Чаму раней не прымалі добрыя законы, напрыклад, выбарчы закон, крымінальны закон, працоўны законы? Чаму абмяжоўваліся эрзац-актамі тыпу дэкрэтаў, указаў? Я лічу, што прававая дзяржава — гэта дзяржава, дзе дзейнічаюць аптымальныя законы, якія выказваюць волю людзей, забяспечваюць прагрэс развіцця, якія вывераныя і адпавядаюць міжнародным стандартам.
Я супраць імгненных часовых актаў. У нас нярэдка прымаюць дэкрэты, якія носяць часовы характар. Напрыклад, перавесці людзей на кантрактную форму працы. Або працаўладкаваць ўсё насельніцтва.
— Дык якія законы патрэбныя?
— А ці патрэбныя доўгачасовыя. Вось Канстытуцыя. Калі яна прымаецца, то давайце не будзем яе чапаць. Але ў нас тройчы праводзіліся рэферэндумы, на якіх уносіліся папраўкі пад нейкую асобу ці пад нейкую сітуацыю. Калі Канстытуцыя з'яўляецца Асноўным законам, то трэба забяспечыць стабільнае і дакладнае выкананне яе палажэнняў. З гэтага пачынаецца законнасць і прававая дзяржава.
У нас шмат гавораць, што трэба ўнесці папраўкі ў кансерватыўны Выбарчы кодэкс, але чаму іх не ўносяць? Я знаёмы з тымі ініцыятывамі, якія прапанавала дэпутат Ганна Канапацкая. Гэта элементарныя папраўкі. І іх неабходна прыняць.
Узяць яшчэ сферу працоўнага заканадаўства. Гаворым, што час адмовіцца ад кантрактнай формы працы, трэба, каб дзейнічаў Працоўны кодэкс. Але чаму ён не дзейнічае? Зноў жа калі ўзяць папраўкі ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы, то чаму яны не адпавядаюць прынцыпам гуманізму? Напрыклад, артыкул 328 КК за распаўсюд наркотыкаў, дзе прадугледжаны астранамічныя тэрміны — больш за 10 гадоў. Чаму б не раўняцца на еўрапейскія стандарты, дзе за лёгкія наркотыкі адносна мяккія пакаранні.
Я за абнаўленне заканадаўства, за прыняцце разумных новых законаў, але я за тое, каб гэтыя законы служылі грамадству. І каб распрацоўвалі іх не проста прадстаўнікі ўлады, а прадстаўнікі грамадства. Чаму, напрыклад, мяне — доктара юрыдычных навук, юрыста з шматгадовым стажам, аднаго з распрацоўшчыкаў і Канстытуцыі, і канцэпцыі судова-прававой рэформы, не запрашаюць для падрыхтоўкі прававых актаў? Чаму ў нас такое разыходжанне з практыкай?
— У дэмакратычных краінах парламент — заканадаўчы орган. Наколькі беларускі Нацыянальны сход з'яўляецца такім?
— Цяперашняе стварэнне пад назвай Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь такім не з'яўляецца па шэрагу прычын. Па-першае, сумніўная яго прадстаўнічасць, як яго выбіралі, ці выказваюць дэпутаты волю выбаршчыкаў. Па-другое, самі дэпутаты не вызначаюць, якія законы яны будуць прымаць. Практыка такая, што ёсць толькі адзінкавыя выпадкі, калі дэпутаты выступаюць з ініцыятывай прыняцця нейкіх законаў і ўдзельнічаюць у іх распрацоўцы. Ім на сподачку прыносяць законапраекты, часцей за ўсё з Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў пры прэзідэнце, часам, можа быць, з урада ці нейкіх міністэрстваў. Яшчэ, што асабліва сумна, дэпутаты не маюць ніякіх кантрольных паўнамоцтваў. Яны не могуць праверыць, як законы прымяняюцца на практыцы і ў гэтай сувязі не могуць іх карэктаваць.
Яны проста выконваюць ролю дэкарацыі. Аб гэтым можна меркаваць, напрыклад, па тым, як прымаецца бюджэт, калі дэпутаты ў адным чытанні прымаюць галоўны фінансавы закон краіны.
Паводле Заўтра тваёй краіны