Ярмошыну прызналі пацярпелай у рамках крымінальнай справы Ціханоўскага
Старшыню Цэнтравыбаркама Лідзію Ярмошыну прызналі пацярпелай у рамках крымінальнай справы блогера Сяргея Ціханоўскага, піша Радыё Свабода.
«Мяне выклікалі ў Следчы камітэт для дачы паказанняў, — паведаміла яна агенцтву БелаПАН. — Гэта было неўзабаве пасля напісання заявы, тыдні два таму. Прызналі пацярпелай».
Паводле яе слоў, у ведамстве яна казала тое самае, што раней на паседжанні Цэнтравыбаркама.
«Я казала тое ж самае, што ўжо ўсе чулі: спадар Ціханоўскі пагражаў прыйсці да мяне дадому без маёй згоды, што з'яўляецца ціскам і пагрозай маёй бяспецы», — сказала Лідзія Ярмошына.
Аўтар youtube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты.
Падчас пікету адбыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянтаў, адзін з якіх упаў. МУС заявіла аб пачатку крымінальнай справы паводле факту гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
На паседжанні ЦВК 4 чэрвеня Лідзія Ярмошына паведаміла, што папрасіла Следчы камітэт праверыць, ці няма ў выказваннях Ціханоўскага пагрозы на яе адрас.
«Ідуць пагрозы нават мне, — сказала яна. — Гэта я гавару для тых, хто лічыць тыя пікеты мірнымі. Што азначае надпіс на пікеце спадарыні Ціханоўскай са словамі „прыстукнуць“? Ну, і далей гэтая ганебная мянушка пра мяне. Прыстукнуць — гэта слова-сінонім „забіць, знішчыць“. Гэта наўпрост пагроза. Гэта мірны пікет?»
Ярмошына таксама прывяла ў якасьці прыкладу выступ Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве 27 траўня.
«„Каля дому Лідзіі Ярмошынай у Мінску будзе выдатны пікет. Заадно ўсе зойдзем у госці, гэта мы можам“. Зойдзем у госці да чалавека, які не чакае і не запрашаў? А калі зойдзем, то як — прымусова? Гэта ўжо ўварванне ў жыллё. Гэта пагроза ў сувязі з выкананнем прафесійных абавязкаў», — заявіла Ярмошына.
Артыкул 191 Крымінальнага кодэкса ў ліку іншага прадугледжвае адказнасць за перашкоду працы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, учыненую з ужываннем гвалту, пагрозы, падману, подкупу ці іншым спосабам.
Пакаранне паводле гэтага артыкула прадугледжвае грамадскія працы, або штраф, або папраўчыя працы на тэрмін да 2 гадоў, або абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
svaboda.org