Скарга Ціханоўскага аб карцэры разглядаецца ў закрытым фармаце. Ці гэта законна?

Сёння, 9 ліпеня, у 10.30 у судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд скаргі Сяргея Ціханоўскага на пастанову начальніка ўстановы «СІЗА №1» аб прымяненні мер спагнання (змяшчэнне ў карцэр). Аднак судовае паседжанне праходзіць у закрытым рэжыме.

Святлана Ціханоўская каля будынка суда Маскоўскага раёна Мінска

Святлана Ціханоўская каля будынка суда Маскоўскага раёна Мінска

Нагадаем, 13 чэрвеня праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што Ціханоўскага змясцілі ў карцэр да 19 чэрвеня, а затым працягнулі гэты тэрмін да 26 чэрвеня. 22 чэрвеня ён падаў скаргу, якая і разглядаецца 9 ліпеня. У фае залы суда сабралася каля 25 жадаючых трапіць на пасяджэнне Ціханоўскага (у тым ліку і прадстаўнікі СМІ), аднак іх не пусцілі. На судовае пасяджэнне змаглі трапіць толькі Святлана Ціханоўская, адвакаты Ціханоўскага, а таксама прадстаўнікі СІЗА №1.

2020_07_09_skarga_sud_cihanouski.jpg

Святлана Ціханоўская выйшла з залы суда праз дзве гадзіны пасля пачатку разгляду скаргі (у зале засталіся адвакат і прадстаўнік СІЗА). Яна распавяла, што Сяргея Ціханоўскага па відэасувязі не паказалі.

Ці законна тое, што скаргу Ціханоўскага разглядаюць у закрытым рэжыме? 

Юрыст ПЦ "Вясна" Алег Пашкевіч звяртае ўвагу на артыкул 17 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса РБ, дзе замацоўваецца галоснасць судовага разбору: "разгляд грамадзянскіх спраў ва ўсіх судах адкрыты". У артыкуле пералічаныя сітуацыі, пры якіх судовае пасяджэнне можа праводзіцца ў закрытым фармаце:

У мэтах абароны звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты або іншую ахоўную законам таямніцу.

Па просьбе бакоў або адной з іх пры адсутнасці пярэчанняў юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб.

Акрамя гэтага, суд можа слухаць справу ў цэлым або здзяйсняць асобныя працэсуальныя дзеянні ў закрытым судовым пасяджэнні «для прадухілення выдавання інфармацыі, якая тычыцца інтымных бакоў жыцця грамадзян або ганіць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю».

«Падставаў казаць аб тым, што ў справе могуць фігураваць дзяржаўныя сакрэты, няма, — падкрэслівае Алег Пашкевіч. — Разглядаецца скарга на вынясенне афіцыйнага спагнання, вынесенага службовай асобай у межах яе кампетэнцыі, то-бок тут нельга казаць аб нейкіх баках жыцця прыватнага асобы або яго рэпутацыі. Аб просьбах з боку Ціханоўскага аб закрытым пасяджэнні альбо яго згоды на гэта мы не ведаем.

У залу судовага пасяджэння была дапушчана Святлана Ціханоўская, якая не з'яўляецца юрыдычна зацікаўленай у зыходзе справы асобай. То-бок парушаныя нават патрабаванні, якія тычацца закрытага судовага пасяджэння.

Адпаведна, правядзенне "закрытага судовага пасяджэнне" ў дадзеным выпадку абсалютна не абгрунтавана і не мае нічога агульнага з патрабаваннямі арт.17 ГПК, дзе замацаваны гарантыі галоснасці судовага разбору і парадак правядзення закрытага судовага пасяджэння. Відавочна, што мэта гэтага ў тым, каб не дапусціць публіку і прэсу да судовага працэсу. Гэта не дазваляе ацаніць абгрунтаванасць прымянення мер спагнання да Ціханоўскага, не дае магчымасці пачуць яго пункт гледжання па дадзеным і іншых пытаннях, а таксама ўбачыць, у якім ён стане».

1 ліпеня ў Гродне над Сяргеем Ціханоўскім прайшло судовае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе, у выніку якога яму прысудзілі 15 сутак арышту. Ціханоўскі ўдзельнічаў у пасяджэнні праз відэасувязь. Убачыўшы блогера, многія адзначылі, што ён "не падобны да сябе".

Ціханоўскі абскардзіў рашэнне суда аб арышце. Разгляд гэтай скаргі пройдзе сёння, у 15.00, на выязным пасяджэнні суда Ленінскага раёна горада Гродна ў Гродзенскім абласным судзе.

spring96.org