Калі патаннее шэнген для беларусаў?

І ці магчымы бязвіз ужо бліжэйшым часам?

shengen_2.jpg

Беларусь цалкам завяршыла перамовы з Еўрапейскім саюзам па пагадненні аб рэадмісіі, заявіў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. Застаюцца невялікія фармальнасці па спрашчэнні візавага рэжыму.

Каардынатар ініцыятывы «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман нагадвае, што яшчэ ў сярэдзіне траўня і еўракамісар Ёханэс Хан, і кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей казалі, што для падпісання дамовы па спрашчэнні візавага рэжыму ўсё гатова, толькі яны шукаюць прыдатную дату для гэтага падпісання.

Так што гэта фактычна справа часу, — распавёў Яўген Прэйгерман “Заўтра тваёй краіны”.

Да падпісання пагаднення тэарэтычна могуць яшчэ ўзнікнуць нейкія складанасці, не выключае эксперт, аднак, у цэлым, усе праблемныя моманты, якія ўзнікалі раней, знятыя. Самай вялікай праблемай, асабліва на фінальнай стадыі перамоваў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, было тое, што Расія адмаўлялася і адмаўляецца прымаць асоб, якія адтуль праз Беларусь накіроўваліся ў краіны ЕС, а потым з Еўрасаюза іх вярталі назад у Беларусь.

— Гэта быў прынцыповы момант, і нашы МЗС і МУС шукалі спосабы, як вырашыць гэтае пытанне. І гэты механізм быццам бы быў знойдзены, так што праблем паўстаць не павінна, — лічыць эксперт.

У чым будзе заключацца спрашчэнне візавага рэжыму для беларусаў?

Па-першае, удакладняе Яўген Прэйгерман, гэта зніжэнне да 35 еўра першапачатковага консульскага збору.

Многія краіны робяць свае візы праз візавыя цэнтры, адпаведна, там яшчэ прадугледжаная нейкая надбаўка, але менавіта базавы консульскі збор будзе 35 еўра. Зараз гэта асабліва адчувальна, таму што да канца года чакаецца падаражэнне шэнгенскіх візаў да 80 еўра для грамадзян тых краінаў, з якімі няма такога пагаднення. Па-другое, будзе выдавацца значна большая колькасць віз на працяглы час знаходжання. Хоць і цяпер ёсць такія магчымасці, але пагадненне прадугледжвае зрабіць гэта нармальнай практыкай. Акрамя таго, будзе працэдурнае спрашчэнне афармлення віз для некаторых катэгорый грамадзян, у тым ліку і пашырэнне магчымасцей прадастаўлення бясплатных віз, — адзначае каардынатар «Мінскага дыялогу».

Некаторыя краіны постсавецкай прасторы ўжо маюць бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам. Як далёкая ад гэтага Беларусь? Па словах эксперта, сёння наша краіна нават не можа падпісаць пагадненне з ЕС аб ​​прыярытэтах партнёрства, паколькі яно блакуецца адной краінай.

Нам трэба спачатку хоць бы выйсці на візавую фасілітацыі, каб далей разглядаць гэтае пытанне. З іншага боку, Беларусь увяла бязвізавы рэжым на 30 дзён на сваёй тэрыторыі, у тым ліку і для краін ЕС. Па статыстыцы, працэнт беларусаў, якія парушаюць правілы знаходжання ў Еўрасаюзе, мізэрны ў параўнанні з грамадзянамі іншых краін. З пункту гледжання бяспекі тут вялікіх выклікаў няма, але наўрад ці бязвіз для беларусаў з'явіцца ў бліжэйшыя гады, — прагназуе Яўген Прэйгерман.

Паводле www.zautra.by