«Калі б сёння Лукашэнку выштурхнулі з трыбуны: усё, зляцеў бы німб з галавы»

Сяргей Навумчык — пра самыя моцныя ўражаньні ад 25 жніўня 1991-га, дня, калі Беларусь набыла незалежнасьць.



nezaleznasc_sv25_3.jpg

25 жніўня 1991 года на нечарговай сесіі Вярхоўны Савет надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Сваімі ўспамінамі пра гэты дзень з «Салідарнасцю» дзеліцца Сяргей Навумчык, дэпутат ВС 12-га склікання, адзін з распрацоўшчыкаў Дэкларацыі.

zhnivien91_01.jpg

Пачатак надзвычайнай сэсіі ВС 24 жніўня 1991. Са сцягам — Валянцін Голубеў, Зянон Пазняк, Вольга Галубовіч

— Самыя моцныя ўражаньні ад 25 жніўня 1991 года — якраз тыя дзьве падзеі, якія, калі казаць «высокім стылем», зламалі хаду гісторыі: выштурхоўваньне з трыбуны першага сакратара ЦК і прамова Пазьняка.

У першы дзень сэсіі камуністычная большасьць адкінула нашыя прапановы пра Незалежнасьць, забарону КПБ-КПСС, адстаўку старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея. Мы ўсё роўна працягвалі настойваць на сваіх патрабаваньнях.

Раніцай 25-га на трыбуну пайшоў першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў, які раней патрабаваў увядзеньня надзвычайнага становішча, увогуле ўвасабляў артадаксальнае камуністычнае цемрашальства.

malafejeu2508.jpg

Дэпутаты Апазыцыі БНФ праганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ(КПСС) Анатоля Малафеева, які падтрымаў маскоўскі путч (ГКЧП). Зьлева на пярэднім пляне Галіна Сямдзянава не дае яму падыйсьці да трыбуны.

І вось тут проста нейкая сіла ўзьняла нас — дэпутатаў БНФ — зь месца, мы пабеглі да трубыны і проста выштурхнулі Малафеева. Гэта атрымалася спантанна, але мела надзвычайны вынік. У камуністаў быў шок.

Першы сакратар ЦК — гэта «сьвятая карова». Ну, каб было зразумела тым, хто ня жыў у той час — гэта калі б сёньня Лукашэнку выштурхнулі — фізычна(!) — з трыбуны: усё, зьляцеў бы німб з галавы, у вачах сваіх жа «вертыкальных» і сілавікоў ён пераўтварыўся б у «нішто». Так здарылася і ў той дзень.

Разгублены Дземянцей абвясьціў перапынак, і праз колькі хвілінаў падаў у адстаўку. Далей справа пайшла лепей, нам удалося спыніць дзейнасьць КПБ-КПСС, увогуле зьмяніць павестку дня і перайсьці да пытаньня аб Незалежнасьці.

Лукашэнка выступіў рэзка супраць.

«І тады здарылася неверагоднае...»

Увогуле, сытуацыя была няпэўная, але слова ўзяў Пазьняк. Часам у відэафільмах, калі кажуць пра гэты выступ, паказваюць кадры Пазьняка на трыбуне, але гэта нейкі іншы эпізод — насмрэч, тады Пазьняк прамаўляў не з трыбуны, а ў мікрафон.

Вось гэта была сапраўды лёсавызначальная прамова — можа быць, самая галоўная палітычная прамова за два стагодзьдзі змаганьня за незалежнасьць пад расейскай акупацыяй.

Пазьняк неяк інтуітыўна адчуў настроі залі, і згуляў на кантрасьце: усе чакалі, што ён будзе падтрымліваць Ельцына, які толькі што перамог ГКЧП і распусьціў КПСС, але Пазьняк казаў пра небясьпеку Расеі, пра тое, што «новае» кіраўніцтва застаецца такім жа імпэрскім і скарыстоўвае мэтады шантажу.

У Авальнай залі разам з журналістамі і гасьцямі было чалавек пяцьсот — але стаяла абсалютная цішыня.

І тады здарылася неверагоднае: адзін за другім ўздымаліся кіраўнікі вобласьцяў, цяпер ужо былыя сакратары і прапаноўвалі падтрымаць Пазьняка і прагаласаваць за Незалежнасьць.

Выступіў з такой прапановай і Кебіч. У 20 гадзін з хвілінамі ўвечары адбылося галасаваньне, і — мы перамаглі!

«Мы выйшлі на плошчу — там былі тысячы людзей»

Якія былі пачуцьці? Было адчуваньне цуда. Розумам я ўсьведамляў, што гэта гістарычна заканамерна, але ня верылася, што гэта — ня сон. Пасьля мы выйшлі на плошчу — там былі тысячы людзей.

zhnivien91_02.jpg

24 жніўня 1991 года. Мітынг БНФ па падзеях ГКЧП на плошчы Незалежнасьці. Фота Уладзіміра Кармілкіна

Ці адзначалі ў той дзень перамогу? Садоўскі кажа, што яны з Кебічам выпілі гарэлкі. Я ня памятаю, каб неяк адзначаў. Мне вельмі хацелася б сказаць, што з усьведамленьнем гістарычнасьці падзеі мы з Пазьняком і калегамі ўрачыста адзначылі перамогу — але, думаю, што прыехаўшы дадому, я банальна зваліўся спаць, бо перад гэтым былі некалькі бяссоных сутак — мы рыхтавалі дакумэнты да сэсіі, увогуле было вялізнае псыхалягічнае напружаньне. Так што напэўна, проста адсыпаўся.

Канешне, дзень 25 жніўня для мяне застаецца найвялікшым сьвятам, і гэта нагода яшчэ раз прыгадаць тых паплечнікаў па Апазыцыі БНФ, якіх ужо няма з намі — Ігара Гермянчука, Ігара Пырха, Галіну Сямдзянаву. Днямі сышоў Барыс Гюнтэр. Яны зрабілі рэальным тое, што адбылося 25 жніўня.

І я перакананы, што ў вольнай і дэмакратычнай Беларусі гэты дзень будзе адзначацца як дзяржаўнае сьвята.

www.gazetaby.com